Новости / Культура

Як у 1919 годзе ў Баранавічах ратавалі Еўропу ад заразных хваробаў

23.02.2016, 17:08 

Першы лагер для бежанцаў быў створаны ў Баранавічах яшчэ ў 1919 годзе – малавядомыя факты пра наш горад падчас польска-савецкага канфлікту.

У 1919 годзе Баранавічы некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. У выніку наступу польскага войска 15 сакавіка 1919 года бальшавікі (якія перанялі ўладу ад немцаў у лістападзе 1918 г.) спешна пакінулі горад. 18 сакавіка польскі атрад кавалерыі пад кіраўніцтвам маёра Уладзіслава Дамброўскага заняў Баранавічы. Але ўжо 23 сакавіка 1919 года польскае войска пакідае горад, а 25 сакавіка ў яго вяртаюцца бальшавікі. Не праходзіць і месяца, як раніцай 19 красавіка ў выніку новага наступу польскі атрад палкоўніка Аляксандра Барушчака зноў здабывае наш горад. Палякі працягваюць наступ і спыняюцца на рацэ Беразіне пад Барысавам.

У выніку прымірэння тысячы былых нямецкіх, аўстрыйскіх, венгерскіх палонных жаўнераў і ўцекачоў ад бальшавізму накіраваліся ў Еўропу.

Зала ў адным з шпітальных баракаў

Зала ў адным з шпітальных баракаў

“Хваля ўцекачоў і палонных Першай сусветнай вайны, якія вярталіся з Расіі, прыносіла з сабою заразныя хваробы, якія пагражалі ўсяму краю. Тых бедакоў, штот ўцякалі ад Грамадзянскай вайны, трэба было накарміць, пераапрануць у чыстую вопратку, прадэзінфікаваць іх лахманы, вярнуць ім нармальны чалавечы выгляд і падтрымаць маральна. Амаль усе яны прайшлі праз сапраўднае пекла нягодаў, якой з’яўляецца бальшавіцкая сістэма”, – пісаў у кастрычніку “Tygodnik iliustrowany” № 42-44.

Былы парадны пляц. Воданапорная вежа, за ёю барак для дэзінфекцыі ад вошай. Налева і направа шпітальныя баракі.

Былы парадны пляц. Воданапорная вежа, за ёю барак для дэзінфекцыі ад вошай. Налева і направа шпітальныя баракі.

 

У часопісе прыводзяцця цікавыя здымкі з ваеннага гарадка ў Баранавічах, у бараках якога (тады налічвалася каля 100 будынкаў) і размясціўся карантынны шпіталь для палонных, уцекачоў і работнікаў.

У часопісе адзначалася, што праца ў шпіталі была вельмі цяжкаю. Нягледзячы на дапамогу польскіх уладаў, у Баранавічах існаваў дэфіцыт лекаў, адзення, асабліва цёплай вопраткі.

Барак № 61. Аддзяленне ўнутраных хваробаў і хірургічнае аддзяленне. З левага боку галоўны доктар Кавальскі, справа ад яго тры сястры міласэрнасці і служба шпіталя.

Барак № 61. Аддзяленне ўнутраных хваробаў і хірургічнае аддзяленне. З левага боку галоўны доктар Кавальскі, справа ад яго тры сястры міласэрнасці і служба шпіталя.

Камісарам карантыннага этапа быў пан Язерскі, які займаўся стасункамі паміж шпіталем і мясцовымі ўладамі. Кіраваў шпіталем доктар Т. Кавальскі разам з лекарамі: доктаркамі Аляшкевіч, Сабковай і доктарам Фелерам.

У артыкуле падаюцца і цікавыя звесткі пра раней невядомы помнік у нашым горадзе. Як выяўляецца, у Вайсковым гарадку на пляцы (цяпер там знаходзіцца дзіцячы садок) быў усталяваны Крыж у гонар абвяшчэння незалежнасці Польшчы. Крыж быў усталяваны на ўзвышшы, абкладзеным камянямі. Пад крыжам ляжала пліта з надпісам: “На гэтым месцы Легіёнам Польскім 5.11.1916 г. абвесцілі аб незалежнасці Польшчы”.

Крыж на вайсковым пляцы сярод дрэваў у гонар абвяшчэння Польшчы

Крыж на вайсковым пляцы сярод дрэваў у гонар абвяшчэння Польшчы

Нагадаем, 5 лістапада 1916 года ў Баранавічах вайскоўцы, якія служылі ў Польскіх легіёнах аўстра-венгерскай арміі, былі пашыхтаваныя на пляцы. Ім абвесцілі, што імператары Аўстра-Вегрыі і Германіі створаць на былых землях Расійскай імперыі незалежную Польшчу, якая будзе шчыльна звязана з Нямеччынай. Хаця гэты акт з боку немцаў быў толькі спробай спыніць незадаволенасць і незалежныя памкненні польскіх салдат, яго пазней назвалі Актам абвяшчэння Польшчы, якая больш за 100 год была падзеленая паміж імперыямі.

Чытанне акта 5 лістапада падпалкоўнікам Лявонам Бярбецкім. Баранавічы, вайсковы гарадок.

Чытанне акта 5 лістапада падпалкоўнікам Лявонам Бярбецкім. Баранавічы, вайсковы гарадок.

 

Каранцінны шпіталь і крыж праіснавалі нядоўга.  Пасля пачатку польска-савецкай вайны, 19 ліпеня 1920 года, Баранавічы былі занятыя бальшавікамі. Чырвоная армія імкліва наступала да самай Варшавы, дзе была нечакана разгромлена.

Пасля паразы пад Варшаваю і хуткага адыходу Чырвонай Арміі, 30 верасня 1920 года, Баранавічы зноў захапілі польскія аддзелы. Горад заставаўся ў складзе Польшчы да 1939 года.  Але яму ў 1921-22 гг. давялося перажыць стотысячныя хвалі бежанцаў, якія вярталіся з выгнання дадому. Дзе іх размяшчаць на час каратыну, у горадзе ўжо ведалі.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @IntexPress_Bot.