Баранавіцкаму краязнаўцу Міхасю Бернату – 70 год
29 студзеня юбілей адзначае чалавек, які аднавіў адзіны ў Баранавіцкім раёне млын, стварыў музей і ўсталяваў шмат памятных шыльдаў.
Міхасю Бернату шмат чаго давялося паспрабаваць у сваім жыцці: ён працаваў на калгасных палетках, кіраваў саўгаснымі камсамольцамі, выкладаў палітэканомію і эстэтыку ў ВНУ. А яшчэ ў часы перабудовы і пасля яе ён адраджаў нашу гістарычную памяць – усталёўваў у Баранавіцкім раёне шыльды і памятныя знакі.
Баранавіцкі адраджэнец
Найбольш плённы перыяд у Міхася Берната прыйшоўся на канец 80-х і 90-я гады. Міхась Бернат быў адным з галоўных збіральнікаў матэрыялаў для напісання кнігі «Памяць. Баранавіцкі раён».
Дзякуючы яго намаганням у в. Лясная ўсталяваны памятны знак драматургу Уладзіславу Галубку, у Мілавідах – мемарыяльная дошка ў гонар Аляксандра Лянкевіча, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 года, у Новай Мышы – бюст у гонар паэта Яна Чачота, у Гарадзішчы – мемарыяльная дошка ў гонар Андрэя Рымшы.
Тады ж ён пачынае ажыццяўляць сваю мару – ствараць музей земляробства ў вёсцы Русіно, дзе яшчэ захаваўся будынак школы – адзіны ў краіне ўзор дойлідства Заходняй Беларусі 1930-х гадоў.
Улады амаль ніяк не дапамагалі ў гэтай справе. Бернат абіваў парогі розных устаноў, сам збіраў экспанаты і дакументы для музея. Музей названы Раённым цэнтрам рамёстваў, але ў яго экспазіцыях ёсць матэрыялы, якія датычацца гісторыі і культуры, промыслаў і сучаснай народнай творчасці жыхароў нашага рэгіёна.
Найбольшы гонар музея – сапраўдны вятрак. Дарэчы, першы млын быў спалены невядомымі напрыканцы 1990-х. Цяперашні вятрак быў сабраны з частак млыноў з вёсак Залюбічы і Гарбачы (Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў).
Грошы, якія назбіраў за жыццё, Міхась Бернат укладаў у пабудову музея. Працуючы там дырэктарам, Міхась Язэпавіч сам праводзіў экскурсіі, распавядаў наведвальнікам пра гісторыю і лёс нашай шматпакутнай краіны. За ўдзел ва ўсталяванні помніка ў гонар перамогі пад Палонкай у 1660 годзе яго пазбавілі магчымасці працягваць працу ў музеі.
Жыццёвы шлях пачаўся ў калгасе
Нарадзіўся Міхась Бернат 29 студзеня 1946 года ў вёсцы Капані Баранавіцкага раёна. У 14 год, пасля сямігодкі, перайшоўшы ў вячэрнюю школу, працаваў у калгасе.
– Я верыў у камунізм, у светлую будучыню, – расказвае ён. – У сямнаццаць год стаў сакратаром камітэта камсамола саўгаса «Чырвоны Сцяг».
У 19 год яго прынялі ў КПСС. Але праз два гады хлопец зразумеў, што з трыбунаў гаворыцца шмат хлусні, фарысейства. Вырашыў выйсці з КПСС і з цяжкасцямі гэтага дамогся.
У 1971 годзе Бернат паступае ў БДУ на аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта, якое скончыў з чырвоным дыпломам. Працаваў у Брэсцкім педінстытуце, дзе выкладаў палітэканомію. У 1980-м яго выклікалі ў абкам КПБ, дзе папярэдзілі: «Вы антысаветчык, у нас да вас ёсць прэтэнзіі, звальняйцеся і выязджайце ў іншую вобласць». Так Міхась Бернат аказаўся без працы.
– Праходзячы каля будынка КДБ ў Брэсце, я зайшоў туды, каб спытаць – чаму мяне лічаць антысаветчыкам, – кажа Міхась Бернат. – У будынку на дзвярах кабінетаў не было ніякіх шыльдаў. Мяне заўважылі, завялі ў падвал, дзе я і прабыў хвілін сорак.
Кадэбісты параілі Міхасю ехаць у «свае Баранавічы» і звярнуцца там у гаркам партыі. У выніку Міхась працаўладкаваўся ў турыстычным бюро экскурсаводам. Потым працаваў у краязнаўчым музеі, Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце, Бабруйскім аўтадарожным тэхнікуме. У пачатку 90-х зноў апынуўся ў Баранавічах. Працаваў у БНТУ загадчыкам кафедры, напісаў больш за 40 гістарычных матэрыялаў і даследаванняў. Цяпер Бернат рыхтуе да друку сваю кнігу «Погляд з сярэдзіны» пра культурнае жыццё нашага рэгіёна.
Яшчэ ёсць час
Міхась Бернат і цяпер пры справе. Часта заходзіць у музей да калег, шмат піша, чытае (яго ўласная бібліятэка налічвае каля шасці тысяч кніжак). Займаецца навуковай працай. Ён – ганаровы старшыня Баранавіцкай рады Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Яго імя – у даведніку «Хто ёсць хто ў Беларусі». Міхасю Язэпавічу ёсць чым ганарыцца ў гэтым жыцці. А наперадзе ў яго яшчэ шмат спраў.