Новости / Политика

Экс-спікер Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб у Баранавічах сустрэўся з гарадскімі актывістамі

29.09.2015, 14:39  / remove_red_eye 218   / chat_bubble0

Грамадскія слуханні па праграме партнёрства “Народны рэферэндум”, якія тычацца абмежавання колькасці тэрмінаў знаходжання на пасадзе прэзідэнта Беларусі, прайшлі 26 верасня ў Баранавічах.

Адно з пытанняў “Народнага рэферэндуму” гучыць так: “Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?” Менавіта пра гэта і ішла гаворка на сустрэчы ў Баранавічах, у якой узялі ўдзел першы намеснік старшыні БСДП, былы спікер Вярхоўнага Савета Беларусі Мечыслаў Грыб, намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч і магістр паліталогіі, аналітык Алесь Лагвінец. Нагадаем, што пад старшынствам Мечыслава Грыба 15 сакавіка 1994 года была прынята Канстытуцыя Беларусі, якая замацавала ў нашай краіне пасаду прэзідэнта.

– Тых, хто незадаволены сённяшняй сітуацыяй у краіне, становіцца ўсё болей, – выказаў сваё меркаванне ў пачатку сустрэчы Юрась Губарэвіч. – Улада не спраўляецца з сваімі абавязкамі, не жадае прыслухоўвацца да грамадства, не чуе яго.

Мечыслаў Грыб у сваім выступе падкрэсліў, што ў 1994 годзе Канстытуцыя прайшла ўсе ўзгадненні, у тым ліку і на ўзроўні Венецыянскай канвенцыі, і адпавядала ўсім патрабаванням дэмакратычнай дзяржавы. Па яго словах, там адназначна было прапісана, што прэзідэнт можа абірацца не больш як на два тэрміны. Былы старшыня Вярхоўнага Савета прыгадаў, што пазней у беларускую Канстытуцыю былі ўнесеныя змены, якія знялі абмежаванні колькасці тэрмінаў на пасадзе прэзідэнта.

Мечыслаў Грыб лічыць, што цяпер ніхто з чыноўнікаў у Канстытуцыю не заглядае, а жывуць яны па дырэктывах і ўказах. Хаця ўсё заканадаўства павінна падпарадкоўвацца менавіта Канстытуцыі.

Былы старшыня Вярхоўнага Савета адзначыў, што і падлік галасоў падчас выбараў павінен праводзіцца ў Беларусі не так, як цяпер.

– Трэба не закрываць стол з бюлетэнямі ад назіральнікаў спінамі членаў камісіі, а паказваць усім кожны бюлетэнь асобна і класці ў адпаведны стос, – тлумачыць ён.

На думку аналітыка Алеся Лагвінца, цяпер палітычныя рашэнні «прымаюцца адарвана ад людзей».

– Што тычыцца парламента, то найперш гэта месца для дыскусій. А ў нас у парламенце нават фракцый няма! Створаны эфект халадзільніка, і ўсе мы жывём у замарожаным стане, – адзначыў Алесь Лагвінец.

На яго думку, грамадскім актывістам сёння трэба плённа працаваць, найперш у галіне адукацыі, пашырэння ведаў, захавання гістарычнай памяці.

Падчас мерапрыемства госці адказалі на шматлікія пытанні жыхароў горада, якіх прыйшло каля трыццаці чалавек.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
Scroll Up