Новости / Общество

Ніл Гілевіч стаў лаўрэатам прэміі імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”

22.06.2015, 14:47 / remove_red_eye 0 / chat_bubble

У суботу, 20 чэрвеня, на малой радзіме Васіля Быкава, у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, адбылося ўручэнне прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Сёлетнім лаўрэатам стаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

“Праз усю гісторыю чалавецтва людзі, надзеленыя ў належнай меры пачуццём грамадзянскай годнасці, даражылі больш за ўсё свабодай думкі. Вядома, і людзі свету мастацтва – паэты, музыкі, жывапісцы, скульптары. А можа, і ў першую чаргу яны, бо іхняя жыццёвая місія – выўляць сябе, сваю душу. Што, якую душу выўляеш, мастак? Душу свабоднага грамадзяніна ці душу халуя і лёкая? Каму служыш – праўдзе ці хлусні? …Каму молішся – небу ці залатому цяльцу? Тут водападзел паміж творцамі сапраўднымі, вартымі людской павагі, і сервільнымі прыстасаванцамі ў мастацтве, якія на павагу свайго народа разлічваць не маюць права” – гучалі з дынамікаў разважанні Ніла Гілевіча…

На жаль, па стане здароўя сам Ніл Сымонавіч (паэту 83 гады) не здолеў прыехаць у Бычкі: узнагарода будзе перададзена яму пазней у Мінску. Але на мерапрыемстве прагучаў аўдыёвыступ паэта, у якім ён паразважаў пра місію носьбітаў свабодных думак.

Выступае паэт Алесь Пушкін. Фота: Віктар СЫРЫЦА.

РЕКЛАМА

Выступае паэт Алесь Пушкін. Фота: Віктар СЫРЫЦА.

Таксама ў запісе прагучалі вершы патрыятычна-грамадзянскай тэматыкі ў выкананні аўтара і лаўрэата прэміі “За свабоду думкі” Ніла Гілевіча.

Як расказаў адзін з удзельнікаў мерапрыемства, старшыня Баранавіцкай філіі ТБМ Віктар Сырыца, удзел у імпрэзе ўзялі былы старшыня Нацбанка, прафесар Станіслаў Багданкевіч, мастакі Алесь Марачкін, Мікола Купава і Алесь Пушкін, эканаміст Сяргей Чалы, бард Віктар Шалкевіч, гісторык Міхась Біч, паэты Андрэй Хадановіч і Міхась Скобла, перакладчык, грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі, палітык Павел Севярынец, гісторык, прафесар Леанід Лыч, дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання Андрэй Клімаў і іншыя.

Некаторыя з выступоўцаў чыталі вершы Ніла Гілевіча.

Узнагарода. Фота: Віктар СЫРЫЦА.

Узнагарода. Фота: Віктар СЫРЫЦА.

Удзельнікі мерапрыемства. Фота: архіў Віктара СЫРЫЦЫ.

Удзельнікі мерапрыемства. Фота: архіў Віктара СЫРЫЦЫ.

Удзельнікі мерапрыемства. Фота: Віктар СЫРЫЦА.

Удзельнікі мерапрыемства. Фота: Віктар СЫРЫЦА.

Удзельнікі мерапрыемства. Фота: Віктар СЫРЫЦА.

Удзельнікі мерапрыемства. Фота: Віктар СЫРЫЦА.

РЕКЛАМА

Даведка:

Прэмія “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава заснаваная лідарам Руху “За Свабоду” ў 2008 годзе. Ідэя ўзнікла пасля атрымання Аляксандрам Мілінкевічам прэміі “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Еўрапарламент. Прэміяй “За свабоду думкі” ўзнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і Свабоды. Лаўрэатамі прэміі станавіліся літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, Павел Севярынец, мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, паэт Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз, музыка Зміцер Вайцюшкевіч, мастак Алесь Марачкін, акцёр Віктар Шалкевіч.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up