Автор: Вольга ШУМАНСКАЯ

10:29, 14 апреля 2016

Культура

remove_red_eye 219

У Баранавічах адкрыецца выстава, прысвечаная беларускаму нацыянальнаму герою Тадэвушу Рэйтану

У Баранавіцкай выставачнай зале 15 красавіка адкрыецца экспазіцыя «Род Рэйтанаў». Яе асноўная частка прысвечана Тадэвушу Рэйтану – беларусу, імя якога можа стаяць у адным шэрагу з Тадэвушам Касцюшкам і Адамам Міцкевічам.

Аснову выставы складуць графіка і жывапіс. У іх будзе адлюстравана жыццё  Тадэвуша Рэйтана, а таксама паказаны сойм, пасля якога ён стаў нацыянальным героем.

– Гэта выстава будзе цікава ў першую чаргу моладзі, бо яна падае гісторыю сучаснымі сродкамі. Графічны шэраг, які можна ўбачыць на ёй, выкананы ў манеры комікса. Нясмешнага, але ўсе ж такі комікса, – расказвае Intex-press Зміцер Юркевіч, заснавальнік арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, а таксама адзін з арганізатараў выставы.

Па яго словах, экспазіцыя будзе мець дзве ўдарныя часткі. Першая – гэта графічны шэраг «Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі».

РЕКЛАМА

– Ён складаецца прыкладна з 30–35 буйнапамерных прац, якія нагадваюць маляваныя дываны. Яны расказваюць пра жыццё Тадэвуша Рэйтана з нараджэння да смерці, – распавядае Зміцер Юркевіч.

Фэст у Грушаўцы, 23 жніўня 2014 года

Фэст у Грушаўцы, 23 жніўня 2014 года

Другая ўдарная частка расказвае пра падзеі трагічнага сойма 1773 года. Таксама на выставе можна ўбачыць графіку і жывапіс, створаныя падчас летнікаў і пленэраў, якія зладзіла арт-суполка ў родавай сядзібе нацыянальнага героя ў Грушаўцы. Акрамя гэтага, у экспазіцыю ўвайшлі літаратурныя творы, якія былі напісаны пляменнікамі Тадэвуша Рэйтана, і кнігі, прысвечаныя яму і яго гераічнаму ўчынку.

– Зараз адбываецца шырокафарматнае вяртанне вялікага беларуса, выбітнай постаці беларускай гісторыі XVIII стагоддзя. Бо да нядаўняга часу ён лічыўся польскі героем. У Польшчы амаль у кожным горадзе ёсць вуліцы і школы яго імя. А ў Беларусі, адкуль ён паходзіць, пра Рэйтана амаль ніхто не ведае, – кажа Зміцер Юркевіч.

Ен падкрэслівае, што ўся дзейнасць арт-суполкі прысвечана вяртанню гэтай постаці ў кантэкст беларускай гісторыі: «Не проста, як сухой згадкі ў падручніку за восьмы клас, а як паўнавартаснага нацыянальнага героя».

Маёнтак роду Рэйтанаў, вёска Грушаўка, Ляхавіцкі раён. Фота: Людміла ПРАКОПАВА, архіў Intex-press

Маёнтак роду Рэйтанаў, вёска Грушаўка, Ляхавіцкі раён. Фота: Людміла ПРАКОПАВА, архіў Intex-press

Сярод мэтаў выставы – прыцягненне ўвагі грамадскасці і дзяржаўных структураў да ўшанавання імя Тадэвуша Рэйтана, а таксама прыцягненне ўвагі да родавай сядзібы ў Грушаўцы.

– На думку грамадскасці і некаторых грамадскіх структураў, сядзіба павінна стаць дзяржаўным мемарыяльным музеем, накшталт сядзібы Адама Міцкевіча, Напалеона Орды і іншых выбітных землякоў, – кажа Зміцер Юркевіч.

Выстава «Род Рэйтанаў» адкрыецца ў выставачнай зале Баранавіцкага краязнаўчага музея 15 красавіка, у 17.00.

Тадэвуш Рэйтан. Мастак У. Барвіцкі, XIX ст.

Тадэвуш Рэйтан. Мастак У. Барвіцкі, XIX ст.

Тадэвуш Рэйтан (1741–1780) – дэпутат Наваградскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага на Надзвычайным сойме Рэчы Паспалітай 1773–75 гг., увайшоў у гісторыю дзякуючы сваёй спробе сарваць сойм, які павінен быў узаконіць Першы падзел Рэчы Паспалітай.

РЕКЛАМА

Падчас Надзвычайнага сойма 1773 года ён стаў на чале невялікай па колькасці групы паслоў з беларускіх зямель Вялікага Княства Літоўскага, якія, апелюючы да законаў дзяржавы, чатыры дні спрабавалі пераканаць паслоў не падпісваць Акт падзелу. Калі ўсе законныя сродкі скончыліся, Тадэвуш Рэйтан не выпускаў дэпутатаў з залы – лёг перед выхадам са словамі: «Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!». Тым не менш Акт падзелу быў падпісаны.

Пяць фактаў пра Тадэвуша Рэйтана

  1. У Баранавічах у пачатку ХХ стагоддзя была вуліца і гімназія імя Тадэвуша Рэйтана.

  1. Як сцвярджаюць некаторыя крыніцы, магіла Рэйтана да гэтага часу не знойдзена.

  1. Канфедэрацкі суд пагражаў Тадэвушу Рэйтану крымінальным пакараннем і канфіскацыяй маёнтка, адначасова яго спрабавалі купіць за грошы, але Рэйтан не адмовіўся ад сваіх прынцыпаў і поглядаў.

  1. Дасканала невядома, як памёр Тадэвуш Рэйтан. Ёсць тры версіі: у выніку няшчаснага выпадку, скончыў жыццё самагубствам або быў забіты.

  1. Тадэвушу Рэйтану прысвечана шмат мастацкіх твораў: аповесці Г. Жавускага, карціна Я. Матэйкі «Рэйтан», нарыс Ю. Нямцэвіча «Жыццё Тадэвуша Рэйтана» і іншыя. Тадэвуша Рэйтана ўславіў і Адам Міцкевіч у сваёй паэме «Пан Тадэвуш».

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up