Автор: Аляксей БЕЛЫ

15:22, 30 мая 2015

Общество

remove_red_eye 225

Жыццё, апаленае вайной: гісторыя баранавіцкіх настаўнікаў Дзмітрыя Жука і Лідзіі Антановіч

Лідзія Аляксандраўна Антановіч і яе муж Дзмітрый Рыгоравіч Жук усё жыццё адпрацавалі ў нашым горадзе настаўнікамі. Абодва сталі выдатнікамі народнай асветы рэспублікі, Дзмітрый Жук быў узнагароджаны за адданую працу ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а наша гераіня атрымала знак «Отличник народного просвещения СССР». 

Калі Лідзія Аляксандраўна прыходзіць на магілу мужа на Радаўніцу ці Дзяды (Дзмітрыя Рыгоравіча не стала ў 1995 годзе), то заўсёды бачыць там свежыя кветкі. «Гэта ўжо праведалі свайго настаўніка былыя вучні, выхаванцы. Яны яго вельмі любілі», – гаворыць Лідзія Аляксандраўна. – Калі Дзмітрый расказваў дзецям пра сваё мінулае, тыя акружалі яго шчыльным колам і гаварылі: як будзе вайна, пойдзем разам з вамі ў партызаны. Дарэчы, ён адзін з першых у горадзе настаўнікаў пачаў вадзіць дзяцей у паходы, вазіў на экскурсіі – у Вільнюс, на Нёман, у іншыя цікавыя мясціны.

На лёс герояў артыкула выпала шмат добрага, светлага і трагічнага. І з апошняга найперш – вайна. А сустрэўся Дзмітрый Жук з Лідай Антановіч у 1946 годзе ў аўдыторыі БДУ. І адразу ў юнака ўзнікла думка: «Яна стане маёй жонкай!». Пажаніліся маладыя ў 1952 годзе і пацалаваліся ўпершыню на сваім вяселлі: тады было іншае пакаленне і іншае выхаванне.

Між тым у Дзмітрыя Жука, якому было ў тым сорак шостым 23 гады, а яго суджанай, Лідзіі Антановіч, толькі дзевятнаццаць, за плячыма былі і акупацыя, і гестапаўскія засценкі, і смерць блізкіх і дарагіх людзей.

РЕКЛАМА

Яе вайна

Лідзія Антановіч нарадзілася ў вёсцы Княгінін на Вілейшчыне (цяпер гэта Мядзельскі раён). Калі пачалася вайна, ёй было чатырнаццаць.

– Як прыйшлі немцы, сядзела дома, – расказвае яна. – А на другі год у Крывічах адкрылі школу. Але вучыліся толькі да Новага года. Будынак стаяў на ўскрайку вёскі, настаўнік быў старэнькі, прыйшлі партызаны, папалохалі, што заб’юць – і ён перастаў збіраць дзяцей на заняткі. Між тым у вёсцы працы хапала і ў вайну – трэба было засяваць поле, касіць траву, утрымліваць жывёлу. Да таго ж немцы абкладалі насельніцтва на акупаванай тэрыторыі падаткамі – сяляне здавалі воўну, яйкі, масла. А адсочваў пастаўкі солтыс. Калі партызаны сталі забіваць гэтых вясковых старастаў, людзі абіралі «старэйшых над сабою» на месяц, потым прызначалі іншага – так было больш шанцаў уратаваць аднавяскоўца ад смерці.

Менавіта тады, у 43-м, немцы пачалі складаць спісы моладзі, каб адправіць у Нямеччыну, як гаварылі людзі, «на кроў», каб было больш донараў для нямецкіх салдат. Запісалі і Ліду. Бацька думаў, як уратаваць дзіця ад нямецкага рабства. Падацца ў партызаны – сям’я вялікая, маці хворая, хату немцы спаляць…

Трэба сказаць, бацька Лідзіі быў чалавек выбітны, вучыўся ў віленскім вышэйшым тэхнічным вучылішчы, Казанскім універсітэце, за палякамі сур’ёзна займаўся беларускімі справамі, быў актыўным сябрам «Грамады», асабіста ведаў і сябраваў з Тарашкевічам і Рак-Міхайлоўскім, а ў час, калі Ліда нарадзілася, увогуле сядзеў у Вільні ў Лукішках у польскай турме «за палітыку», дзе якраз і ўтрымлівалі толькі палітычных вязняў. Дома ў іх была цудоўная беларускамоўная бібліятэка – віленскія выданні твораў Максіма Багдановіча, падшыўкі часопіса «Саха», іншыя рэдкія кнігі. Але ўначы прыйшлі партызаны, кніжкі забралі і скурылі ў лесе, хаця абяцалі: скончыцца вайна – усё вернем.

У бацькі быў добры знаёмы яшчэ па Вільні, Пётр Манькоўскі, які выкладаў падчас вайны ў беларускай семінарыі ў Вілейцы. Той сказаў, што можа ўзяць Ліду з сабою ў Вілейку, там ёй выправяць даведку, што яна навучаецца ў семінарыі, і гэта даведка дапаможа вызваліцца ад Нямеччыны. Прыехаўшы, яна атрымала патрэбны дакумент і пешшу, пераадолеўшы 32 кіламетры, вярнулася дамоў. Так і ўратавалася.

Лёс суджанага быў шчаслівы…

Распавядаючы пра свайго мужа, Лідзія Аляксандраўна ўзгадвае, што Бог усё жыццё апекаваўся Міцем. Па ўспамінах Дзмітрыя Рыгоравіча, калі яму было гады з тры, а бацькі былі на працы, ён гуляў у пяску на дарозе насупраць хаты. І тут на хлопчыка паляцеў велізарны табун коней, што гналі з пашы, але ні адзін конь не закрануў дзіця… Боская воля была і на тое, каб ён выжыў падчас вайны перад штурмам Будапешта, там яго падраздзяленне чакала атакі на прахадной аднаго з прадпрыемстваў. Менавіта ў гэта месца патрапіў артылерыйскі снарад. Амаль усе, хто сядзеў насупраць, загінулі, а Дзмітрыя і яшчэ дваіх прываліла цаглянай сцяной. Тады яму перабіла нагу, але ён, абапіраючыся на зброю, выбраўся з-пад завалу.

У санітарным цягніку загніўшую нагу з прычыны таго, што пачалася гангрэна, хацелі адняць, але ён адбіваўся ад медыкаў мыліцамі, мацярыўся (хаця ніколі не рабіў гэтага потым) і нагу ўратаваў. Амаль год праляжаў у шпіталі ў далёкай Арменіі. І нават калі паступаў ва ўніверсітэт, яшчэ хадзіў з кіёчкам і накульгваў.

А да вайны ён вучыўся ў Віленскай гімназіі. Добра быў знаёмы з выкладчыкам Барысам Кітом, здароўкаўся за руку, бо яны былі землякамі. Калі Сталін аддаў Вільню Літве, беларускую гімназію перавезлі ў Навагрудак. Праўда, яна ўжо стала педагагічным вучылішчам, якое Дзмітрый Жук і скончыў. Як расказвае Лідзія Аляксандраўна, вайна застала яго дома. Прыйшлі немцы, гаспадарылі, як хацелі, але ў 43-м дазволілі адкрываць школкі.

Дзмітрый разам са стрыечным братам Жэнем Краскоўскім, Антонам Бялевічам і яшчэ адным чалавекам, якога звалі Іванам, пачалі настаўнічаць у Варончы ў пяцікласнай школе. Але вясной 44-га раптам з’явіліся акаўцы (армія краёва), запыталі, чаму ў каталіцкай вёсцы выкладанне ідзе па-беларуску, лічачы, калі ты каталік, то абавязкова паляк, падставілі да горла наганы, папярэдзілі, што заб’юць. Настаўнікі пакінулі школу, застаўся працягваць працу толькі Іван (быў інвалідам і спадзяваўся, што чапаць не будуць). Але прыйшлі ўначы і забілі.

Астатнія настаўнікі вярнуліся дадому і пачалі выкладаць у васьмігодцы ў Адампалі (цяпер вёска злілася з Карэлічамі), дзе пры дзіцячым доме і ў вайну існавала школка. Там жылі сіроты і дзеці савецкіх служачых, што адсталі ў пачатку вайны ад бацькоў. Папрацавалі там толькі месяц: нехта данёс немцам, што ў школе ўладкаваліся пад выглядам настаўнікаў партызаны. Прыйшлі паліцыянты, пагрузілі братоў у вагон і па вузкакалейцы прывезлі ў баранавіцкае СД. Кінулі ў падзямелле.

– Гэта было жудасна, –расказваў потым жонцы Дзмітрый. – Вадзілі на допыты, білі, здзекаваліся, не давалі ежы. Потым перавезлі ў лагер смерці ў Калдычэва. Там не кармілі, дапамагала тое, што мясцовыя жыхары час ад часу перакідвалі праз калючы дрот такую-сякую ежу.

Нарэшце пра тое, куды падзеліся іх дзеці, даведаліся бацькі. Пачалі шукаць паратунку. Нейкім цудам перад самым адступленнем немцаў удалося вызваліць братоў з няволі. І хлопцы рушылі ў пушчу – там партызаніў пляменнік маці, які, завязаўшы ім вочы, прывёў уцекачоў у лагер да камандзіра Шашкіна. Партызанскі камандзір агледзеў знясіленых вязняў, спытаў, ці ёсць у іх зброя, а даведаўшыся, што няма, павярнуўся да падначаленага і галёкнуў: «Нашто ты прывёў сюды гэтыя мошчы?» У выніку хлопцаў такім жа чынам вывелі з партызанскага лагера і адпусцілі. Потым дома было лячэнне ад жаўтухі, прыход савецкіх войскаў і, як сказана вышэй, фронт, раненне, шпіталь, філфак БДУ…

Разглядаючы фотаздымкі ў сямейным альбоме, Лідзія Аляксандраўна Антановіч узгадвае сваё мінулае.

Разглядаючы фотаздымкі ў сямейным альбоме, Лідзія Аляксандраўна Антановіч узгадвае сваё мінулае.

РЕКЛАМА

Разам па жыцці


Дзмітрый Жук з юнацтва любіў матэматыку. Але ён палічыў, што для станаўлення свядомасці беларусаў і жадання «людзьмі звацца» трэба вучыць сваіх людзей сваёй мове.

Таму ён пайшоў на філфак. Пэўна, гэта таксама лёс, што ён апынуўся ў адной аўдыторыі разам з суджанай, якая пасля 10 класа прыехала ў сталіцу. У 1951 годзе яны скончылі ўніверсітэт і Дзмітрый прыехаў да яе ў Княгінін сватацца. Між тым ужо прайшло размеркаванне, яе – у Полацк, яго – у Баранавічы. Дамовіліся: дзе будзе лепш, туды і з’едуцца. Пажаніліся ў 1952 годзе, тады і пацалаваў упершыню Дзмітрый сваю каханую, хаця апекаваў усе гады навучання. Жыць вырашылі ў Баранавічах.

– Полацк не глянуўся – расказвае Лідзія Аляксандраўна. Здзіўляла халуйства людзей, прыніжанасць, страх перад начальствам. У Баранавічах усё было трошкі інакш. Прыехалі, абжыліся. Восем год на прыватнай кватэры, яшчэ дванаццаць – на падсяленні на агульнай кухні, дзе завіхаліся тры гаспадыні. Двое дзяцей. Дзмітрый працаваў у сёмай школе, яна – у вячэрняй №2. Але і з вячэрняе большая частка пасля 11-га класа паступала ў інстытуты, у тым ліку і ў маскоўскія ВНУ. – Таму што цудоўны быў калектыў, – распавядае жанчына.

На пытанне – чаму не брала прозвішча мужа, Лідзія Аляксандраўна адказвае так: адгаварыла суродзічка, жонка мамінага брата, Аляксандра Фаміча Адамовіча, які пры саветах займаў вельмі адказныя пасады, быў загадчыкам аддзела ЦК КПБ, намеснікам наркама земляробства. Але ў жудасным 1937 годзе патрапіў на Салаўкі, дзе і загінуў. Недавер да ўлады быў страшэнны. Таму цётка і параіла: не бяры прозвішча мужа, аднаго з сям’і пасадзяць, другі дзяцей дагледзіць.

Дзякаваць Богу, усё абышлося. Дзеці Лідзіі Аляксандраўны даўно ідуць сваім шляхам. Праўда, ніхто з двух яе сыноў і з пяці ўнукаў не стаў філолагам – усе пайшлі ў дакладныя навукі – фізіку, матэматыку.

А ў Лідзіі Аляксандраўны і цяпер шмат сяброў і аднадумцаў, яна – шчырая верніца, прыхаджанка ўніяцкай царквы ў Баранавічах. А на помніку на магіле мужа, ведаючы накірунак яго жыццёвых думак, ад яго імя яна пазначыла так: «Я пакідаю вам вечнае: Радзіма, Свабода, Любоў».

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up