Новости / Общество

Мікола Чарнавус з Баранавіч: жыццё пад знакам змагання

12.09.2015, 11:44 / remove_red_eye 0 / chat_bubble

Баранавіцкі прадпрымальнік Мікалай Чарнавус, які на працягу многіх год спрабуе адстойваць свае правы і правы сваіх калег, з сумам заўважае, што ў Беларусі адчуваць сябе гаспадаром свайго лёсу амаль немагчыма.

Сыходзяць у нябыт часы, калі палітычнае жыццё ў нашым горадзе бурліла, калі меркаванні грамадскіх актывістаў улічваліся і тымі, хто сядзіць у «высокіх» кабінетах. Толькі ў памяці старэйшага пакалення ды на фотаздымках засталіся эпізоды грамадскай дзейнасці гараджан, якія ў канцы васьмідзясятых мінулага стагоддзя выходзілі на шматлюдныя мітынгі, пратэставалі супраць таго, каб вылучыць кандыдатам у народныя дэпутаты СССР невядомага ім Хусаінава з Саўміна БССР, і дамагліся, каб гэтым дэпутатам стаў рабочы з баваўнянага аб’яднання Антон Віктаровіч. Цяпер усё інакш. Тых, хто рызыкуе выказваць сваю думку ўслых, усё менш. А такіх гучных і яскравых, як прадпрымальнік Мікалай Чарнавус, можа, больш у горадзе і няма. Апошні з магікан. Сыходзячая натура.

Жыць як на флоце

Дарослая біяграфія ўкраінскага хлопца, што нарадзіўся ў райцэнтры Манькаўка за 200 кіламетраў ад Кіева, пачалася пасля таго, як ён паступіў у Херсонскае мараходнае вучылішча і пачаў хадзіць у мора кокам на вялікім маразільным рыбалоўным траўлеры.

РЕКЛАМА

− Мора – гэта не толькі рамантыка, а і сапраўднае мужчынскае сяброўства, адданасць справе. Калі карабель выходзіць за здабычай, у людзей адна мэта – узяць больш рыбы, – расказвае Мікалай. – Там і капітан, і матрос разам перажываюць штормы і ўраганы, разам выходзяць на падвахту і апрацоўваюць рыбу. Гэта вельмі збліжае людзей, робіць іх больш шчырымі.

Але, аддаўшы гэтай справе пяць год, Чарнавус быў вымушаны сысці на бераг – з дзяцінства хварэў на язву страўніка, прыхоўваў ад усіх, што баліць, ды ўсё ж вымушаны быў з флоту сысці. А тут якраз з дзяўчынай пазнаёміўся, што прыехала з Баранавіч у Севастопаль па размеркаванні і працавала ў сувязі. У рэшце рэшт вырашылі з Марынай падацца на яе радзіму.

У Баранавічы… за праблемамі

Праблемы і барацьба за справядлівасць пачаліся якраз у Баранавічах, куды Чарнавусы пераехалі ў 1973 годзе. Спачатку ўладкаваўся ў рэстаран «Усход». Папрацаваўшы там, перайшоў у кафэ «Арбіта», дзе кіраваў адным з участкаў. «Аднойчы ў 1980 годзе мясцовыя начальнічкі вырашылі папіць гарэлкі ў кафэ за мой кошт – хацелі, каб я аплаціў іх выдаткі ў 200 рублёў, – расказвае Мікола. – Зрабіць гэта я адмовіўся: мой месячны заробак складаў 120 рублёў, і дарыць яго чыноўнікам я не збіраўся».

І тады Чарнавуса пачало «пасвіць» начальства: ладзілі праверкі, складалі акты, аб’яўлялі вымовы. Напрыклад, за тое, што Чарнавус нібыта ўласнаручна ставіў «жучкі» ў электралічыльнік, хаця ў яго абавязкі кантроль за такім абсталяваннем і не ўваходзіў. Чарнавус ужо ў тыя часы змагаўся за праўду, ездзіў на прыём да міністра гандлю БССР. Нейкі час пасля гэтага працавалася лягчэй.

Але кіраўніцтва не забывалася пра яго дасціпнасць. Зноў пачаліся праверкі і пайшлі спагнанні. Усё гэта настолькі стаміла Чарнавуса, што ён, працуючы ўжо загадчыкам вытворчасці, вырашыў з’ехаць у Кіеў. Там працавалася лягчэй, але ў Баранавічах заставалася сям’я, атрымаць жыллё і стала прапісацца ў сталіцы Украіны было нерэальна, таму праз год Чарнавус вярнуўся ў стаўшую ўжо другой радзімай Беларусь.

Перабудова дала надзею

Вяртанне з Кіева супала з гарбачоўскай перабудовай. У той час людзям дазволілі ствараць саматужную вытворчасць, і Мікола вырашыў заняцца вязаннем. Набыў машынку «Нява», вязаў свэтары, спадніцы, панталоны. Здаваў гэта ў крамы Кіева, Днепрапятроўска, Львова… Работа задавальняла і давала прыбытак. Але… Не стала нітак! У выніку зачыніліся трыкатажныя фабрыкі, згарнуў вытворчасць і Чарнавус. І тады ён зарэгістраваўся прадпрымальнікам. Да гэтага часу гандлюе дзіцячымі цацкамі. Праўда, асалоды ад гэтага Мікалай не мае.

− Гэта не маё, гаворыць Чарнавус. Хацеў заняцца зусім іншым, спрабаваў адчыніць блінную на кірмашы. Набыў памяшканне, здаецца, усё ўзгадніў – не дазволілі. Пасля гэтага купіў за 10 тысяч долараў участак у Паўночным мікрараёне з мэтай адчыніць дзіцячае кафэ. Заключыў дамову з праектантамі на выраб неабходнай дакументацыі. Тыя парушылі ўсе тэрміны падрыхтоўкі дакументацыі, і ў выніку прыйшлося ад ідэі адмовіцца, а зямлю прадаць. Год пяць таму звярнуўся ў райвыканкам з прапановай аддаць яму закінутую ферму – любую, каб разводзіць птушку. Адмовілі.

Колькі на гэтыя «паходы» было змарнавана часу, колькі страчана нерваў. А між тым Мікалай Чарнавус сур’ёзна займаецца і грамадскай дзейнасцю, стараецца адстойваць правы сваіх калег − прадпрымальнікаў. Неаднаразова арганізоўваў і праводзіў пікеты (раней час ад часу мясцовыя ўлады гэта дазвалялі), у знак пратэсту супраць дзеянняў чыноўнікаў разам з калегамі праводзіў мітынгі. Затрымліваўся і ўтрымліваўся ў пастарунку міліцыяй, пасля чаго аднойчы патрапіў у шпіталь.

Некалькі разоў падвяргаўся штрафам за «несанкцыянаваныя мерапрыемствы», у тым ліку і за тое, што карміў бяздомных і малазабяспечаных бясплатным баршчом. Спрабаваў ісці ў дэпутаты і ў парламент, і ў мясцовыя саветы. Не прайшоў. Яму не дазволілі правесці ні марафон па вёсцы Вялікая Каўпеніца, ні велапрабег супраць бюракратызму.

І на свае заяўкі аб правядзенні масавых мерапрыемстваў Чарнавус цяпер атрымлівае толькі адмоўныя адказы.

Мары не спраўдзіліся


− Не ў нашай краіне займацца прадпрымальніцтвам. На работу хаджу па інерцыі, каб дома не сядзець – гаворыць Мікола. − Купі-прадай – гэта зусім не маё.

А вось гатаваць Чарнавус любіць. І на імпрэзах, якія праводзіць Баранавіцкая філія ТБМ, госці святаў часта ласуюцца яго аладкамі, варэнікамі, кашай, пяльменямі, юшкай. Калі камусьці з сяброў да ўрачыстасці трэба спячы каравай – зробіць гэта з задавальненнем.

Але самае галоўнае, што радуюць сыны: у кожнага па дзве вышэйшыя адукацыі. Ёсць у Мікалая і пяцёра ўнукаў. Двое з іх – музыканты, час ад часу выступаюць на мерапрыемствах ТБМ.

На пытанне, якое задалі Чарнавусу напярэдадні яго 65-гадовага юбілею – «Што ў жыцці атрымалася?» – з сумам заўважае:

РЕКЛАМА

– На жаль, атрымалася далёка не ўсё. Мог працаваць дырэктарам рэстарана, рабіць патрэбную людзям справу, мог кіраваць сваім харчовым прадпрыемствам, перадаваць вопыт моладзі – не далі. Вельмі не хацелася б, каб унукі жылі ў такой краіне. У сённяшняй Беларусі моладзі няма чаго рабіць…

І ўсё ж, па словах нашага суразмоўцы, ён па-свойму шчаслівы. За столькі год у Баранавічах ды і ў краіне ў цэлым у яго з’явілася шмат сяброў і аднадумцаў.

− Я адчуваю, што тое, што раблю, людзям патрэбна, − гаворыць Чарнавус. − І гэта надае мне новыя сілы. І ўвогуле, я ўпарты, мяне не сагнуць!

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up