Автор: Анжэла КАМБАЛАВА

18:44, 28 июля 2015

Культура

remove_red_eye 143

Пад Баранавічамі адбыўся прагляд аднаго з першых беларускіх фільмаў “Кастусь Каліноўскі”

26 ліпеня жыхары  г.Баранавічы і ваколіц мелі магчымасць паглядзець на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Русіно нямы фільм 1928 года.

У той дзень у Баранавічы завіталі Сяргей Будкін, галоўны рэдактар парталу “Тузін гітоў” і музычны крытык Сяргей Пукст. Гэтыя энтузіясты займаюцца адраджэннем нямога беларускага кіно.

Сяргей Будкін расказаў аб цяжкасцях па вяртанню стужкі “Кастусь Каліноўскі” з расійскіх кінафондаў. Паведаміў таксама пра гісторыю яе стварэння.

РЕКЛАМА

Нямы фільм — даволі спецыфічны жанр, таму вельмі прыемна, што беларусам ёсць чым пахваліцца ў гэтай галіне. Напачатку ХХст. актыўна развівалася беларускае мастацтва і кіно. Першыя нямыя фільмы “Лясная быль” і “Прастытутка” пабычылі свет 1926 годзе. Трэці фільм “Кастусь Каліноўскі” выйшаў на экраны ў 1928 годзе. Важна памятаць, што на тыя гады прыпала вялікая праца станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Маладая краіна стварала свой пантэон герояў, і асоба Каліноўскага як мага больш падыходзіла на ролю галоўнага змагара за вольную Беларусь. “Кастусь Каліноўскі” зняты расейскім рэжысерам Уладзімірам Гардзіным на кінастудыі “Белдзяржкіно” і да сёння з’яўляецца адзінай экранізацыяй жыцця беларускага героя.

Яшчэ больш цікава глядзець фільм, калі даведаешся, што на момант яго выхаду яшчэ былі жывыя сведкі паўстання 1863-1864 гг.

У фільме Кастусь Каліноўскі  прадстаўлены як бясстрашны герой, абаронца сялян, правадыр паўстання супраць царызму, бяскампрамісны рэвалюцыянер. У стужцы здымаліся знакамітыя савецкія акторы. Выканаўца галоўнай ролі Мікалай Сіманаў пасля атрымаў Сталінскую прэмію, выканаўца ролі Мураўёва Кандрат Якаўлеў здолеў перадаць вонкавае і характарнае падабенства жахлівага ката.

Стужка нагадвае тагачасны баявік з пагонямі-стрэльбамі-бойкамі, толькі апошнія кадры дадают трагізму, бо Кастусь аддае свае жыццё за народ і Радзіму. Усё зроблена па канонах Галівуду, можна сабе ўявіць, з якім захапленнем стужка глядзелася ў нашых вёсачкахі мястэчках.

Таксама цяжка дакладна сказаць, дзе праходзілі здымкі. Толькі на некаторых кадрах пазнаеш менскія вулічкі і каталіцкую Катэдру, а палац, дзе здымалі штаб паўстанцаў, хутчэй за ўсё знаходзіўся пад Ленінградам і да нашага часу не захаваўся.

Музычнае суправаджэнне на тыя часы выконвала адзіную функцыю: запоўніць бязгучнасць кіно. Тапёр граў на свой густ музыку, аніяк не звязаную з сюжэтам. Сучасны глядач, разбэшчаны разнастайнымі культурнымі жанрамі, наўрад ці прыняў бы такі наіўны саундтрэк. Таму з’явілася ідэя прывязаць музыку да сюжэту, напоўніць яе сэнсам, зрабіць важнай і самастойнай часткай складанкі.

Гэтую задачу шыкоўна адолеў беларускі музыка Сяргей Пукст. Музыка настолькі гарманічна лягла на кадры кіно, што цяпер іх немагчыма ўявіць адно без другога. Сяргей выкарыстаў музычны інструмэнт і голас таленавіта і арыгінальна, гукавыя эфекты выгодна аздабляюць стужку, робяць яе асаблівай. 

Пасля прагляду адбылося абмяркаванне фільма, гледачы падзяліліся сваімі ўражаннямі і захапленнем. Нягледзячы на наіўнасць, а можа, як раз дзякуючы ёй, стужка глядзіцца як каштоўны мастацкі твор з нацыянальнай скарбонкі.

Падчас прагляду фільма

Падчас прагляду фільма

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up