Новости / Культура

Падлетак з Баранавіч патрапіў у фінал польскага музычнага конкурсу NIEMENOMANIА 2015

12.05.2015, 18:56 / remove_red_eye 122 / chat_bubble

Чатырнаццацігадовы Міраслаў Еляневіч атрымаў падчас інтэрнэт-галасавання найбольшую колькасць галасоў і прыме ўдзел у фінале конкурсу, які адбудзецца 15 мая ў Беластоку ў музычнай кавярні FAMA.

Агульнапольскі конкурс для падлеткаў, прысвечаны памяці выбітнага польскага спевака Чэслава Немана, які, дарэчы, нарадзіўся ў Беларусі ў Шчучынскім раёне, праходзіць у Польшчы. Галоўная ўмова конкурсу – найлепшае выкананне адной з песень славутага спевака.

Сёлета Міраслаў быў адзіным удзельнікам конкурсу, які прыехаў з Беларусі, – расказала Intex-press маці хлопца Жанна Еляневіч. – Ён удзельнічаў у катэгорыі 13–16 год, дзе акрамя яго выступалі яшчэ 14 падлеткаў з Польшчы. Міраслаў спяваў песню “Sen o Warszawie”.

РЕКЛАМА

Журы конкурсу абрала ў фінал трох чалавек, а за песню Міраслава прагаласавала найбольшая колькасць інтэрнэт-слухачоў – 21,68% усіх галасоў, 3287 конкурсныя пункты. Дзякуючы гэтаму хлопец патрапіў у фінал.

Па словах маці, Міраслаў ужо даўно займаецца спевамі і выступае разам з хорам Польскай школы ў Баранавічах.

Мы рады, што патрапілі ў фінал NIEMENOMANIІ 2015, – кажа Жанна Еляневіч. – Гэта сур’ёзны конкурс і там вельмі строгія прынцыпы адбору, таму наперад загадваць не будзем.

Даведка

Чэслаў Неман, сапр. Чэслаў Юліюш Выдрыцкі (нарадзіўся 16 лютага 1939 года ў в. Старыя Васілішкі, цяпер Шчучынскі раён, памёр 17 студзеня 2004 года ў  Варшаве) – выбітны польскі музыка.

У 1958 сям’я Выдрыцкіх пераехала ў Гданьск, дзе Чэслаў паступіў у вышэйшую музычную школу. У пачатку 1960-х ён ужо пачаў выступаць на польскай эстрадзе, з’яўляўся ўдзельнікам ансамбля «Niebiesko-Czarni», дзе быў не толькі вакалістам, але і складаў песні. Група карысталася поспехам як у Польшчы, так і за яе межамі і нават выступала ў парыжскай «Алімпіі». Менавіта ў гэты перыяд Выдрыцкі ўзяў сабе псеўданім Неман (у гонар ракі Нёман, на якой ён вырас).

Першае прызнанне прыйшло да артыста, калі Марлен Дытрых запісала нямецкую версію яго песні «Czy mnie jeszcze pamiętasz?».

Калі Неман другі раз трапіў у Парыж, яму давялося выступаць разам з такімі знакамітасцямі, як «Spencer Davis Group», «Kinks» і «Pretty Things». З-за мяжы Чэслаў вярнуўся з ідэямі хіпі. Ён адгадаваў доўгія валасы, цалкам змяніў імідж, а яго новыя музычныя прыхільнасці былі пад моцным уплывам чорнага соўла.

У пачатку 1967 Неман пайшоў з «Niebiesko-Czarni» і распачаў уласную кар’еру, сабраўшы гурт «Akwarele». Улетку таго ж года Чэслаў выступіў на фестывалі ў Сопаце, дзе зрабіў сенсацыю песняй «Dziwny jest ten świat» (Дзіўны гэты свет). Песня прынесла спеваку першую прэмію. З «Акварэлямі» Неман запісаў тры альбомы (з іх найбольш удалыя першыя два), правёў некалькі тураў і прыняў удзел у шэрагу фестываляў.

У 1980-х Неман эксперыментаваў з электроннымі гукамі, а потым захапіўся камп’ютарнай графікай. Перад тым, як знікнуць з поля зроку на доўгі час, Неман выступіў на канцэрце «Old Rock Meeting», прысвечаным 25-годдзю польскага года, і ў 1989 выпусціў альбом «Terra Deflorata».

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up