Автор: Аляксей БЕЛЫ

16:27, 2 мая 2016

Культура

remove_red_eye 149

Змяншаецца колькасць птушак на палях і балотах у Баранавіцкім рэгіёне

Ужо другі год запар над палеткамі ў нашым раёне, зрэшты, як і ў суседніх, амаль не чуваць спеваў жаўрукоў, над нешматлікімі балотамі не кігікаюць кнігаўкі, нават шпакоў у садах стала менш. Значна паменшылася на вадаёмах і колькасць качак-крыжанак, амаль не стала чыркоў.

Сваімі назіраннямі наконт гэтага падзяліўся Мікалай Галавін, біёлаг-паляўніцтвазнаўца, былы дырэктар паляўнічай гаспадаркі, які стала жыве ў сельскай мясцовасці і кожны дзень ідзе да аўтобуса, каб ехаць на працу, праз лес і поле.

– Прычын гэтаму шмат, – тлумачыць Мікалай Галавін. – Асушэнне балотаў у шасцідзясятыя гады прывяло да таго, што парушылася экалагічная раўнавага ў прыродзе. А апошнім часам гэта праблема павялічылася яшчэ і па прычыне засушлівых вёснаў і спякоты ў летнія месяцы.

Па словах нашага суразмоўцы, вырасла і колькасць драпежных жывёл – янотавідных сабак, норак, што знішчаюць птушак, разбураюць гнёзды. Шкоду прыродзе наносяць і ўгнаенні і хімікаты, якія выкарыстоўваюцца для апрацоўкі калгасных палёў.

РЕКЛАМА

– У Беларусі не праводзіцца маніторынг па вызначэнні папуляцыі птушак, – гаворыць кіраўнік грамадскай аргаізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі. – На гэта проста няма сродкаў. Наша арганізацыя спрабуе арганізоўваць і праводзіць народны маніторынг, але сур’ёзная праца ў гэтым накірунку не вядзецца. Магчыма, больш яснай карціна будзе ў канцы 2017 года, калі плануецца выдаць атлас птушак Еўропы і на яго падрыхтоўку, а адпаведна і вывучэнне «птушкавага свету» будуць выдаткаваныя  грошы.

У сувязі з сітуацыяй, якая склалася, Аляксандр Вінчэўскі не бярэцца сцвярджаць, што птушак у Беларусі паменшала.

– Такіх дадзеных няма, – гаворыць ён. – Вось у Заходняй Еўропе на самой справе сітуацыя крытычная. Там птушкам складана гнездавацца, няма чаго есці. У нас выклікае трывогу іншае: выжываюць і далятаюць з выраю дадому, у Беларусь, лепшыя, самыя моцныя птушкі. А тут іх ужо чакаюць са стрэльбамі…

– На працягу дваццаці гадоў майго дырэктарства ў паляўнічай гаспадарцы мы штогод пералічвалі паляўніча-прамысловыя віды птушак – кракваў, чыркоў, шылахвостак, цецерукоў, курапатак, глушцоў, – кажа Мікалай Галавін. – Робяць гэта і цяпер. І я па старой звычцы не-не ды і звяртаю ўвагу на папуляцыю таго ці іншага віду. А не чуваць птушак – значыць, няма і вясны. А так хочацца, ідучы праз поле, бачыць жаваранкаў, што спяваюць песні, а над балотамі паслухаць пошум крылаў.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up