Автор: Алесь Гізун

9:29, 23 марта 2016

Культура

remove_red_eye 159

Савецкія амфітэатры ў мікрараёнах горада Баранавічы

Хто памятае, што калісьці амаль у кожным мікрараёне Баранавіч існаваў невялічкі амфітэатр з мураванай сцэнай і шэрагамі драўляных лаваў наўкола? Большасць з іх даўно зруйнаваныя, але некаторыя стаяць закінутыя дагэтуль, утрымліваючы дзіўнаватую і прыцягальную атмасферу калісьці жывога, а цяпер апусцелага месца.

Афіцыйна гэтыя месцы культурна-масавых мерапрыемстваў савецкай эпохі называліся агітацыйнымі пляцоўкамі або скарочана, як усё тады любілі абразаць да абрэвіятур – агітпляцоўкамі.

Іх будавалі ў 70–80-я гады ва ўсіх новых мікрараёнах горада проста ў дварах сярод шматпавярховікаў. Калі ў цэнтры за культасветработу, як тады таксама любілі казаць, адказваў Дом культуры, то на перыферыі – агітпляцоўкі. Новаспечаным гараджанам (а новыя мікрараёны засялялі пераважна ўчарашнія вяскоўцы) трэба было забяспечыць адпачынак і заняць вольны час, які з’явіўся ў іх пасля пераезду ў горад. Гэту місію і выконвалі агітпляцоўкі.

У святы тут ладзіліся канцэрты мясцовых калектываў, а вечарамі, як сцямнее, паказвалі кіно. Жыццё на агітпляцоўках запальвалася ўвесну з надыходам цяпла, зазвычай на Першамай, і пакрысе згасала з надыходам восені.

РЕКЛАМА

Праграма мерапрыемстваў на гэтых сцэнах анансавалася ў мясцовай прэсе ў нататках «О предстоящих празднествах» і ў «Афише выходного дня». Праўда, анонсы былі сухія і не падрабязныя. Вось прыклад падобнага анонсу з баранавіцкай газеты за 7 мая 1983 года, якая тады «в ногу со временем» называлася «Знамя коммунизма»: «18.00 – тематический вечер «Пусть помнит мир спасенный», концерт художественной самодеятельности; 21.30 – демонстрация фильмов». Вось і ўсё!

Напярэдадні Дня Перамогі на агітпляцоўках маглі арганізаваць выступ ветэранаў, напярэдадні 1 верасня – вечар-сустрэчу з настаўнікамі горада, а звычайнымі летнімі вечарамі – вечар-расповед «Передовой опыт – молодежи» або лекцыю «За здоровый образ жизни». Агітацыйную частку звычайна працягвала культурная – канцэрт. Часам у газеце пазначалі, што канцэрт ладзіцца, напрыклад, калектывамі завода бытавой хіміі або камбіната ЖБК. А часам абыходзіліся і без гэтых падрабязнасцяў.

Якія фільмы дэманстраваліся на агітпляцоўках – таксама загадка. Пра магчымы рэпертуар тых відэасеансаў можна меркаваць хіба паводле рэцэнзій і анонсаў на фільмы, якія рэкламаваліся ў тагачаснай прэсе і паказваліся ў гарадскіх кінатэатрах. У 80-я гэта маглі быць, напрыклад, папулярнае амерыканскае фэнтэзі «Кінг-Конг» або індыйскі кінахіт «Танцуй, танцуй».

Пра шырокую і якасную рэкламу тады сапраўды можна было не рупіцца. Багатага выбару ў людзей не было, таму аўдыторыя на агітпляцоўках заўжды была забяспечана. І, вядома ж, усё было бясплатна!

Асабліва на вечаровыя кінапрагляды прыходзіла шмат моладзі. Сёння ў гэта цяжка паверыць, але калісьці на кіно прыходзілі сапраўды дзеля кіно, без піва і чыпсаў. Піва тады не пілі так масава і публічна, як цяпер. А чыпсаў і папкорну ўвогуле яшчэ не існавала. А хто хацеў марожанае – прыносіў з сабою. Вядома ж, на месцы ніякіх экспрэс-бараў не было і ніякага фастфуду не прадавалі. На дварэ былі 70–80-я. Тады капіталізм яшчэ не прыйшоў…

Новы час прыйшоў у 90-я, а разам з ім з’явіліся і новыя густы, і больш шырокія магчымасці адпачынку. У 90-я агітпляцоўкі апусцелі і засталіся непатрэбнымі. Большасць з іх зруйнавалі і забудавалі новымі шматпавярховікамі і дзіцячымі пляцоўкамі.

Паўночная агітпляцоўка

Канцэртная пляцоўка ў Паўночным мікрараёне. Фота: Аляксандр КОРАБ.

Канцэртная пляцоўка ў Паўночным мікрараёне. Фота: Аляксандр КОРАБ.


Гэта агітпляцоўка, якую сёння можна знайсці ў панадворку за рэстаранам «Домашний круг» – адна з тых, што калісьці будаваліся ў розных мікрараёнах Баранавіч па тыповым праекце. Адкрытая квадратная сцэна, да якой прымыкае кампактны трохсценны будынак з памяшканнем усярэдзіне, што відавочна служыла гардэробам і грымёркай для артыстаў. Адна з яго сцен і была кінаэкранам. Наўкола сцэны – чатыры шэрагі насцеленых драўляных лаваў, размешчаных па прынцыпе прыступак. За апошнім шэрагам крыху на ўзвышэнні ёсць невялікая квадратная пляцоўка, дзе калісьці ўсталёўваўся кінапраектар.

Дарэчы, падобны прынцып пабудовы рудыментарна нагадвае прынцып узвядзення амфітэатраў з часоў Старажытнай Грэцыі. Цікава, што пры пабудове агітпляцоўкі ў Паўночным мікрараёне выкарыстаны прыродны схіл колішняга Свяцілаўскага балота. Можа, дзякуючы гэтаму яна надзвычай натуральна ўпісваецца ў мясцовы ландшафт. І таму яе варта было б не проста захаваць, а паспрабаваць вярнуць у актыўны ўжытак, напрыклад, у фармаце якога-небудзь сучаснага фестывалю. Пакуль жа яна
служыць месцам збору для мясцовых тынэйджараў.

Агітпляцоўка ў Тэкстыльным

Агітпляцоўка ў Тэкстыльным мікрараёне.  Фота: Аляксандр КОРАБ.

РЕКЛАМА

Агітпляцоўка ў Тэкстыльным мікрараёне. Фота: Аляксандр КОРАБ.

Яшчэ адна тыповая агітпляцоўка савецкай эпохі захавалася да нашых дзён у панадворку за крамаю «Еўраопт», што на вуліцы Кірава. Праўда, яна не ў такім добрым стане, як яе двайнік у Паўночным мікрараёне. Колішнія лавы для гледачоў тут цалкам пазрываныя. Экран былой сцэны актыўна выкарыстоўваюць сучасныя графіцісты. А насыпаныя схілы гэтага савецкага амфітэатра ўзімку ўпадабалі дзеці з лыжамі ды санкамі, такім чынам інспіруючы ў старое папулярнае месца новае жыццё.

Паўднёвая агітпляцоўка

У рэальнасці гэтай агітпляцоўкі ў Паўднёвым мікрараёне ўжо няма, як і большасці астатніх. На яе месцы на вуліцы Камуністычнай, недалёка ад скрыжавання з вуліцай Куйбышава, сёння стаяць новыя шматпавярховікі. Аднак у Краязнаўчым музеі захаваўся архіўны фотаздымак з выяваю менавіта гэтай пляцоўкі. Фота датавана 8 жніўня 1981 года. На ім злоўлены момант канцэрта: дзве вакалісткі ў сцэнічных строях выступаюць пад акампанемент музыкі, што грае ці на баяне, ці на акардэоне. Па здымку відаць, што на імпрэзу сабралася больш за дзве сотні чалавек. І гэта пры тым, што ў кадр, відавочна, трапілі не ўсе!

Агітпляцоўка ў маладым парку

Танцпляцоўка ў маладым парку.  Фота: Аляксандр КОРАБ.

Танцпляцоўка ў маладым парку. Фота: Аляксандр КОРАБ.


Агітпляцоўка або танцпляцоўка, як яе яшчэ называлі, у парку 30-годдзя УЛКСМ, побач з атракцыёнамі – не зусім тыповая. Яна мае накрытую сцэну і займае большую плошчу. Яе тэрыторыя агароджана мурам, яна мае вароты, якія замыкаюцца на замок. Ды і пабудаваная яна не на ўзор амфітэатра са сцэнай унізе і прыступкава ўзвышанымі шэрагамі з сядзеннямі, а размешчана на адной гарызанталі. Верагодна, жыццё тут віравала крыху даўжэй, чым на астатніх культпляцоўках горада, але сёння і гэта месца ў заняпадзе.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up