Автор: Аляксей БЕЛЫ

15:27, 7 июля 2015

Культура

remove_red_eye 162

Сёння 219-я ўгодкі Яна Чачота – слыннага паэта баранавіцкай зямлі

На свята Яна, пасля купальскай ночы, 7 ліпеня  1796 года ў вёсцы Малюшычы Наваградскага павета  нарадзіўся чалавек, які ўславіў баранавіцкую зямлю – паэт-рамантык, філамат, філарэт, фалькларыст, этнограф і драматург, а таксама сябра Адама Міцкевіча і адзін з найбуйнейшых дзеячоў беларуска-польскага фальклорна-літаратурнага сумежжа XIX стагоддзя – Ян Антоні Чачот.

З 1809 па 1815 год Ян Чачот вучыўся ў дамініканскай школе ў Навагрудку разам з Адамам Міцкевічам, які стаў яму адным з найлепшых сябраў. Потым быў Віленскі ўніверсітэт, а ў 1818 годзе Ян Чачот разам з сябрамі ўжо ў таварыстве філаматаў.

У 1818–1819 гадах ён піша свае цудоўныя творы, якія ўганароўваюць баранавіцкую зямлю – балады “Калдычэўскі шчупак”, “Узногі”, “Мышанка”, “Свіцязь”. Пазней, у кастрычніку 1824 года, былі арышт, высылка і дзесяць год выгнання ў глыбіні Расіі. Толькі ў 1833 годзе Чачот змог вярнуцца на Беларусь, ды і то ў Лепель пад нагляд паліцыі. Патрапіўшы ў 1839 на Навагрудчыну, літаратар працуе бібліятэкарам у Шчорсах у графа Адама Хрыптовіча. У 1847 годзе Яна Чачота не стала.

Ян Чачот сабраў і выдаў у шасці зборніках каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень, а значную частку з іх апублікаваў у беларускім арыгінале.  Прадмовай  да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзьвіны», якія пабачылі свет у 1846 годзе, стаў нарыс Яна Чачота аб граматычных асаблівасцях беларускай мовы. Там аўтар упершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу. 

РЕКЛАМА

Праз дзесяць гадоў пасля яго смерці сябры паставілі на магіле помнік, на якім і сёння можна прачытаць словы верша Антонія Эдварда Адынца, сябра паэта:

Сваю маладосць ён аддаў для навукі і Цноты,

За век свой ён зведаў і холад, і змрок сутарэння.

Спагада да бліжніх – вось існасць ягонай істоты,

Цяжкое жыццё яго ўсё – гэта шлях да збавення.

Імя яго будзе ў краіне навекі звязана

З Адамам Міцкевічам, з іменем Томаша Зана.

Хто ведаў яго – перад каменем гэтым схіліся,

Пастой, памаўчы і за ўсіх за траіх памаліся.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up