Автор: Руслан Равяка

10:30, 18 февраля 2016

Общество

remove_red_eye 197

Ці лёгка быць беларускамоўным у Баранавічах?

Пра стан беларускай мовы ў рэдакцыі Intex-press размаўлялі старшыня Баранавіцкай арганізацыі ГА «ТБМ» Мікалай Падгайскі, актывіст Віктар Мязяк, маці дзяўчынкі, якая вучыцца ў беларускамоўным класе, Таццяна Малашчанка, і мастак Алесь Фалей.

Папулярнасць мовы ў грамадстве расце, ва ўладзе – падае

У апошнія 5–7 гадоў назіраецца зацікаўленасць беларускай мовай. У інтэрнэце, на тэлебачанні з’яўляецца больш беларускамоўнай рэкламы, у краіне адкрываюцца моўныя курсы, якія наведвае моладзь.

На думку Мезяка, змены адносінаў да мовы найперш звязаны з падзеямі ва Украіне. Па-другое, цяпер на ніжэйшыя кіруючыя пасады (майстар, начальнік аддзела) прыходзіць пакаленне 30-гадовых, якія вучыліся ў беларускамоўных класах:

РЕКЛАМА

– У «Белтэлекаме» я папрасіў скласці дамову па-беларуску. Начальства кажа, што ніхто мовы не ведае, а дзяўчына ўздымае руку: «Я ведаю! Да мяне ідзіце».

Віктар Мязяк заўсёды просіць, каб дакументы яму афармлялі па-беларуску

Віктар Мязяк заўсёды просіць, каб дакументы яму афармлялі па-беларуску

Калі карыстанне мовай сярод простых людзей пашыраецца, дык на афіцыйным узроўні яе робіцца менш, лічыць Мікалай Падгайскі. Змяншаецца колькасць беларускіх класаў, беларускамоўны дакументазварот.

– У падатковай інспекцыі да ТБМ вельмі добра паставіліся, але ў інспекцыі электронная база толькі руская, таму давялося перакладаць усе дакументы на рускую мову. І так у іншых арганізацыях, – кажа старшыня Баранавіцкай арганізацыі ГА «ТБМ».

Віктар Мязяк таксама згодны, што сярод чыноўнікаў адносіны да мовы пагоршыліся. Як прыклад – некалькі год таму на выканкаме вісела двухмоўная шыльда. Цяпер засталася толькі па-руску: «Барановичский горисполком». Па словах Мезяка, на ўездзе ў горад вісяць рускамоўныя шыльды «Барановичи», хаця ў іншых гарадах краіны назвы населеных пунктаў на дарожных знаках – беларускамоўныя.

– Мова на шыльдах змянілася літаральна год назад, – кажа Віктар. – Як так адбылося? Віселі заўсёды беларускамоўная шыльды, а тут раптам хтосьці «забыўся» і павесіў рускамоўныя?

 

– Я проста прыходжу і прашу…

На думку Таццяны Малашчанкі, сёння ніхто не замінае быць беларускамоўным.

– Калі едзеш у аўтобусе і размаўляеш з дзецьмі – беларуская мова добра ўспрымаецца людзьмі, бо ўсе бачаць, што ты не на публіку гаворыш, а з дзіцем. Але калі размаўляеш з сябрам на вуліцы, тады ўсе думаюць, што ты настаўнік ці апазіцыянер.

Па словах Мезяка, ён даволі лёгка атрымаў беларускамоўныя дакументы.

– Я проста зайшоў і папрасіў. У некаторых выпадках давялося толькі з начальствам сустрэцца. Гэтак атрымаў пасведчанне кіроўцы па-беларуску і картку фонду сацабароны.

А вось пасведчанне прадпрымальніка у Мезяка на дзвюх мовах. Выявілася, што рускамоўныя бланкі друкуюць у Дзяржзнаку, і ў краіне акрамя Віктара ніхто з прадпрымальнікаў не звяртаўся па беларускі бланк. Таму давялося пагадзіцца, каб дакумент запоўнілі па-беларуску.

На думку Віктара, беларусы вельмі непаваротлівыя і без загаду баяцца варушыцца самі.

– У горадзе шмат хто з чыноўнікаў падтрымлівае мову. Але гэта падначаленыя людзі і чакаюць загаду зверху. Паступіў загад – усе дзеці сталі вучыцца па-беларуску, паступіў іншы загад – пачалі настаўнікі выкладаць па-руску. Загадаюць – вернецца мова ў школу.

Ці роўныя правы ў беларуска- і рускамоўных?

Здаецца, Канстытуцыя замацавала роўнасць правоў дзвюх моваў, але калі сям’я Малашчанкаў пачала дабівацца адкрыцця беларускамоўнага класа, дык увесь час атрымлівала адмоўныя адказы. Таму ў рэальнасці ніякай роўнасці няма, кажа Таццяна.

– Я не думаю, што стварыць беларускі клас мясцовым уладам было цяжка адразу, – кажа яна. – Куды б мы не стукаліся, паўсюль чакалі загаду зверху. Нават калі ў Міністэрстве адукацыі ўсё было вырашана, тут месяц нічога не рабілася. У нас да апошняга думаюць, а раптам прыйдзе новы загад, што нічога не трэба змяняць.

РЕКЛАМА

Алесь Фалей згадваў, што ў пачатку 90-х беларусы нармальна паставіліся да мовы ў школах. У класе яго сына тады толькі двое бацькоў настойвалі на навучанні дзяцей па-руску. Пасля рэферэндума 1995 года ўсё змянілася. Сын Фалея працягваў вучыцца ў беларускамоўным класе, а бацькам штогод даводзілася пісаць заяву, каб дзіця працягвала вучыцца па-беларуску. Навучэнцам рускамоўных класаў нічога пісаць не трэба было.

Роўнасці ніякай няма, кажа і Мязяк, бо ў краіне не існуе ніводнага цалкам беларускамоўнага канала тэлебачання.

– А яны ўтрымліваюцца за падаткі як рускамоўных, так і беларускамоўных беларусаў, – кажа Віктар. – Толькі FM-станцыя «Радыё Сталіца» – цалкам па-беларуску транслюецца.

Мікалай Падгайскі і Таццяна Малашчанка

Мікалай Падгайскі і Таццяна Малашчанка

Наша мова для дзяцей становіцца замежнай


– Калі дарослыя разумеюць мову, дык з дзецьмі, якім менш за 10 год, паўстаюць праблемы, – кажа Віктар. – Малыя проста не чуюць беларускай мовы ні ад людзей, ні з тэлевізара, а іх бабулі ўжо рускамоўныя.

Гэта праблема, на думку Таццяны Малашчанкі, пачынаецца з садка і школы. Там увесь час скарачаюць гадзіны мовы. Калі б дзеці прыносілі беларускія словы дадому з сада, дык і бацькі ды дзяды пачалі б размаўляць з імі.

– Беларуская мова для дзяцей робіцца замежнай! – кажа Таццяна. – Ангельскай лепш вучаць! У беларускіх школах Польшчы і Латвіі больш гадзінаў адведзена пад нашу мову, чым тут, на Беларусі. Плакаць трэба!

Бацькі ж баяцца аддаваць дзяцей у беларускамоўныя класы, бо няма вышэйшай адукацыі на мове і няма ўпэўненасці, што гэты клас доўга пратрымаецца.

Па словах Мезяка, трагедыя многіх яго беларускамоўных сяброў у тым, што дарослыя дзеці не размаўляюць з бацькамі на мове. Таццяна Малашчанка дадае, што шмат тут залежыць ад маці:

– Калі ў сям’і маці гаворыць па-беларуску, дык і дзеці на 100% будуць па-беларуску гаварыць. Калі ж толькі тата беларускамоўны – дык дзеці звычайна на мове не размаўляюць.

– Нам застаецца толькі карыстацца моваю і патрабаваць ад чыноўнікаў шырэйшага яе ўжытку, – кажа Віктар Мязяк. – Бо калі не мы, дык хто? Беларуская мова – гэта Божы дар. Кожны проста павінен стаць на гэты шлях і несці гэты дар людзям. Трэба проста размаўляць па-беларуску.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up