Автор: "Intex-press"

13:41, 16 сентября 2015

Общество

remove_red_eye 100

Беларускай асацыяцыі журналістаў – 20 год!

Грамадскае аб'яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 16 верасня адзначае 20-гадовы юбілей.

Калі ўлічыць, што гэтыя гады супалі з узмацненнем ціску на недзяржаўныя беларускія СМІ, то перыяд дзейнасці БАЖа можна лічыць як год за тры. Трэба аддаць належнае – галаўны офіс нашай арганізацыі шмат чаго зрабіў і робіць для журналістаў у рэгіёнах. Гэта і навучанне маладых журналістаў, і прававая абарона сяброў БАЖа і незалежных СМІ, і арганізацыя ды правядзенне прэс-тураў і святаў. Гэта і цікавыя публікацыі пра журналісцкае жыццё, і не толькі ў нашым прафесійным часопісе “Абажур”.

Вядома ж, непасрэдны ўдзел ва ўсім гэтым на працягу многіх год прымаюць Жанна Літвіна, якая прцяглы час узначальвала аб’яднанне, і цяперашні кіраўнік БАЖа Андрэй Бастунец, а таксама Аліна Суравец, Міхаіл Пастухоў і шмат іншых людзей. 

У Баранавічах філія БАЖа была створана ў 1997 годзе. Узгадваецца кастрычніцкі дзень, калі да нас прыехаў віцэ-прэзідэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гуляеў (тады і ў нашай краіне, як у цывільнай Еўропе, яшчэ былі прэзідэнты страхавых кампаній, грамадскіх арганізацый, канцэрнаў). Першымі сябрамі арганізацыі ў Баранавічах сталі пяць чалавек. Потым арганізацыя ў нашым горадзе вырасла да дваццаці чалавек, і філія нейкі час нават стаяла на ўліку ў гарвыканкаме.

РЕКЛАМА

І цяпер сябры БАЖа ў Баранавічах займаюцца не толькі прафесійнай дзейнасцю. Мы ўдзельнічаем у складзе рэдакцыі Intex-press у шматлікіх акцыях: наведваем з падарункамі састарэлых і інвалідаў у Ляснянскім доме-інтэрнаце, падтрымлівалі і падтрымліваем бацьку палітвязня Мікалая Статкевіча Віктара Паўлавіча, у няпростыя для саміх палітвязняў часы ліставалі ім у месцы пазбаўлення волі. І, вядома ж, займаемся сваёй прафесійнай дзейнасцю – стараемся даводзіць да жыхароў рэгіёна дакладную і аб’ектыўную інфармацыю.

Мы рады, што дачакаліся такой знамянальнай даты, і шчыра віншуем сяброў і калег са святам!

З юбілеем!

Пад восень у прыродзе ўсё святлей,

Ужо і грому не чуваць раскатаў.

Ну а ў БАЖа – важны юбілей,

І гэта значыць, ва ўсіх нас свята!

Нам дваццаць! Нас даволі шмат, сябры,

Хто сёння з намі – тым няма цаны!

У такіх умовах праца – год за тры,

Хоць тут нібыта і няма вайны.

Нас выпіраюць з выканкамаў вон,

І ім здаецца, робяць гэта лоўка.

Ды сімвал наш – сапраўдны, гучны звон, 

І торгаем мы кожны дзень  вяроўку!

Вучыцца едзем у Кальмар і ў Менск,

І  новыя адольваем там высі,

РЕКЛАМА

І  вельмі асаблівы, важкі сэнс

Для нас і ў шчырым слове паБАЖыся.

Мы тут працуем, на сваёй зямлі,

І вельмі ганарымся родным краем.

І ў рускамоўнай кальцы мы знайшлі

Свой непаўторны покліч “аБАЖаем!”

Здароўя ўсім, дабра і цеплыні,

І радавацца па любой прычыне.

Каб поўніліся працай нашы дні,

Такой, што надае карысць Айчыне!

Аляксей БЕЛЫ               верасень 2015 года

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up