Новости / Происшествия

П’яны зламаў шыльду з QR-кодам на месцы бітвы пад Палонкай, бо “не здолеў яе прачытаць”

7.08.2015, 12:07  / remove_red_eye 553   / chat_bubble0

Міліцыя знайшла і затрымала хулігана праз тры тыдні.

Шыльда з QR-кодам каля памятных камянёў была знішчана і выкінута ў смецце ў пачатку ліпеня, праз некалькі дзён пасля ўсталявання там новага барэльефа.

Старшыня Баранавіцкай рады «Таварыства беларускай мовы» Віктар Сырыца 7 ліпеня напісаў заяву ў міліцыю. У сваім звароце ён прасіў знайсці і прыцягнуць да адказнасці зламысніка, які пашкодзіў шыльду з QR-кодам.

Пошук злачынца працягваўся каля трох тыдняў. 31 ліпеня ўчастковым інспектарам міліцыі Аляксандрам Неўдахам злачынца быў знойдзены.

– Мне дапамаглі мясцовыя жыхары, – расказаў Intex-press участковы. – Яны паведамілі, што каля помніка вельмі часта бачылі жыхара в. Палонка, які злоўжываў алкаголем. Я прыйшоў да яго, спытаў пра таблічку, і ён прызнаўся ў правапарушэнні.

Па словах міліцыянта, п’янага мужчыну (1959 г.н.) “пакрыўдзіў” надпіс па-англійску на таблічцы. Хуліган адламаў шыльду з QR-кодам, бо не зразумеў, што там напісана.

– Матэрыялы па гэтай справе напраўлены ў суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы, хулігану пагражае штраф, – паведаміў Аляксандр Неўдах.

 

Даведка

Палонкаўская бітва 1660 года была  першай, але вырашальнай перамогай нашых продкаў у трынаццацігадовай вайне 1654–1667 г.г. паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім княствам. За некалькі гадоў маскоўскія войскі амаль цалкам захапілі землі Вялікага Княства Літоўскага, выпальваючы на сваім шляху вёскі і мястэчкі. Былі захоплены ўсе буйныя замкі ВКЛ, акрамя Ляхавіцкага, які вытрымаў шматмесячную аблогу казацкіх загонаў і маскоўскіх стральцоў.

Пасля паразы пад Палонкаю маскоўскае войска больш не атрымлівала значных перамогаў і вымушана было пад ціскам паволі вызваляць захопленыя землі.

Мемарыяльны валун і драўляную шыльду з адпаведным тэкстам упершыню ўсталявалі 4 лістапада 1994 года. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Палонкаўскай перамозе, адкрыў тагачасны старшыня мясцовага сельскага Савета Аляксандр Грыб, а праваслаўны і каталіцкі святары асвяцілі гэтае месца слаўнай перамогі харугваў Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага над войскам маскоўскага ваяводы Хаванскага.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
Scroll Up