Кожны горад расце і робіцца вялікім за кошт мноства маленькіх вёсак, якія ён бязлітасна паглынае падчас свайго станаўлення. Але многія з тых вуліц яшчэ доўга захоўваюць і ранейшую крывізну, і насычанасць зелянінай. Пашукаем гэтыя зялёныя і ціхія выспы ў Баранавічах…
Паглынанне горадам навакольных вёсак – з’ява заканамерная, хаця і сумная. Бо з кожнай зніклай вёскай знікае не толькі яе цікавае імя, але і цэлы ўнікальны мікрасвет са сваім каларытным жыццём і яго непаўторнай міфалогіяй. Сум ды настальгія па гэтым знікненні выдатна адлюстраваны ў культавым беларускім фільме «Белыя росы», дзе паказаны апошнія дні жыцця аднайменнай вёскі ў прыгарадзе Гародні.
Баранавічы – не Гародня і не Мінск, які, кажуць гісторыкі, паспеў праглынуць ужо каля сотні вёсак. Але і наш горад, нягледзячы на свае адносна маладыя гады, ужо паспеў увабраць у сябе больш за дзясятак вёсак.
Адны з іх – як Баранавічы, Жлобін, Свяцілавічы, даўно цалкам распусціліся ў горадзе. Іншыя – як Анісімавічы, Бараўцы, Узногі, сталі горадам зусім нядаўна. А некаторыя – Дубава, Гірава, Антанова, Каўпеніца, Янова – пакуль увайшлі ў межы горада толькі часткова. Але яны ўжо чакаюць свайго моманту Х.
Экс-Свяцілавічы
Вёска Свяцілавічы на паўночнай ускраіне Баранавіч сышла ў гісторыю ў сярэдзіне 50-х гг., калі сюды падступіў горад з грандыёзнай новабудоўляй – ЦЭЦ. Але колішняя вёска дагэтуль захоўваецца ў сваіх гістарычных абрысах, якія адно крыху сцерліся па краях навейшай забудоваю.
Праз Свяцілавічы калісьці вяла шаша з Баранавіч на Наваградак, таму адна з асноўных вясковых вуліц называлася Наваградскай – сёння гэта Пралятарская. А бадай, галоўнай праменаднай вуліцай былых Свяцілавіч сёння, як і раней, можна назваць вуліцу Лугавую (на фота зверху), што цягнецца паралельна і шашы, і Свяцілаўскаму возеру.
На сённяшняй Лугавой стаяць як старыя вясковыя хаты, так і сучасныя катэджы. Некаторыя новыя дамы відавочна перабудаваныя са старых вясковых хат. З таго, што амаль не крануў час – хлеўчукі, драўляныя, счарнелыя, некаторыя, можа, яшчэ з XIX ст. А таксама – скляпы, чырвонацагляныя, з аркавымі ўваходамі, яшчэ старасвецкай муроўкі.
Лугавую з колішняй Наваградскай звязвае дужа стромая вуліца Таполевая, якая спадае да роўню Свяцілаўскага возера. Падобнага ўхілу больш не мае, можа, ніводная іншая баранавіцкая вуліца, хіба з тых, што на супрацьлеглым беразе. Ад Пралятарскай па Таполевай на ровары можна дакаціцца да самага возера, зусім не круцячы педаляў…
|
|
Вуліца Таполевая вяла на нямецкія могілкі на супрацьлеглым беразе. Немцы абсадзілі могілкі алычой, якую прадпрымальныя вяскоўцы актыўна перасаджвалі і на ўласныя сядзібы. На скрыжаванні Таполевай і Скрабіна акурат можна ўбачыць самавітае дрэва алычы. І цалкам верагодна, што тае самае…
Дарэчы, вуліцы Скрабіна ў цяперашнім выглядзе раней не было. Па згадках мясцовых старых, калісьці тут была аселіца і за агародамі ўжо пачыналася Свяцілаўскае балота, якое вяскоўцы называлі «смужарняй». Увесну тут разлівалася вада, а ўлетку людзі капалі торф. Цяпер на тым поплаве стаіць ліцэй са стадыёнам. Вечарамі, а таксама ў выхадныя дні мясцовыя жыхары тут і цяпер часцяком пасвяць пасвяць коз і курэй, а часам выганяюць нават каня.
На развітанне з былымі Свяцілавічамі можна з Таполевай за дзіцячым садком завярнуць у завулак Лугавы. Ён выведзе проста да ўзбярэжжа возера пад самы аўтобусны прыпынак «Завод станкапрыладаў». Няма ўжо ні вёскі Свяцілавічы, ні Свяцілаўскага балота. Але засталося Свяцілаўскае возера. Ды гандлёвы цэнтр «Свяцілаўскі» – бадай, адзіны помнік з мемарыяльнай назвай у памяць пра былую вёску на гэтым месцы.
Экс-Янова
Калі зірнуць на мапу Баранавіч, на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада, напрыканцы вуліцы Фестывальнай, кідаецца ў вочы зялёны лапік могілак, цалкам заціснуты і ўзяты ў кола гарадской мытняй і гаражамі. Завітаўшы сюды, сустракаеш векавы хваёвы лес са старымі надмагіллямі ды крыжамі. Сапраўдная зялёная выспа сярод індустрыйнага мора, на якой, па словах арнітолагаў, сёння жывуць нават совы.
Гэты гарадскі мікрараён называецца Янова. А вуліца Фестывальная можа прывесці вас яшчэ і ў аднайменную вёску, невялічкая частка якой пакуль застаецца аўтаномным населеным пунктам. Большая ж частка Янова – даўно ў складзе горада. А дзіўны лапік лесу з магілкамі сярод гаражоў – не што іншае, як колішнія вясковыя могілкі.
Утравелая алея перад заездам на мытню вядзе ўправа, да мемарыялу, верагодна, створанага ў 90-я гады, бо аформлены ён па-беларуску (на фота ўнізе). На гранітнай пліце – гравіроўка з праваслаўным і каталіцкім крыжамі, а таксама з абразом Маці Божай з сынам.
На Яноўскіх могілках сустракаюцца надмагіллі з надпісамі па-расейску, па-польску, па-беларуску – сведчанне таго, што тутэйшая зямля заўжды аднолькава лагодна прымала ўсіх.
Кідаецца ў вочы і зусім новы чорнагранітны помнік на старой магілцы, аформлены па-беларуску і з крыжам Еўфрасінні Полацкай: Краўчэня Адам Сяргеевіч, дзіця нарадзілася і памерла ў 1953 г.
Апошнія пахаванні тут датуюцца 60-мі гадамі мінулага стагоддзя. Відаць, у тыя гады сюды і прыйшоў горад. Цяпер многія надмагіллі і агароджы тут страчаны, а магілы пазнаюцца толькі па ўзвышэннях. Хаця, як заўважна, могілкі перыядычна выкашваюцца і прыбіраюцца, праз іх пратаптаны сцежкі да гаражоў, а ўскраіны пераўтвораны ў сметнік. Як сёння спачываецца душам памерлых у гэтым змушаным прытулку між гаражамі, мытняй і дарогай…
Экс-Узногі
Вёска Узногі на паўднёвай ускраіне горада ўлівалася ў яго межы па частках і цалкам злілася толькі ў 2012 годзе. Таму літаральна да апошняга часу тут можна было назіраць даволі цікавую з’яву: на адной і той жа вуліцы на адным баку жылі вяскоўцы і вуліца называлася Цэнтральнай, а на іншым баку жылі ўжо гараджане, і іх вуліца называлася Узногаўскай.
Старая ж частка Узногаў, што прымыкае да тэрыторыі авіязавода, пад горадам ужо даўно. Багатая і складаная сетка завулкаў і завуголляў яе галоўнай вуліцы Вішнёвай – можа, адна з найпрывабнейшых у Баранавічах.
Большыя завулкі, III-і ды IV-ы, сёння ўжо багата забудаваныя сучаснымі віламі, якія часам перамяжоўваюцца са старой вясковай забудовай. А вось на драбнейшых завулках, I-ым, II-ім, VI-ым, яшчэ можна ўбачыць архаічныя прысадзістыя хаты стогадовай даўніны, што лёгка пазнаюцца па мініяцюрных, «энергаашчадных» вокнах. Сёння тыя цёмныя хацінкі зазвычай пераробленыя пад свірны ды гаражы, а побач пабудаваныя новыя, вялікія і светлыя, хаты.
|
|
Дарэчы, ва ўзногаўскіх завулках людзі дагэтуль трымаюць авечак, што ў нашы дні нячаста ўгледзіш нават у вёсках! Напэўна ж жыве і традыцыя догляду і апрацоўкі воўны.
Здаецца, карціна з зусім іншага часу ажывае перад нашымі вачыма…