Автор: Аляксей БЕЛЫ

10:11, 9 ноября 2015

Общество

remove_red_eye 261

Раптоўна памёр баранавіцкі гісторык Віктар Сырыца

Вядомаму грамадскаму актывісту, старшыні Баранавіцкай рады Таварыства беларускай мовы стала дрэнна раніцай 9 лістапада на пероне Цэнтральнага вакзала.

Самотным восеньскім ранкам не стала Віктара Сырыцы, чулага і спагадлівага чалавека, грамадскага актывіста, сапраўднага грамадзяніна сваёй Бацькаўшчыны.

Ён шмат часу праводзіў у дарозе. То спяшаўся на паседжанне Рады Таварыства беларускай мовы ў сталіцу, сябрам якой шмат год з’яўляўся, то ехаў на ўгодкі Васіля Быкава ў Бычкі, то выступаў ў якасці экскурсавода падчас вандроўкі грамадскіх актывістаў на шляху ў Гервяты ці Косава.

Вось і ў гэты дзень Віктар Сырыца прыйшоў на вакзал «Баранавічы-Цэнтральныя», каб трапіць на паседжанне актыву руху «За свабоду», сябрам якога ён з’яўляўся. На пероне яму стала дрэнна. Дактары хуткай дапамогі, якія прыбылі на месца, уратаваць Віктара Антонавіча не змаглі.

РЕКЛАМА

Віктар Сырыца нарадзіўся 5 сакавіка 1953 года ў вёсцы Слабодка Нясвіжскага раёна. Адслужыў у войску, атрымаў вышэйшую адукацыю ў сталічнай ВНУ. Краязнаўца, гісторык, ён меў шмат публікацый у перыядычных выданнях, некаторы час працаваў намеснікам дырэктара Баранавіцкага недзяржаўнага эканоміка-юрыдычнага тэхнікума. Але, бадай, найбольшы ўклад у жыццё рэгіёна, у адраджэнне Беларушчыны Віктар Антонавіч унёс як сябра Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і нязменны старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ, якую ўзначальваў 18 год.

Яго руплівасць праяўлялася ва ўсім. Дзякуючы намаганням Віктара Сырыцы і яго паплечнікаў праводзіліся гістарычныя чытанні, што тычыліся 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны, пошукавыя работы вайсковых пахаванняў тых часоў, вывучалася гісторыя жыцця заснавальнікаў нашага горада Развадоўскіх. З яго непасрэдным удзелам усталёўваліся помнікі і памятныя знакі сапраўдным героям Беларусі, якія адстойвалі гонар Радзімы пад Мілавідамі, каля Палонкі. Гэта на сядзібе ТБМ у Русіно, якая таксама з’явілася ў значнай ступені дзякуючы Віктару Антонавічу, ладзіліся святы вышыванкі, касінерскія фэсты, сустрэчы з беларускімі бардамі і літаратарамі.

Грамадская актыўнасць Віктара Сырыцы  не засталася «незаўважнай» не толькі для жыхароў рэгіёна, але і для тых, каму невядомыя словы Бацькаўшчына і Айчына. Сырыцу затрымлівалі падчас правядзення грамадскіх мерапрыемстваў, у яго, такога міралюбівага і спакойнага чалавека, падчас ператрусу раптам «знайшлі» дома баявыя патроны… 

Ён быў вялікім аптымістам і жыццялюбам і ніколі не скардзіўся на здароўе. Ён заўсёды стараўся дапамагчы іншым, імкнуўся ўратаваць чалавека ад нягод. Але не змог уратаваць сябе. Пэўна, невыпадкова Віктар Сырыца нарадзіўся ў вёсцы, якая мае назву Слабодка. І гэта памяншальная назва паселішча вылілася для яго ў барацьбу за сапраўдную Свабоду, нашу і вашу, за Будучыню Беларусі. Бывай.  

                               Паставім свечкі, адаб’ем паклоны,

                               І будзем помніць пра цябе, Антонавіч.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up