У Баранавічах адбыўся пікет у падтрымку Таццяны Караткевіч
27 верасня, а 14-й гадзіне, пры ўваходзе ў парк імя 30-годдзя УЛКСМ мінакоў сустракалі пікетчыкі з расцяжкамі, бела-чырвона-белымі і сіне-жоўтымі сцягамі, а таксама з інфармацыйным плакатам пра кандыдата ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч.
На пікеце грамадскі актывіст Рыгор Грык расцягнуў плакаты з надпісамі “Еўрапейскім коштам – еўрапейскія зарплаты і пенсіі” і “Не абгалечванню народа”. Былі ўзняты беларускі гістарычны бела-чырвона-белы і ўкраінскі сцягі і выстаўлены плакат з партрэтам і праграмай кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч.
Праз некалькі хвілінаў пасля пачатку акцыі да арганізатара падышоў міліцыянт, каб праверыць дакументы на правядзенне пікета. Пераканаўшыся ў тым, што дакументы ёсць, супрацоўнік міліцыі адышоў убок.
Сам Рыгор Грык быў апрануты ў турэмную робу з ланцугамі на руках. Ён зладзіў невялікі флэшмоб, разрываючы гэтыя ланцугі. Дзіўна апрануты актывіст прыцягваў увагу мінакоў: нехта здзіўляўся, хтосьці скардзіўся, а некаторыя рабілі з ім сэлфі. Таксама Грык раздаваў беларускамоўную газету “Новы час” і ўлёткі, і прахожыя даволі ахвотна бралі іх.
Каля 16 гадзін пікетам зацікавіліся баранавіцкія футбольныя фанаты, якія праходзілі каля парку, і адразу ж былі затрыманыя міліцыяй.
Іншых удзельнікаў пікета супрацоўнікі ГАУС не чапалі. А 17-й гадзіне мерапрыемства было закончана.
Комментарии
Правила комментирования
Оставить комментарий