Новы суд над Мікалаем Статкевічам адбудзецца 4 мая
Суд над палітвязнем Мікалаем Статкевічам па змене рэжыму адбыцця пакарання – з заменай яго на турэмны, адбудзецца сёння ў Шклоўскай папраўчай калоніі №17. Пачатак у 14.30.
Падставаю сталі нібыта шматлікія парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі і непадпарадкаванне патрабаванням кіраўніцтва.
Зусім нядаўна ў лісце да жонкі Марыны Адамовіч Мікалай Статкевіч паведаміў пра тое, што змешчаны ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
У суме ў яго набралося 13 спагнанняў, з якіх 10 – за адмову ад працы. Прычым апошнія 5 ягоных адмоў закончыліся звычайнымі вымовамі, бо раней усё, што можна было з пакаранняў, супроць яго ўжо ўжывалі.
Раней палітвязень Мікалай Статкевіч паведамляў, што яму пагражае ўзбуджэнне справы за шматлікія парушэнні рэжыму і адпраўка ў крытую турму як злоснага парушальніка рэжыму.
Мікалай Статкевіч – адзіны з былых кандыдатаў у прэзідэнты, які ўтрымліваецца дагэтуль у турме пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Суд прызнаў апазіцыйнага палітыка вінаватым у арганізацыі вулічных беспарадкаў і асудзіў на 6 гадоў зняволення. Мікалай Статкевіч не прызнаў сябе вінаватым і адмовіўся падаваць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Вязень адбываў пакаранне ў Шклоўскай калоніі, затым рашэннем суда ад 12 студзеня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі зменены на больш жорсткія, яго перавялі з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва.
12 студзеня 2015 года Мікалай Статкевіч быў этапаваны для далейшага адбыцця пакарання ў Шклоўскую папраўчую калонію №17.
Комментарии
Правила комментирования
Оставить комментарий