Страйк баранавіцкіх чыгуначнікаў у снежні 1905 года
Рэвалюцыйныя хваляванні 110 год назад закранулі і наш горад. На працягу некалькіх дзён праз станцыю не хадзілі цягнікі, прайшоў бунт салдат і адбылася перастрэлка.
У 1905 годзе Баранавічы, як і ўсю Расейскую Імперыю ў той час, захапілі страйкі і мітынгі. У сакавіку страйкавалі шаўцы, у чэрвені і ліпені – рамеснікі, у кастрычніку – чыгуначнікі.
У пачатку 1905 года ўзмацнілася хваляванне сярод салдат чыгуначнай брыгады. Таму, калі 9 снежня палітычная стачка ў Маскве перарасла ў паўстанне, баранавіцкія чыгуначнікі сапсавалі апаратуру паштова-тэлеграфнай канторы, перарваўшы сувязь з Мінскам і ўрадам.
На наступны дзень у Баранавічы прыехаў з Наваградка спраўнік Сакалоў. Ён канстатаваў, што дзве чыгуначныя станцыі ахоплены забастоўкаю. У той дзень на вуліцы насупраць Палескага вакзала быў арыштаваны маскоўскі агітатар, дэпутат ад маскоўскага Савета дэпутатаў. Былі арыштаваны і трое салдат чыгуначнай брыгады, якія прымалі найбольш актыўны ўдзел у мітынгах. Але праз гадзіну іх вызвалілі з жандарскага аддзела 150 салдат, якія прыбеглі з брыгады на дапамогу.
Тэлеграф быў адрамантаваны 11 снежня і ўзяты пад узмоцненую ахову. У гэты дзень Сакалоў тэлеграфаваў у Мінск губернатару: “У Баранавічах становішча сур’ёзнае… Загадайце найхутчэй выслаць войскі”.
У той самы дзень на лагерным пляцы чыгуначнай брыгады (каля цяперашняй вуліцы Заслонава на яго месцы збудаваны дзіцячы садок і пяціпавярховікі) пачалі збірацца салдаты, чыгуначнікі і жыдоўская моладзь.
На пляцы распачаўся мітынг. Яго правядзенню спрабаваў перашкодзіць генерал Арцем’еў. Ён разам з афіцэрамі прыбыў на пляц і загадаў усім разысціся. Але мітынгоўцы пабілі генерала, здзерлі з яго пагоны і паламалі шашку. Афіцэры з суправаджэння Арцем’ева пачалі страляць і паранілі двух чыгуначнікаў – стрэлачніка С. Нячая і станцыйнага вартаўніка А. Ляскоўскага.
Выявілася, што ў мітынгоўцаў таксама ёсць зброя – пачалася перастрэлка.
Салдаты з мітынгу з крыкамі “Да зброі!” кінуліся ў казармы, але там іх ужо чакаў дзяжурны з 30 вернымі прысязе ўзброенымі салдатамі, які прымусіў мітынгоўцаў разысціся.
На наступны дзень, 12 снежня, у Баранавічы прыбыў атрад на чале з палкоўнікам Рэрбергам, а 13 снежня – камандзір 43-й пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнат Арлоў з верным батальёнам. Былі арыштаваныя 18 найбольш актыўных удзельнікаў страйку сярод чыгуначнікаў. Іх адразу выслалі ў Віленскую вязніцу.
16 снежня рух праз станцыю Баранавічы быў адноўлены.