Автор: Максім ЦЮЦЯНЬКОЎ Таццяна НЕКРАШЭВІЧ

16:27, 22 июня 2015

Общество

remove_red_eye 137

Пятнаццацігадовы юнак з Баранавіч напісаў ваенную біяграфію свайго прадзеда

Максім Цюцянькоў падзяліўся з Intex-press гісторыяй пра свайго прадзеда, які ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне.

«У 35 гадоў стаў мой прадзед інвалідам…»

– Зусім нядаўна я даведаўся ад бабулі пра тое, што ў гэтай страшнай вайне ўдзельнічаў і мой прадзед – Ілья Васільевіч Паршонак, – піша Максім Цюцянькоў. – Па словах бабулі, ён закончыў сем класаў. Пазней актыўна займаўся сельскай гаспадаркай, стаў старшынёй калгаса. У красавіку 1941 года прадзядуля Ілья быў прызваны Ушацкім райваенкаматам Віцебскай вобласці ў рады Узброеных сіл БССР. А праз два месяцы малады прызыўнік стаў салдатам вялікай вайны.

У ліпені 1944 года ён прымаў удзел у баявых дзеяннях на другім Украінскім фронце. Тры гады ішоў мой прадзед дарогамі вайны, Бог быў літасцівы да яго, але падчас чарговага задання вайсковец падарваўся на міне і быў цяжка паранены. Каб выратаваць жыццё, у палявым шпіталі яму ампутавалі правую нагу вышэй сцягна. Затым ён працягваў лячэнне ў тыле. У 35 гадоў стаў мой прадзед інвалідам Вялікай Айчыннай вайны. Псіхалагічна было вельмі цяжка: які ж ён цяпер гаспадар, які муж? Ілья Васільевіч баяўся стаць для сям’і абузаю. Але жонка, даведаўшыся пра гэта, узяла каня ў вёсцы і паехала за сваім каханым за 50 кіламетраў са словамі: «Я не магу яго кінуць, ён мне вельмі дарагі». 

РЕКЛАМА

Прадзед Ілья Паршонак. Ваенны здымак. Фота: архіў сям'і.

Прадзед Ілья Паршонак. Ваенны здымак. Фота: архіў сям’і.

«Як мог, дапамагаў жонцы, выхоўваў дзяцей і ніколі не скардзіўся на лёс…»

Пасля таго, як прадзед вярнуўся дадому са шпіталя, цяжкасцей менш не стала. Было вельмі складана даглядаць за хворым, за гаспадаркай і клапаціцца пра дзяцей. Прадзед з цяжкасцю, але спрабаваў хадзіць. Напамінам быў боль ад раны на плячы, дарэчы, з куляй у целе Ілья Васільевіч пражыў усё астатняе жыццё. Пасля ваенных падзей майму прадзядулі быў пастаўлены пратэз. Чалавеку было цяжка прывыкаць да «новай», не сваёй нагі. Аднак былы салдат мужна трымаўся: як мог, дапамагаў жонцы, выхоўваў дзяцей і ніколі не скардзіўся на лёс. А часам і жартаваў, што лічыць сябе шчасліўчыкам, бо ў такой жорсткай вайне застаўся жывым, у фашысцкім палоне не апынуўся, хоць у яго дом не раз ўрываліся нямецкія салдаты і паліцыянты, шукаючы параненых салдат.

 

Супругі Паршонак. Фота: архіў сям'і.

Супругі Паршонак. Фота: архіў сям’і.

У сваіх успамінах прадзядуля згадваў: “Ішлі цяжкія гады вайны. Усе тыя, хто пайшоў на фронт, назаўсёды развітваліся са сваім домам, роднымі і блізкімі. Шмат нас было, і толькі шчаслівыя вярнуліся”.

«Пабудаваў дом і выгадаваў з жонкай трох дзяцей…»

Пасля заканчэння вайны мой прадзед-інвалід самастойна пабудаваў дом і выгадаваў з жонкай трох дзяцей, актыўна прымаў удзел у аднаўленні калгаса.

Ілья Васільевіч Паршонак і яго жонка Матрона Ігнацьеўна. Фота: архіў сям'і.

Ілья Васільевіч Паршонак і яго жонка Матрона Ігнацьеўна. Фота: архіў сям’і.

Кожны год перад святам Перамогі прадзядуля наведваў Качаноўскую сярэднюю школу і распавядаў дзецям пра гады ваеннага ліхалецця, пра сяброў, што загінулі, абараняючы Радзіму, пра ўзнаўленне мірнага жыцця, пра простыя радасці чалавека, які глядзеў у вочы смерці. Пасля аднаго з такіх наведванняў майго прадзядулю вучні школы прынялі ў піянеры і павязалі гальштук, які і да гэтага часу захоўваецца з узнагародамі.

Мой прадзед кожны год ездзіў на сустрэчу са сваімі аднапалчанамі. Яны сустракаліся 9 Мая ў розных гарадах, дзе ваявалі, успаміналі падзеі мінуўшчыны і паміналі тых, хто не дажыў да светлага Дня Перамогі.

РЕКЛАМА

За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, за адвагу, стойкасць і мужнасць Ілья Васільевіч быў узнагароджаны дзесяццю медалямі і ордэнам, якія цяпер захоўваюцца ў нас дома. 

Няма ўжо прадзеда, пра яго ваенны шлях я ведаю з успамінаў маёй бабулі.

Няхай жа тыя нешматлікія ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, якія дажылі да нашых дзён, бачаць, ведаюць, што іх справа, іх подзвігі, выпрабаванні былі недарэмнымі, што памяць пра іх не згасла і водблескі тых баявых гадоў будуць асвятляць шлях новых пакаленняў.

Прадзед Ілья Паршонак. Фота: архіў сям'і.

Прадзед Ілья Паршонак. Фота: архіў сям’і.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up