Автор: Алесь Гізун

15:19, 2 марта 2016

Культура

remove_red_eye 171

Цёзкі горада: Баранавічы Гарадзенскія

Самы заходні цёзка нашага горада знаходзіцца недалёка ад польскай мяжы. Невялікая вёска Баранавічы калісьці была прыгарадам Гародні, пасля вырасла ў пасёлак, а нядаўна пераўтварылася ў аднайменны мікрараён вялікага абласнога горада.

Дарога і транспарт

Баранавічы – самы заходні мікрараён Гародні. Адсюль аднолькава блізка што да гарадскіх вакзалаў, што да мяжы з Польшчай і Еўрасаюзам – каля 10 км.

З цэнтрам горада мікрараён звязваюць два аўтобусныя маршруты: №4 і №35. Праўда, ездзяць гэтыя гарадскія аўтобусы так рэдка, асабліва ўдзень, што самі месцічы раяць лепш дабірацца туды на таксі. Аднак гарадзенскія таксісты дагэтуль пагаджаюцца завезці ў Баранавічы толькі па загарадных тарыфах: у пачатак мікрараёна – мінімум за 100 тысяч, далей – болей. На ўсе лагічныя пярэчанні кіроўцы адпавядаюць: “Так, Баранавічы – гэта ўжо горад, але гэта за горадам”. Такая вось таксісцкая логіка…

РЕКЛАМА

Транспартная сувязь мікрараёна Баранавічы з цэнтрам беднаватая

Транспартная сувязь мікрараёна Баранавічы з цэнтрам беднаватая

Гісторыя

Суседства з вялікім горадам прадвызначыла лёс гэтай невялікай (на паўсотні двароў) вёскі Баранавічы, якая яшчэ зусім нядаўна існавала як самастойны населены пункт. Ужо ў познесавецкія гады наўзбоч Баранавіч пачаў расці аднайменны пасёлак, які ўсё больш скарачаў адлегласць паміж вёскай і горадам. З часам гэты пасёлак, падзелены сёння ажно на 12 кварталаў, у некалькі разоў перарос вёску, якая дала яму назву. А канчаткова самастойнае жыццё Баранавіч спынілася ў 2008 годзе, калі і старую вёску, і навейшы пасёлак разам далучылі да горада.

Забудова новай вуліцы Рабінавай

Забудова новай вуліцы Рабінавай

Вуліца Рабінавая

Вуліца Рабінавая

Фактычна гісторыя гэтых малых Баранавіч пад Гародняю нагадвае гісторыю вёскі Узногі каля нашых вялікіх Баранавіч. Гэта тыповая ілюстрацыя паглынання мегаполісам сваіх вёсак-спадарожнікаў. Па-мастацку яна выдатна ўвасобленая ў легендарным беларускім фільме “Белыя Росы”. Дарэчы, гэты фільм здымаўся акурат у Гародні, а прататыпам Белых Росаў была рэальная вёска Дзевятоўка на паўночнай ускраіне горада. Сёння гэты мікрараён Гародні таксама захоўвае старую назву Дзевятоўка. Цалкам верагодна, калі б той знакаміты фільм здымаўся ў нашы дні, прататыпам Белых Росаў магла б быць вёска Баранавічы.

Маляўнічыя куткі прыватных сядзібаў мікрараёна Баранавічы

Маляўнічыя куткі прыватных сядзібаў мікрараёна Баранавічы

Дастапомнасці

Вялікіх дастапомнасцяў у гэтых малых Баранавічах няма. Самі баранаўцы раяць прыезджым наведаць касцёл у суседніх Адамавічах з вельмі рэдкім абразом у стылі мадэрн або суседнія Тарусічы, дзе часткова захаваўся былы шляхецкі маёнтак.

РЕКЛАМА

Адзіны помнік у Баранавічах стаіць пры шашы на Гародню. Гэта невялікая стэла, пастаўленая ў 1905 годзе як напамін пра рэлігійную талерантнасць.

Помнік рэлігійнай талерантнасці

Помнік рэлігійнай талерантнасці

З даўнейшай гісторыі баранаўцы ўзгадваюць хіба што вялікі паморак «трыста гадоў таму», калі памерла багата людзей у ваколіцах. Ды ў падмацаванне таго распавядаюць, як колькі гадоў таму мясцовы селянін раскапаў свой склеп, каб нешта там перабудаваць ці пашырыць, ды знайшоў шмат акуратна складзеных чалавечых шкілетаў…

Галоўнай мясцовай дастапомнасцю бясспрэчна можна лічыць… Гародню! Каралеўскі горад з усімі сваімі памяткамі даўніны, адзін з найпрыгажэйшых беларускіх гарадоў, часткай якога зусім нядаўна і сталі гэтыя малыя Баранавічы.

Гародня на Нёмане

Гародня на Нёмане

Стары Замак у Гародні

Стары Замак у Гародні

Сучаснасць

Выглядаюць сучасныя Баранавічы Гарадзенскія накшталт ужо згаданых нашых Узногаў. Падобныя 2-, 3-, 4-павярховыя катэджы – «гледзячы хто на які зарабіў або… накраў», – жартуюць людзі.

Сучасная забудова мікрараёна Баранавічы ў Гародні

Сучасная забудова мікрараёна Баранавічы ў Гародні

У познесавецкія і постсавецкія часы іх будавалі чыноўнікі і іншыя заможныя людзі: менавіта яны ў тыя гады актыўна засялялі пасёлак. Цяпер тут будуюцца ўсе, хто хоча і можа. Навейшыя дамы, як і амбіцыі іх гаспадароў, ужо меншыя і ніжэйшыя. Кажуць: ацяпляць шмат паверхаў фінансава цяжка.

Назвы вуліц тут таксама тыповыя для ўсялякага новага мікрараёна і традыцыйна па-беларуску маламатываваныя: Рабінавая, Вербавая, Пясочная… Хіба назва вуліцы Гарадзенскай дарэчная, бо яна скіроўвае на Гародню.

Вуліца Юбілейная - самая старая частка колішняй вёскі Баранавічы

Вуліца Юбілейная — самая старая частка колішняй вёскі Баранавічы

Самая дальняя ад горада – вуліца Юбілейная. Гэта аўтэнтычныя Баранавічы, старая вёска, за агародамі якой ужо пачынаюцца паплавы. Як і ў нашых Узногах, некаторыя гаспадары і гэтыя старыя хаты спрабуюць перабудоўваць на новы лад, падаўжаючы ім жыццё.

У старыя Баранавічы прыйшла перабудова

У старыя Баранавічы прыйшла перабудова

Старасвецкая забудова вуліцы Юбілейнай

Старасвецкая забудова вуліцы Юбілейнай

Пры тутэйшых сядзібах сустракаецца шмат дабраякасных гаспадарчых будынкаў з колатага каменю, што значна радзей убачыш у нашых краях. Рудыменты заможнага заходняга жыцця… А вось старыя вясковыя прысады, чаго таксама не засталося ва Узногах, хаця тут яшчэ і засталіся, але таксама актыўна выпілоўваюць у ахвяру новабудоўляў.

Стан вуліцы Юбілейнай з уключэннем у склад горада дагэтуль не змяніўся

Стан вуліцы Юбілейнай з уключэннем у склад горада дагэтуль не змяніўся

Увогуле, сёння ўсё жыццё гэтых малых Баранавіч разгортваецца пад сцягам татальнай перабудовы, пра што на кожным кроку нагадвае навязлівая рэклама. Магчыма, праз дзясятак гадоў гэта месца будзе цяжка пазнаць…

Будаўнічая рэклама ў мікрараёне Баранавічы

Будаўнічая рэклама ў мікрараёне Баранавічы

Сучаснікі

Жыхары былога пасёлка ўжо даўно пачуваюцца гараджанамі, таму змену статусу раённага жыхара на гарадскога большасць перажыла як фармальнасць.

А вось старыя вяскоўцы не надта ўсцешаныя тым, што апынуліся пад горадам.

РЕКЛАМА

– Як стала Гародня – фігня стала! – крытыкуе новы лад 83-гадовая Ляўкадыя Разумовіч. – У горадзе – асфальт, а ў нас які тут горад!? Газ, ваду правялі, але каналізацыю рабі за свае грошы. За ваду – плаці, а ў вёсцы вада дармовая была. Раней была свая крама, лазня, клуб, ФАП, а цяпер па ўсё ў горад трэба…

Хвалю крытыкі Ляўкадыі Разумовіч падтрымліваюць яе суседкі – 68-гадовая Рэгіна Ракоўская і 78-гадовая Цэцылія Паплаўская.

– У мяне было 85 сотак, а калі горад стаўся, усім пакінулі па 15. Астатняе на ўчасткі парэзалі і прадаюць – як хочаш, выкупляй у самой сябе. А ў мяне ж там сама добры сад застаўся, – выказвае крыўду Рэгіна Ракоўская.

Адключэнне вады - тое, што нас аб'ядноўвае

Адключэнне вады — тое, што нас аб’ядноўвае

Суседкі жывуць дружна ды згодна. За ўсё жыццё, як запэўніваюць, міжсобку ані разу не пасварыліся. І гэтак жа дружна ды згодна адмаўляюцца фатаграфавацца. Навучаныя жыццём, баяцца пацярпець за крытыку. Дагэтуль памятаюць: калісьці свае сваіх больш у Сібір павыпраўлялі, чым немцы ў вайну пастралялі.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up