Новости / Спадчына

Невядомы помнік жаўнерам Першай сусветнай вайны ў Драгабылі Баранавіцкага раёна

11.08.2015, 17:40 / remove_red_eye 307 / chat_bubble

Помнік загінуўшым рускім і нямецкім жаўнерам падчас Першай сусветнай вайны – адзінае, што засталося на месцы знішчаных савецкай уладай могілак.

Магутны каменны помнік сёння ўжо цяжка адразу заўважыць пры пад’ездзе да вёскі Драгабыль у Баранавіцкім раёне. Год за годам ён зарастае хмызняком, зеллем і паволі знікае з людскіх вачэй.

Каменная памятка Першай сусветнай вайны ў Драгабылі. Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

Каменная памятка Першай сусветнай вайны ў Драгабылі. Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

РЕКЛАМА

 

Па аповедах мясцовых жыхароў, раней каля вёскі знаходзіліся ваенныя “нямецкія” могілкі. Але пахаваныя на іх былі як нямецкія жаўнеры, так і салдаты Расійскай Імперыі, пра што сведчаць надпісы на помніку.

За савецкім часам у 1963–64 гадах вайсковыя пахаванні былі знішчаныя, а на ўзараным полі мясцовы саўгас зрабіў палеткі. Можа, з гэтай прычыны ні помнік, ні могілкі не ўзгадваюцца ў пісьмовых крыніцах і спісах памятных мясцін Першай сусветнай вайны.

Помнік схаваны ад людскіх вачэй за хмызняком. Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

Помнік схаваны ад людскіх вачэй за хмызняком. Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

Помнік у Драгабылі знаходзіцца ў досыць добрым стане, нягледзечы на тое, што некалькі разоў яго мог напаткаць лёс разбураных могілак. Надпісы, выбітыя каліграфічным почыркам, дагэтуль добра чытаюцца. Старэйшыя жыхары вёскі яшчэ помняць аповеды бацькоў пра майстра-немца, які рабіў помнікі для вайсковых могілак і асабіста выбіваў надпісы. Дзеля гэтай працы ён пражыў у Драгабылі “за полькім часам” амаль тры гады.

На абеліску прозвішчы загінуўшых немцаў і рускіх пералічаны пайменна. Па датах можна заўважыць, што пахаванні адбываліся з 1915 па першую палову 1918 года. Падчас вайны ў вёсцы знаходзіўся нямецкі палявы лазарэт, куды траплялі і рускія салдаты. Відаць, памерлых ад ран хавалі на адных могілках.

Палявы лазарэт у в. Драгабыль. Паштоўка часоў І Сусветнай вайны. Здымак: http://1871.by/listing/polevoj-lazaret-v-derevne-drogobyl/

Палявы лазарэт у в. Драгабыль. Паштоўка часоў І Сусветнай вайны. Здымак: http://1871.by/listing/polevoj-lazaret-v-derevne-drogobyl/

Па звестках некаторых навукоўцаў, на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца каля 300 пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны, з іх у Брэсцкай вобласці – не менш за 69. Большасць з тых пахаванняў улічана Міністэрствам абароны, але яшчэ шмат такіх месцаў увогуле ніяк не абазначаны і застаюцца невядомымі.

 

На каменні выбіты як нямецкія, так і рускія прозвішчы. Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

На каменні выбіты як нямецкія, так і рускія прозвішчы. Фота: Алена ЛАПКОЎСКАЯ

 

Гістарычная даведка

Першая сусветная вайна прывяла да значных людскіх страт, а баранавіцкая зямля апынулася на авансцэне баявых дзеянняў. Так, падчас Баранавіцкай (Скробава-Гарадзішчанскай) аперацыі ў чэрвені–ліпені 1915 г., разгорнутай дзеля падтрымкі Брусілаўскага прарыву, страты расійскай арміі склалі да 100 тыс. чалавек, нямецкая армія згубіла тады каля 25 тысяч.

РЕКЛАМА

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up