Автор: Аляксей БЕЛЫ

16:39, 17 августа 2015

Культура

remove_red_eye 140

Нашаму земляку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесю Жамойціну споўнілася 60 год

Алесь Жамойцін з 1989 года працуе загадчыкам літаратурна-мемарыяльнага музея Ф. Багушэвіча ў вёсцы Кушляны на Смаргоншчыне.

Нарадзіўся Алесь 17 жніўня 1955 года ў вёсцы Малахоўцы Баранавіцкага раёна. Пасля заканчэння Пружанскай сярэдняй школы-інтэрната працаваў слесарам на заводзе «Гомсельмаш». У 1973–1975 гадах служыў у войску. Быў матарыстам на цеплаходзе «Днепра-Буг» у Пінску, пасля, вярнуўшыся на радзіму, працаваў лабарантам Малахоўскай сярэдняй школы. Некалькі год настаўнічаў у Доцішскай васьмігадовай школе Воранаўскага раёна.

Першыя яго публікацыі ў рэспубліканскім друку з’явіліся ў 1981 годзе. Зборнік паэзіі «Азірнуўшыся – не скамянею» Алеся Жамойціна пабачыў свет у 1989 годзе. Яго творчасць – гэта ўслаўленне сваёй малой радзімы, людзей, якія жывуць на гэтай зямлі. І хочацца яму, каб чалавек быў сапраўдным гаспадаром, каб меў адказнасць за тое, што пакінулі нам продкі:

Аддзячыць поле табе, аддзячыць,

РЕКЛАМА

Ракою звонкай сваіх зярнят;

Яму вось толькі б адчуць і ўбачыць,

Што ты не знекуль, а з гэтых хат.

Што ты хадою не кінеш ценю,

Ў якім не ўзыдзе святло зямлі;

Што ты цяжкое збярэш каменне

З найсамай цвёрдай яго раллі.

Аддзячыць поле табе, аддзячыць,

Аддасць гарою калосны дар;

Яму вось толькі адчуць і ўбачыць,

Што ты не госць тут, а гаспадар!..

Працуючы загадчыкам музея, Алесь сам праводзіць экскурсіі для тых, хто наведвае Кушляны. Па яго словах, туды людзей не прывозяць, яны прыязджаюць самі.

– На радзіме цяпер бываю рэдка, хіба што на Радуніцу, – расказаў Intex-press Алесь Жамойцін. – Мама жыве ў сястры ў Мінску, родных у Малахоўцах амаль не засталося. І работа не дазваляе, у выходныя праводжу экскурсіі.

Да таго ж, па словах нашага суразмоўцы, і хату ўзімку не кінеш, трэба ацяпляць – такія ўмовы. Што тычыцца творчасці, то, як гаворыць Алесь, паказаць ёсць што, зборнік ляжыць, але выдаваць трэба за свой кошт, ды і 200 асобнікаў не той наклад, каб спяшацца гэта рабіць. На першым плане ў творцы рэалізацыя сябе як чалавека і асобы. Таму паэт чытае свае вершы тым, з кім мае стасункі, і назапашвае іх на сур’ёзную кнігу.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up