Новости / Общество

У Баранавіцкім раёне каталікі і праваслаўныя пабудавалі агульную капліцу

9.11.2015, 15:34 / remove_red_eye 201 / chat_bubble

Незвычайная капліца, якая змяшчае каталіцкую скульптуру Маці Божай і праваслаўныя іконы знаходзіцца ў вёсцы Пастарынне на мясцовых могілках.

Могілкі лічацца каталіцкімі, але хаваюць тут вяскоўцаў абедзвюх канфесій. Пры ўваходзе наведвальнікаў сустракаюць жалезны крыж, імправізаваная званіца і нядаўна пабудаваная каплічка.

Званіца, капліца і крыж на могілках у в. Пастарынне.  Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

Званіца, капліца і крыж на могілках у в. Пастарынне. Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

РЕКЛАМА

 

– Ідэя пабудаваць каплічку з’явілася ў нас даўно, – расказаў Intex-press мясцовы жыхар Мар’ян Ліс. – Неяк мы з сям’ёй пабывалі на экскурсіі ў вёсцы Мосар на Віцебшчыне, дзе пазнаёміліся з мясцовым ксяндзом Ёзасам Булькам. Спадабаўся нам вельмі касцёл і тэрыторыя вакол яго – з кветкамі, ручаямі і скульптурамі. Але асабліва ўразілі мясцовыя могілкі: ні аднаго занядбанага пахавання, шмат зеляніны, зацэментаваныя сцежкі і вялікая колькасць капліц і каплічак. На капліцах былі надпісы, якая сям’я іх будавала і за што такім чынам дзякавала Богу. Я расказаў пра гэта нашым «актывісткам», з якімі разам даглядаем могілкі – Ганараце Лапкоўскай і Ганне Савельевай, і яны «загарэліся» таксама.

Мар’ян Ліс намаляваў праект, а жанчыны пачалі шукаць матэрыялы. Капліца спачатку планавалася каталіцкай – са скульптурай Маці Божай усярэдзіне. Але праваслаўныя аднавяскоўцы таксама захацелі далучыцца, калі даведаліся пра гэткую добрую справу. Давялося і праект перарабляць, і больш грошай збіраць.

Цяпер каплічка выглядае, як сапраўдны твор народнага дойлідства. У сярэдзіне стылізаванага грота знаходзіцца скульптура Панны Марыі, а з трох бакоў у нішах – іконы. І як сімвал добрага суседства – праваслаўны і каталіцкі крыжы. 

Праваслаўны абраз “Уваскрэсенне”.  Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

Праваслаўны абраз “Уваскрэсенне”. Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

– Калі распачыналі будаўніцтва, не думалі, што на гэта спатрэбіцца столькі выдаткаў, – кажа Ганарата Лапкоўская.

Дарэчы, самой спадарыне Ганараце ўжо 85 год, але яна дагэтуль апякуе могілкі: уласнаруч прыбірае да святаў закінутыя пахаванні, збірае пастарынцаў на талаку, калі трэба скасіць зелле ці пафарбаваць агароджу. 

Ганарата Лапкоўская, Ганна Савельева, Мар’ян Ліс.  Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

Ганарата Лапкоўская, Ганна Савельева, Мар’ян Ліс. Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

 

Нягледзячы на тое, што ўсе вяскоўцы прынялі ўдзел у зборы сродкаў на будаўніцтва, сродкаў на ўсё не хапіла б. Жыхарам Пастарыння дапамаглі мясцовыя мецэнаты: кіраўнік ААТ «Агракамбінат «Мір» Іван Клішэўскі – цэглай, а прадпрымальнік Вячаслаў Серада вырабіў іконы, а таксама аздобіў капліцу і пляцоўку вакол яе пліткай.

Могілкі ў вёсцы Пастарынне ў гэтым сэнсе з’яўляюцца выключэннем. Тут няма ні старых дрэваў, ні смецця, ні занядбаных пахаванняў, а ўся тэрыторыя старанна прыбраная і дагледжаная.

 Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

РЕКЛАМА

 

–  Вельмі задаволеныя, што ўсё ў нас атрымалася, як задумалі, – тлумачыць Мар’ян. – Цяпер ёсць дзе памаліцца і праваслаўным на Радаўніцу, і каталікам на Дзяды. На могілках часцей сталі з’яўляцца наведвальнікі, каб упарадкаваць пахаванні. Такая справа патрэбна болей нам, жывым. Вёска, на жаль, знікае, і могілкі – гэта адзінае, дзе некалі будзе захоўвацца памяць пра нас.

Супольная малітва на Дзяды. Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

Супольная малітва на Дзяды. Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ


Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up