Новости / Культура

Пад Баранавічамі згадалі Першую сусветную вайну

22.09.2015, 15:57 

Краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя 100-м угодкам пачатку ваенных дзеянняў на тэрыторыі нашага краю падчас Першай сусветнай вайны (1914–1918 г.г.), прайшлі 19 верасня на сядзібе ТБМ у вёсцы Русіно.

Увазе прысутных была прадстаўлена экспазіцыя артэфактаў тых далёкіх ваенных  часоў – асколкі снарадаў, штыкі ад вінтоўкі Мосіна, газніцы, сякеры, гузікі, прадметы сялянскага побыту. Са змястоўнымі дакладамі перад прысутнымі выступілі навукоўцы, даследчыкі, краязнаўцы.

– У тую мікалаеўскую вайну загінуў кожны пяты беларус, – адзначыў у сваім выступленні краязнаўца, стваральнік музея рамёстваў у Русіно Міхась Бернат. – Але калі нямецкія магілы хоць разрабаваныя, але захаваліся, то на месцах пахавання салдат расейскай арміі, у складзе якой ваявалі і беларусы, часцей за ўсё пасуцца калгасныя табуны, трактары пераворваюць магілы. Хіба ж так захаваеш памяць аб загінуўшых?

Сябра апякунскага савета музея і фонду Крокі Уладзімір Багданаў расказаў пра знойдзеныя пахаванні. Фота: Аляксей БЕЛЫ

Сябра апякунскага савета музея і фонду Крокі Уладзімір Багданаў расказаў пра знойдзеныя пахаванні. Фота: Аляксей БЕЛЫ

 

Сябра апякунскага савета музея і фонду ”Крокі” Уладзімір Багданаў расказаў аб стане могілак Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, паказаў прысутным некалькі альбомаў з фатаграфіямі той пары, паведаміў, што ў Беларусі знойдзена 320 пахаванняў: у Гродзенскай вобласці – 124, Брэсцкай – 81. У прыватнасці ў Баранавіцкім раёне 16 такіх месцаў. Два гады ў гэтых мясцінах стаяў фронт, тут было сотні кіламетраў вайсковых умацаванняў. І не дзіва, што тут столькі магіл загінуўшых.

Артэфакты Першай сусветнай дасюль сустракаюцца на палях. Фота: Аляксей БЕЛЫ

Артэфакты Першай сусветнай дасюль сустракаюцца на палях. Фота: Аляксей БЕЛЫ

Краязнаўца Міхаіл Загорскі расказаў, як у яго вёсцы Загор’е будавалі з рэшткаў вайсковых умацаванняў жыллё, як разбіралі бліндажы на склепы і да 60-х гадоў падрывалі снарадамі доўгатэрміновыя агнявыя кропкі. Дзед Міхаіла ў часы Першай сусветнай быў у ахове цара Мікалая Другога і прымаў удзел у ганаровай сустрэчы імператара 15 чэрвеня 1915 года ў Баранавічы.

Выступае Міхаіл Загорскі. Фота: Аляксей БЕЛЫ

Выступае Міхаіл Загорскі. Фота: Аляксей БЕЛЫ

 

А ўсе дамы ў іх вёсцы трохі пазней разабралі, калі трэба было будаваць вузкакалейку і масты. Выступіла перад прысутнымі і знакамітая паэтка, наша зямлячка Ніна Загорская. Яна расказала пра гісторыю паходжання цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы.

Выкладчык ЕГУ Аляксандр Стральцоў-Карвацкі расказаў, што ў часы Першай сусветнай вайны на акупаванай немцамі тэрыторыі было (па розных звестках) ад 90 да 380 беларускіх школ.

Краязнаўца і літаратар са Слоніма Сяргей Чыгрын прадэманстраваў прысутным некалькі дзясяткаў фатаграфій, зробленых палкоўнікам рускай арміі Іосіфам Стаброўскім, які ў 1916 годзе прымаў удзел у баях пад Баранавічамі.

На сустрэчы прысутнічала каля 50 чалавек. Фота: Аляксей БЕЛЫ

На сустрэчы прысутнічала каля 50 чалавек. Фота: Аляксей БЕЛЫ

Пра праекты ўзнаўлення гістарычнай спадчыны на нашай зямлі гаварыў у сваім выступленні архітэктар Баляслаў Тумашчык. Былі даклады “Даследаванне воінскіх пахаванняў у вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна (краязнаўца Мікалай Салагуб), ”Генерал Яўген Іскрыцкі, беларуска-ўкраінскія карані (Раіса Аўчыннікава, старшыня секцыі тапанімікі Беларускага геаграфічнага таварыства).

Баранавіцкія краязнаўцы Віктар Сырыца, Мікалай Падгайскі распавялі пра помнікі ахвярам Першай сусветнай вайны ў нашым раёне і працу сяброў Баранавіцкай філіі ТБМ па захаванні гістарычнай памяці. Яны агучылі інфармацыю пра тое, як па-варварску абышліся з вайсковымі пахаваннямі ў Каўпеніцы, з гістарычнымі могілкамі і помнікамі ў Вялікіх Луках, Капанях, у Бартніках.

– У краіне, дзе руйнуецца гісторыя, знішчаюцца помнікі героям і ахвярам вайны, дзе на месцы вайсковых пахаванняў робяць кар’еры і касцьмі нябожчыкаў мосцяць дарогі, не будзе будучыні, – сказаў у прыватнасці ў сваім выступленні Віктар Сырыца. – Таму мы павінны зрабіць усё, каб захаваць памяць аб той далёкай вайне і загінуўшых падчас яе людзях.

Літаратура пра сусветную вайну 1914-1918 гг. Фота: Аляксей БЕЛЫ

Літаратура пра сусветную вайну 1914-1918 гг. Фота: Аляксей БЕЛЫ

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @IntexPress_Bot.