Новости / Культура

Цёзкі горада: Баранавічы Карэліцкія

11.02.2016, 11:52 

Баранавічы – не адзіныя ў свеце. У нашага горада ёсць ажно пяць цёзкаў у Беларусі. Найбліжэйшая да нас – вёска Баранавічы ў Карэліцкім раёне. Знаёмцеся…

Ваколіцы

Ад горада Баранавічы да аднайменнай вёскі – каля 60 км. Трапіць сюды найпрасцей з шашы, што вядзе на Наваградак: мінуўшы Валеўку, збочваем направа па ўказальніку на вёску Машэвічы. Ад шашы да вёскі Баранавічы трэба пераадолець каля 5 км вельмі гразкай, але і не менш маляўнічай жвіровай дарогі з шыкоўнымі краявідамі Наваградскага ўзвышша. Дарэчы, менавіта ў Карэліцкім раёне гэтыя краявіды адны з самых уражвальных, бо дэманструюць дужа рэзкія перапады вышыняў.

Краявіды Наваградскага ўзвышша. Фота: Алесь ГІЗУН

Краявіды Наваградскага ўзвышша. Фота: Алесь ГІЗУН

 

Дарэчы, за паўтара кіламетры ад гэтых малых Баранавіч, на правым схіле ракі Нёўды, знаходзіцца ўнікальны помнік прыроды Беларусі, вядомы як Цімошкавіцкае агаленне зямлі. Тут навукоўцы вывучаюць самыя раннія стадыі з’яўлення і формы расліннасці нашай зямлі ў далёкі міжледніковы перыяд.

 

Адзіны аўтобусны прыпынак у Баранавічах. Фота: Алесь ГІЗУН

Адзіны аўтобусны прыпынак у Баранавічах. Фота: Алесь ГІЗУН

 

Гісторыя і сучаснасць

Хаця пра вёску Баранавічы ў параўнанні з горадам зусім не чуваць, за горад яна нашмат старэйшая. Дарэчы, у даўнейшыя часы вёска мела назву Баранаўка, якую мясцовыя жыхары тлумачаць тым, што калісьці на гэтых узгорках раслі суцэльныя бары.

Вёска Баранавічы – не малая і не вялікая: сёння тут каля 300 жыхароў. Апошнімі гадамі яе нават спрабавалі перарабіць пад аграгарадок, аднак справа згарнулася і далей за будаўніцтва «прэзідэнцкіх» дамкоў на перыферыйнай вуліцы Моладзевай не пайшла. Пакуль вёска Баранавічы застаецца прыпісанай да суседняга аграгарадка і цэнтра сельсавета – Малюшычы. Паміж імі – каля 7 км.

 

Вуліца Моладзевая з прэзідэнцкімі домікамі. Фота: Алесь ГІЗУН

Вуліца Моладзевая з прэзідэнцкімі домікамі. Фота: Алесь ГІЗУН

 

Людзі-героі

Менавіта з гэтых суседніх Малюшыч паходзіць вядомы беларускі паэт і фалькларыст XIX ст., найлепшы сябрук Адама Міцкевіча Ян Чачот. Цень славы знакамітага паэта, па адчуваннях баранаўскіх жыхароў, закранае па суседстве і іх вёску.

Але ганарацца баранаўцы і сваімі сучаснікамі…

Аляксандра Панасенка – мясцовая паэтка, якая не так даўно выдала кнігу вершаў і прозы “Откровение”.

Карціны Мікалая Панасенкі ў школьным музеі. Фота: Алесь ГІЗУН

Карціны Мікалая Панасенкі ў школьным музеі. Фота: Алесь ГІЗУН

Яе сужэнец, ужо нябожчык, Мікалай Панасенка быў любімым мясцовым дырэктарам школы і мастаком. Некаторыя яго карціны, у тым ліку і з выяваю вёскі Баранавічы пад крыламі белых буслоў, можна паглядзець у школьным музеі.

У гэтых маленькіх Баранавічах жыла і хадзіла ў суседнюю школу Ала Петрушкевіч – будучая паэтка, філолаг, дацэнт Гарадзенскага ўніверсітэта.

 

Баранавіцкія аўто – Пагоня побач. Фота: Алесь ГІЗУН

Баранавіцкія аўто – Пагоня побач. Фота: Алесь ГІЗУН

 

Баранавіцкія выгоды

Інфраструктуру малых Баранавіч сёння складаюць школа, бібліятэка, Дом народнай творчасці, дзе ёсць гурток па саломапляценні, пошта, ФАП і лазня.

Дом творчасці і бібліятэка. Фота: Алесь ГІЗУН

Дом творчасці і бібліятэка. Фота: Алесь ГІЗУН

Дарэчы, школа з’явілася тут толькі ў 1991 годзе. Дагэтуль баранаўскія дзеці хадзілі па навуку ў суседнюю вёску за некалькі кіламетраў. Адзін тутэйшы малады бацька не захацеў такой долі для сваіх дзяцей і, паколькі працаваў кіроўцам на далёкіх адлегласцях, пачаў пакрысе вазіць цэглу на будаўніцтва мясцовай школы з усяго Саюза, нават з Калінінграда.

Грамадская лазня – яшчэ адна статусная ўстанова ў Баранавічах, якой можа пахваліцца не кожная вёска. Узімку яна працуе толькі па суботах. Квіток сюды каштуе 10 тысяч. А ўлетку лазня працуе штодня, прычым у буднія дні для работнікаў тутэйшага СВК «Малюшычы» гэта выгода бясплатная.

Лазня. Рэжым работы. Фота: Алесь ГІЗУН

Лазня. Рэжым работы. Фота: Алесь ГІЗУН

 

 

Праца

СВК «Малюшычы» – асноўнае месца працы жыхароў Баранавіч. Зарабляюць вяскоўцы па 3–4 млн і збольшага на жыццё не скардзяцца.

– У вялікіх Баранавічах мне падабаецца бываць, але жыць там я не хачу. Не люблю гарады. Тут у нас усяго хапае. Заробкі плацяць рэгулярна. Свае агароды трымаем. Гаспадарка дапамагае людзям тэхнікай: бульбу і пасадзяць, і абробяць, і выкапаюць – абы людзі хацелі. Вось каб хаця вайны не было! – распавядае кладаўшчык і дыспетчар мясцовага мехдвара Таіса Савонь, родная сястра якой, дарэчы, жыве побач з горадам Баранавічы, у Русіно.

Жыхарка малых Баранавіч Таіса Савонь. Фота: Алесь ГІЗУН

Жыхарка малых Баранавіч Таіса Савонь. Фота: Алесь ГІЗУН

 

Па словах кабеты, штогод да Дня сельскага работніка мясцовая гаспадарка нават сваім пенсіянерам выдае бясплатна па 5 кг цукру і па 10 кг мукі, а працоўныя атрымліваюць ажно па 25 кг аднаго і другога.

Можа, таму на апошніх прэзідэнцкіх выбарах жанчына здолела назбіраць за Лукашэнку 150 подпісаў баранаўцаў – гэта амаль усё дарослае насельніцтва вёскі!

 

Бабуля з унукам ідуць у краму спускаць бабуліну пенсію. Фота: Алесь ГІЗУН

Бабуля з унукам ідуць у краму спускаць бабуліну пенсію. Фота: Алесь ГІЗУН

 

Шопінг

У малых Баранавічах – дзве прадуктовыя крамы, дзяржаўная і камерцыйная, дзе ёсць некалькі паліцаў з прамысловымі таварамі. У савецкія гады ў Баранавічах была вялікая прамысловая крама, руіны якой і сёння стаяць у цэнтры вёскі, паміж школай ды бібліятэкай. Але новае жыццё ў гэты будынак так і не вярнулася.

Прадуктовая крама злева і руіны былой прамтаварнай крамы справа. Фота: Алесь ГІЗУН

Прадуктовая крама злева і руіны былой прамтаварнай крамы справа. Фота: Алесь ГІЗУН

Асартымент прадуктаў у крамах не багаты, але дастатковы. Напрыклад, атрымалася налічыць тут шэсць пазіцый імпартовай садавіны. І ўсё ж за сур’ёзнымі закупамі жыхары малых Баранавіч ездзяць у суседнія гарады, «дзе ёсць Еўраопт» – Карэлічы, Наваградак і асабліва ў горад Баранавічы.

 

Рэклама, якая звязвае Баранавічы са светам. Фота: Алесь ГІЗУН

Рэклама, якая звязвае Баранавічы са светам. Фота: Алесь ГІЗУН

 

Забавы і навука

Вось з адпачынкам у малых Баранавічах глухавата. У сельскі дом творчасці заязджаюць толькі зоркі мясцовага маштабу – з суседніх Карэліч або Наваградка. На дыскатэкі моладзь пераважна ездзіць у райцэнтр. Неяк былі спробы ладзіць дыскатэкі тут, але моладзь з навакольных вёсак ды хутароў пачала часта «таўчыся» і дыскатэчны рух пачаў згортвацца.

Мемарыял, прысвечаны загінуўшым у вайну, – адзіны помнік у Баранавічах, насупраць школы. Фота: Алесь ГІЗУН

Мемарыял, прысвечаны загінуўшым у вайну, – адзіны помнік у Баранавічах, насупраць школы. Фота: Алесь ГІЗУН

А вось па вышэйшую адукацыю жыхары малых Баранавіч найчасцей выбіраюцца ў вялікія Баранавічы, у БарДУ, які сярод вяскоўцаў лічыцца вельмі прэстыжным месцам. Наш універсітэт ды, можа, яшчэ возера Свіцязь як найулюбёнае месца летняга адпачынку – тыя нешматлікія масты, якія яднаюць лёсы жыхароў абодвух Баранавіч.

Афіша на дзвярах бібліятэкі. Фота: Алесь ГІЗУН

Афіша на дзвярах бібліятэкі. Фота: Алесь ГІЗУН

Бібліятэкар Людміла Лось, выказваючы любоў да сваіх малых Баранавіч, усё ж глядзіць на вялікія Баранавічы як на мару, што, магчыма, калісьці здзейсніцца хаця б для яе дзяцей:

– Цяжка патлумачыць, чаму я так люблю горад Баранавічы. Ён такі вялікі, прамысловы… Мне заўсёды прыемна прыязджаць і гуляць па ім: каля вакзала, у цэнтры, каля Лядовага палаца… Мой сын таксама любіць прыязджаць да вас катацца на каньках. Я вельмі хацела б, каб хаця б адзін з маіх дзяцей застаўся жыць у вялікіх Баранавічах.

Канец Баранавіч. Фота: Алесь ГІЗУН

Канец Баранавіч. Фота: Алесь ГІЗУН

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @IntexPress_Bot.