Автор: Аляксей БЕЛЫ

1:24, 30 августа 2015

Общество

remove_red_eye 116

Амаль тысячу хімічных снарадаў дасталі сапёры з баранавіцкай зямлі ўлетку 1979 года

Рызыкуючы жыццём, сапёры дасталі з трохметровай глыбіні, а вадзіцелі аўтакамбіната №4 вывезлі з Баранавіч да месца абясшкоджвання 963 снарады часоў Вялікай Айчыннай вайны – больш за 40 тон выбуховых рэчываў з хімічным змесцівам. Адбылося гэта ў нашым горадзе 25 мая 1979 года.

Вайна напамінае пра сябе

У цёплы веснавы дзень больш за 10 000 жыхароў Баранавіч былі эвакуіраваны са сваіх дамоў, таму што саржавелыя, начыненыя атрутай снарады, знойдзеныя на новабудоўлі пры рыцці катлавана ў раёне малаказавода, маглі выбухнуць у любы момант. 

«У сувязі з тым, што ў паўднёва-заходняй частцы горада выяўлены вялікі склад з боепрыпасамі ваеннага перыяду, гарвыканкам просіць жыхароў …вуліц і завулкаў: Камсамольская ад Брэсцкай да Калініна… Царука ад Лермантава да Рагулі… Маякоўскага ад Лермантава да Рагулі… Лазо ад Вільямса да Рагулі… у суботу і нядзелю, 26 і 27 мая, на перыяд па абясшкоджванні боепрыпасаў з 8.00 да 20.00 эвакуіравацца з названага раёна… Выхад з указанай зоны на перыяд правядзення работ абавязковы». Такая аб’ява была перададзена па радыё і надрукавана на першай старонцы баранавіцкай аб’яднанай газеты “Знамя коммунизма” 25 мая 1979 года.

РЕКЛАМА

На будаўнічай пляцоўцы ў Баранавічах салдаты і афіцэры дасталі з катлавана 963 снарады.

На будаўнічай пляцоўцы ў Баранавічах салдаты і афіцэры дасталі з катлавана 963 снарады.

 

Праўда, ніхто, нават вайскоўцы, яшчэ не ведаў, наколькі небяспечныя начыненыя атрутаю снарады, пакінутыя фашыстамі падчас адступлення. А тады… 17 мая брыгада рабочых на будаўнічай пляцоўцы недалёка ад малаказавода, капаючы катлаван, наткнулася на нешта цвёрдае.

Брыгадзір, які кіраваў работамі, падумаў, што гэта камень. Але, разгробшы зямлю рукамі, былы франтавік пераканаўся, што пад нагамі – снарад.

Прыбыўшыя на месца здарэння сапёры высветлілі, што на новабудоўлі ў зямлі – цэлы склад боепрыпасаў часоў Другой сусветнай вайны.

− У горадзе адразу быў створаны штаб па ліквідацыі знойдзенага арсенала, − расказвае старшыня Савета ветэранаў гарадскога аддзела ўнутраных спраў, а тады – начальнік ГАУС Сяргей Краўчанка. – З Гродна прыехаў генерал і прапанаваў абкласці склад боепрыпасаў мяхамі з пяском і ўзарваць снарады на месцы. Але першы сакратар Баранавіцкага гаркама КПБ Іна Арсеньеўна Стаўроўская запярэчыла. Яна сказала, што спачатку трэба даверыць справу хімікам, каб паглядзелі – а раптам снарады ўтрымліваюць небяспечныя рэчывы? «Гэта ж снарады, а не запалкі», – сказала тады сакратарка гаркама партыі.

Потым высветлілася, што так і ёсць на самой справе. Супрацоўнікаў міліцыі перавялі на ўзмоцнены рэжым нясення службы, былі выстаўленыя міліцэйскія пасты, а тэрыторыя пазначана таблічкамі «Ідзе размініраванне».

Над горадам навісла небяспека

Снарады ляжалі на глыбіні трох метраў, і, каб ускрыць склад, замацаваць лесвіцы, сапёрам спатрэбіўся цэлы тыдзень. Больш за сотню 175-міліметровых снарадаў з невядомай маркіроўкай яны дасталі з зямлі за першыя чатыры дні работы. А наўкола жылі людзі, працавалі прадпрыемствы, дзеці хадзілі ў школу…

− Я ў 1979 годзе жыў у цэнтры горада. Калі даведаўся, што адбываецца ў раёне малаказавода, вельмі перажываў за сваю сям’ю, за дзяцей, − гаворыць былы будаўнік, дырэктар фірмы «Нептун» Віктар Бобылеў. − І гэта вялікае шчасце, што катлаван дакопвалі рыдлёўкамі. Страшна падумаць, што адбылося б, калі б у такую небяспечную знаходку ўрэзаўся коўш экскаватара…

 

Сапёры вялі падрыхтоўчыя работы, каб вывезці небяспечныя знаходкі за горад і ўзарваць. Але, пераканаўшыся, што склад мае велізарныя памеры і таму небяспечна для жыцця людзей весці далейшыя раскопкі, прынялі рашэнне зняць грунт з прылягаючай да новабудоўлі тэрыторыі, высветліць памеры склада боепрыпасаў, эвакуіраваць людзей з гэтага раёна, а пасля вывозіць снарады.

Сапёрныя работы вяліся пад кіраўніцтвам маёра Мікалая Аладзьева. Ён таксама, насуперак існуючай інструкцыі, якая прадпісвала узарваць снарады на месцы, прапанаваў небяспечную зброю вывезці і абясшкодзіць за межамі населенага пункта. Вызначыўшы памеры сховішча, глыбіню залягання снарадаў і падлічыўшы, што ў кожным слоі зямлі іх ляжала па 130, Аладзьеў прыйшоў да высновы, што іх было “прыхавана” тут каля тысячы!

Эвакуацыю насельніцтва і вываз небяспечнага груза было вырашана зрабіць у бліжэйшыя выходныя, 25–26 мая. Вывозіць снарады было даручана добраахвотнікам з аўтакамбіната №4, у якіх быў вялікі шафёрскі вопыт. Такія знайшліся. Сем чалавек. Анатоль Ціхінскі, Анатоль Кунцэвіч, Вацлаў Рагоўскі, Генадзь Руцкі, Аляксандр Ламанос, Мікалай Рабцэвіч, Фёдар Новік. Адбіралі лепшых – з вопытам работы, тых, хто адслужыў у войску. Толькі адзін кіровец з тых, каму прапанавалі гэту небяспечную справу, адмовіўся вывозіць снарады.

На жаль, многія з вадзіцеляў ужо пайшлі з жыцця. Амаль 15 год, як няма сярод нас Анатоля Ціхінскага, 10 год, як пайшлі з жыцця Аляксандр Ламанос, Мікалай Аладзьеў. Ды і жывыя сведкі падзей не заўсёды хочуць расказваць пра тое, што адбывалася ў Баранавічах у маі 1979 года.

РЕКЛАМА

− Ён не любіць і не хоча ўспамінаць пра гэта, − сказала карэспандэнту Марыя, жонка Мікалая Рабцэвіча, які ўдзельнічаў у вывазе снарадаў за горад. – У нас тады было маленькае дзіця, я была з ім у вёсцы, мабільнікаў у той час не мелі, і даведалася я пра тое, што муж вывозіў смертаносную зброю, трошкі пазней. І хоць усё ўжо скончылася, мы перажывалі, слухаючы аповед мужа.

Генадзю Руцкаму было тады 27 год. Адслужыў у войску ў Закарпацці, ездзіў у далёкія рэйсы. Напярэдадні ён якраз вярнуўся з Горкага (Ніжняга Ноўгарада), мог адпачываць пасля паездкі, але сеў за стырно ЗІЛа, вадзіцель якога адмовіўся ехаць.

− Калі паведаміў пра тое, што буду вывозіць снарады, блізкія (я быў яшчэ нежанатым), паставіліся да гэтага спакойна, − расказвае Генадзь. – Бацька сам прайшоў усю вайну ад пачатку да канца. А я быў тады малады, гарачы. Страшна не было. Лейтэнанцік, што сядзеў побач у кабіне ў якасці суправаджаючага, перажываў болей.

Цяжкая работа

Тым майскім ранкам пачалася эвакуацыя людзей з прылягаючых будынкаў. Моладзі ў гэты цёплы дзень прапанавалі рушыць на Мышанку, у Доме культуры будаўнікоў абсталявалі пакой для матуль з дзецьмі, у пятай школе размясціліся людзі састарэлага ўзросту… У цэлым было эвакуявана больш за 10 000 чалавек. Як расказвае былы начальнік ГАУС Сяргей Краўчанка, пры гэтым былі і казусныя моманты. На адным з дамоў, дзе жыў ветэран вайны, падчас эвакуацыі вісеў велізарны замок. Але міліцыянеры заўважылі, што ў адным з пакояў нехта стаіць каля акна. Як высветлілася, ветэран павесіў замок звонку, а сам нейкім чынам патрапіў назад у дом і вырашыў пільнаваць сваю маёмасць. Між тым, па словах Сяргея Краўчанкі, у час, калі былі знойдзеныя снарады, адбылася эвакуацыя людзей і вывозіўся страшны груз, у горадзе не адбылося ні аднаго злачынства, не было зафіксавана нават крадзяжоў.

А ваенныя 25 мая каля дзевяці гадзін ранку па лесвічках пачалі пад’ём 50-кілаграмовых снарадаў. Гэта была цяжкая і рызыкоўная праца. Пот заліваў вочы салдатам і афіцэрам.

− Салдацікаў было шкада, цяжка ім было, − расказвае Генадзь Руцкі. − Снарады велізарныя, па 50 кг. Даставалі іх з катлавана глыбінёй больш за тры метры, усё рабілі ўручную, паднімаліся з такім небяспечным грузам па лесвіцы. Ды і наверсе акуратна пакласці снарад на падушку з пяску ў грузавік было не так і проста.

Самую адказную працу – здымаць зямлю непасрэдна са снарадаў, выконваў кіраўнік сапёраў маёр Мікалай Аладзьеў. Паднімалі снарады наверх і ўкладвалі ў кузавы аўтамабіляў радавы Аляксандр Мікула, сяржанты Мікалай Урбановіч, Мікалай Падабед, малодшы сяржант Сяргей Нікіцін, яфрэйтар Ахтам Фасхутдзінаў…

Снарады – з атрутай!

Калі рушыў за горад, да месца падрыву, у суправаджэнні міліцыі караван з чатырох аўтамабіляў са снарадамі, у катлаване на месцы знаходкі, дзе яшчэ заставалася частка невывезенах боепрыпасаў, здарылася нешта страшнае: напаленыя сонцам, некаторыя снарады пачалі шыпець, і з іх, асабліва моцна саржавелых, пацякла рыжая вадкасць.

Адзін з такіх снарадаў апынуўся якраз у руках маёра Аладзьева. Стала відавочна, што гэта снарад хімічнага ўздзеяння. Усе чакалі выбуху. Як расказаў потым маёр Аладзьеў сваім блізкім, гэта быў адзін з самых небяспечных момантаў у яго сапёрнай службе. А тады афіцэр загадаў накрыць арсенал брызентам – каб снарады трошкі астылі. Іншага варыянту, каб пазбегнуць бяды, ніхто не прапанаваў. Праз нейкі час пад страшнае шыпенне работы па пад’ёму снарадаў з катлавана прадоўжыліся. І ў 15.00 гэта праца была скончана.

− Калі дасталі апошні снарад, я стаяў на краю катлавана, − працягвае аповед Сяргей Краўчанка. − Там жа быў усталяваны тэлефон. І маёр Аладзьеў, набраўшы нумар, патэлефанаваў дадому і паведаміў, што ўсё ў парадку.

50-кілаграмовыя снарады вайскоўцы грузілі ў аўтамабілі аўтакамбіната №4.

50-кілаграмовыя снарады вайскоўцы грузілі ў аўтамабілі аўтакамбіната №4.

 

Успамінае дачка Мікалая Аладзьева, Ларыса:

− Я вучылася тады ў тэхналагічным інстытуце ў Магілёве і нічога не ведала пра здарэнне ў Баранавічах. І тут аднакурснік прывёз мясцовую газету, у якой паведамлялася, што ў Баранавічах знайшлі склад боепрыпасаў. Я адразу кінулася да тэлефона, пазваніла дадому. Па голасе мамы, якая сказала, што бацька займаецца размініраваннем снарадаў з хімічным начыненнем, адчувалася, што яна вельмі перажывае. Гэта пачуццё перадалося і мне.

Калі Ларыса прыехала ў ліпені на канікулы, усё ўжо было скончана. Па яе словах, бацька не вельмі любіў расказваць пра гэтыя падзеі. І увогуле, па словах Ларысы Мікалаеўны, нават калі яе бацька быў віноўнікам урачыстасці, ён стараўся трымацца неяк у цяньку. Мікалай Аладзьеў адным з першых быў узнагароджаны знакам “За размініраванне”.

Між тым у кар’ерах за 20 км ад горада пасля выгрузкі з машын некалькі снарадаў таксама зашыпелі і “пацяклі”. І там зразумелі, што гэта хімічная зброя.

Спецыялісты павінны былі высветліць – наколькі яна небяспечная, што яшчэ хаваецца ў жалезных абалонках, начыненых узрыўчаткай, ці можна ўвогуле ўзрываць знойдзеныя боепрыпасы? Падарвалі адзін з невялікіх снарадаў, але высветліць, якое ў ім змесціва, так і не ўдалося. І тады высветліць гэта ўзяўся падпалкоўнік Уладзімір Храмцоў. Ён прыняў рашэнне прасвідраваць бок аднаго са снарадаў звычайнай ручной дрэллю (электрычнай з высокімі абаротамі рабіць гэта было нельга). Дапамагаць Храмцову выклікаўся малодшы сяржант Міхаіл Підлісны. Падпалкоўнік свідраваў, сяржант паліваў вадой свярдзёлак, каб той не грэўся. У рэшце рэшт, працуючы ў працівагазах, яны дабіліся жаданага. Проба, якую ўзялі хімікі, паказала, што ў снарадах – іпрыт, табун і мыш’як.

Пра гэтыя падзеі потым будзе шмат расказана і напісана. Карэспандэнт “Известий” у Беларусі Міхаіл Шыманскі, які быў сведкам размініравання, па свежых слядах збярэ шмат інфармацыі, сустрэнецца з удзельнікамі размініравання і выдасць 90-тысячным накладам дакументальную аповесць “Без права на памылку”. Усесаюзны часопіс “Кругазор” за чэрвень 1980 года, што выйшаў тыражом 500 тысяч асобнікаў, змесціць артыкул “Выбуху не будзе”, які будзе дапоўнены кружэлкаю з аўдыёзапісам герояў тых падзей.

…А снарады тады за горадам усё ж узарвалі. 11–14 чэрвеня, амаль праз тры тыдні пасля таго, як склад знайшлі, у летнія спякотныя дні загучалі сігналы хімічнай трывогі, пачалі грымець выбухі, і над зямлёю, як піша Міхаіл Шыманскі, узняліся шэра-жоўтыя клубы.

Хімікі-дазіметрысты вырашылі, што для людзей яны небяспекі не ўяўляюць…

Краіна ўшаноўвае герояў

Усе ўдзельнікі падзей, якія адбываліся ў Баранавічах 25 мая 1979 года, былі сапраўднымі героямі. Сапёры дасталі з катлавана, а вадзіцелі аўтакамбіната №4 вывезлі ў той дзень ў кар’ер для абясшкоджвання 963 снарады. І заслужылі ўзнагароды за подзвіг.

Мікалай Аладзьеў, які 25 год жыцця аддаў сапёрнай справе і абясшкодзіў больш за 6 000 снарадаў, за размініраванне склада часоў апошняй вайны ў Баранавічах узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Медалём «За адвагу» ўзнагародзілі радавога Аляксандра Мікулу, лейтэнанта Яўгена Бялова, яшчэ некалькіх сяржантаў і радавых. Разам з Мікалаем Аладзьевым ордэны Чырвонай Зоркі атрымалі Валерый Бачкоў, Яўген Комар. Уладзіміру Храмцову быў уручаны ордэн «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР», шэраг вайскоўцаў атрымалі медалі «За баявыя заслугі».

Анатоль Кунцэвіч, Генадзь Руцкі, Анатоль Ціхінскі, Фёдар Новік, Мікалай Рабцэвіч  (злева направа) пасля  вывазу снарадаў з горада, 25 мая 1979 года.

Анатоль Кунцэвіч, Генадзь Руцкі, Анатоль Ціхінскі, Фёдар Новік, Мікалай Рабцэвіч (злева направа) пасля вывазу снарадаў з горада, 25 мая 1979 года.

Ганаровымі граматамі і граматамі Вярхоўнага Савета БССР былі ўзнагароджаныя некаторыя цывільныя асобы, сярод якіх былы начальнік ГАУС Сяргей Краўчанка, кіроўца Генадзь Руцкі. У граматах пазначана: «За мужнасць і адвагу, праяўленыя пры ліквідацыі ў Брэсцкай вобласці склада хімічных боепрыпасаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны».

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up