Автор: Аляксей БЕЛЫ

15:15, 3 мая 2015

Общество

remove_red_eye 124

Ветэраны вайны: Як сірата з зоны трапіў на фронт і стаў героем

На Вялікую Айчынную вайну, якую мы так часта ўзгадваем, кожны трапляў па-свойму – адных яна застала непасрэдна ў войску, іншыя ішлі на фронт добраахвотнікамі, трэція апыналіся там, каб пазбавіцца лютых катаванняў у турмах. Менавіта такі лёс напаткаў жыхара нашага горада – Аляксандра Сяргеевіча Аляксандрава, непаўналетняга  вязня, які пайшоў на вайну, каб пазбавіцца здзекаў і смерці ў сталінскіх лагерах. У 1941-м яму было толькі 17 год.

Горкі сірочы хлеб

Нарадзіўся Аляксандр у Севастопалі. Бацька працаваў начальнікам паштовага вагона на лініі Севастопаль–Харкаў, маці была вучнем токара. Так склалася, што бацька пакінуў сям’ю, а мама загінула. На працу рабочыя дабіралася на плаўсродках, і, калі баржа прычальвала, пасажыры стараліся хутчэй саскочыць і бегчы ў цэх, бо спазненне пагражала турмой. Аднойчы баржа рэзка стукнулася аб прычал, каля дзесяці чалавек апынуліся за бортам, у тым ліку і мама Аляксандра, і загінулі, прыціснутыя плаўсродкам да прычальнай сценкі.

Так малы Саша стаў сіратой, і, як ён узгадвае, безнаглядным. Як мог, спрабаваў дапамагчы хлопчыку мясцовы ўчастковы Канаплёў. Спачатку ён уладкаваў Аляксандра вучнем цырульніка. Але падлетку вельмі не падабалася, што ўся навука зводзілася да падмятання чужых састрыжаных валасоў. Тое ж самае адбылося, калі міліцэйскі афіцэр прывёў Сашу ў рэстаран парку культуры і адпачынку, каб той вывучыўся на кухара – там дзесяцігадоваму хлопцу давялося цэлымі днямі абіраць бульбу і цыбулю. Пасля таго, як Саша сышоў і адтуль, участковы ўладкаваў яго вучнем электрыка на “Севмарзавод”. Але і прадуваць брудныя электраматоры хлопчык не захацеў і уцёк.

РЕКЛАМА

І яго накіравалі ў дзіцячы дом, а пасля ў Валуйскую дзіцячую выпраўчую калонію. На той час Сашу было 12 год. Чатыры гады правёў ён у гэтай установе.

Жылося цяжка: больш дарослыя хлопцы рабавалі меншых, адбіралі ежу, вопратку, здзекаваліся. І здарылася бяда, дакладней – бунт. Пачаўся ён у сталоўцы, дзе дзеці пачалі біць посуд, перакульваць кухарскія прылады. Праз дарогу ад калоніі быў маслазавод. Выхаванцы кінуліся туды, расхапалі масла, у канторы ў сейфе, які ўзламалі, знайшлі 12 малакаліберных вінтовак і патроны. Пачалі адстрэльвацца ад міліцыянтаў, што штурмавалі калонію, дваіх стражаў парадку паранілі. Тады тыя выклікалі пажарных, якія вадою з пажарнага шланга збілі дзяцей у кучу і абяззброілі. І пачаліся допыты – хто завадатар, хто ўзначальваў бунт? Падлеткі не выдалі сваіх, а энкавэдысты пастроілі ўсіх і адабралі 12 чалавек самых высокіх, сярод якіх апынуўся і Аляксандр Аляксандраў.

Жудасныя шляхі ГУЛАГа

Асудзіла падлеткаў энкавэдысцкая «тройка», пасля чаго іх накіравалі ў «Пячорлаг», дзе дзеці разам з дарослымі будавалі чыгунку. Тачкамі па пасцеленых па зямлі дошках вазілі пясок для насыпу. З-за слабога і няякаснага харчавання ў многіх пачалася цынга. У выніку з 12 асуджаных за бунт у калоніі восем памерлі.

Выратаванне для астатніх прыйшло ўжо падчас вайны ў выглядзе камісіі, якая прыбыла ў лагер пасля загаду Сталіна №227. У ім было сказана: «Ні кроку назад!», змагацца з ворагам да апошняй кроплі крыві. Камісія адбірала людзей у месцах пазбаўлення волі і накіроўвала на перадавую. Папрасіўся на фронт і Аляксандраў. Яму, каб праверыць стан здароўя, загадалі прысесці. Але, зрабіўшы гэта, змучаны хлопец не меў сілы нават устаць. Камісія прызнала яго непрыгодным. І тады ён, перасільваючы сябе, прысеў… аж 10 разоў! Сказалі – бярэм. Так у 1942 годзе Аляксандр Аляксандраў трапіў на перадавую.

Як ён потым скажа: «Людзі ішлі на фронт, каб уратавацца ад смерці ў лагеры».

У дзеючую армію


Перад тым, як накіраваць навабранцаў у дзеючую армію, іх на невялікі тэрмін адправілі ў Марыйскую АССР. Аляксандраў асвойваў справу наводчыка гарматы-саракапяткі. Адтуль у складзе 46-й стралковай брыгады трапіў на трэці Беларускі фронт. Асабліва запомніўся салдату бой каля пасёлка Бібіна на вышыні №6. Там на іх пазіцыі пайшло адразу 28 нямецкіх танкаў. Наша цяжкая артылерыя біла па іх з укрыцця, а адзіную маленькую саракапятку выкацілі на прамую наводку. У выніку немцы адступілі, а сем варожых машын так і засталіся на полі бою.

Калі потым агледзелі падбітыя танкі, высветлілася, што два з іх – з прабоінамі якраз ад снарадаў 45 калібра! І начальнік штаба брыгады зачытаў загад – увесь разлік гарматы прадставіць да ўрадавых узнагарод – ордэнаў Чырвонай Зоркі. Сярод прадстаўленых быў і наводчык гарматы Аляксандр Аляксандраў. Але літаральна праз дзве гадзіны ў Бібіна прыбыў нямецкі браняпоезд і пачаў масіраваны агонь па пазіцыях чырвонаармейцаў. Па словах Аляксандрава, цяжкі снарад разарваўся метраў за восем ад іх гарматы і вайскоўца цяжка кантузіла. Павезлі ў шпіталь.

Супрацоўнікі НКУС не адразу паверылі, што Саша цалкам страціў слых і не можа знаходзіцца на перадавой. Стралялі з пісталета каля вуха, вазілі на шматлікія камісіі да дактароў. І тут у шпіталь трапіла ваенная газета, дзе ўзгадваўся баявы эпізод з падбітымі нямецкімі танкамі і прозвішчам радавога Аляксандрава. Ад яго адчапіліся. А неўзабаве вярнуўся і слых.

Пасля шпіталя воіна накіравалі ў запасны полк, а пасля ў 11 гвардзейскі батальён мінёраў. Усю вайну ён і прайшоў у складзе гэтага фарміравання. Калі станавіліся ў абарону – мініраваў разам з саслужыўцамі пярэдні край, перад наступленнем здымаў нямецкія міны.

У прыгарадзе Кёнігсберга сяржант Аляксандраў і яго саслужыўцы мініравалі і ахоўвалі разам з зенітчыкамі мост, і ў выпадку, калі немцы прарвуцца ў тыл савецкіх войскаў, павінны былі ўзарваць яго. Так і атрымалася. У момант выбуху былі знішчаны два варожыя танкі, якія знаходзіліся на мосце. За гэту аперацыю Аляксандр Аляксандраў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Наступным пунктам адліку службы была Чэхаславакія, рака Дунай. Там вайскоўцы усталёўвалі пантонны мост, таму што сапраўдны быў разбіты. А падраздзяленне Аляксандрава размініравала берагі.

Бліжэй да далёкай Японіі

Потым іх падраздзяленне накіравалі на Далёкі Усход, дзе яшчэ ішла вайна з Японіяй. «Прыехалі да шапачнага разбору, – гаворыць Аляксандр Аляксандравіч. – Але працы і там хапала. Размінірвалі дарогі, дапамагалі сувязістам». Па словах ветэрана, тады ён выконваў абавязкі старшыны.

Раздражнялі паводзіны навабранцаў, расказвае ён. Вайны тыя не бачылі, прыйдзеш у казарму, а яны на дзвярах катаюцца! Прыйшлося вучыць.

А побач – Паўднёвы Сахалін, цудоўная прырода, за плотам запалкавая фабрыка, а там – дзяўчаты!.. Тады неяк патроху ён пачаў вучыцца іграць на гармоніку. І атрымалася! Дзяўчаты запрашалі на вечарынкі, іграў для іх. Потым пагоршыўся зрок. І Сашу, слепаватага, лейтэнант прывёз з Сахаліна ў Севастопаль і перадаў у ваенкамат. Прыстроілі ў школу будаўнікоў, далі харчовыя карткі. Праеў ён іх хутка. Пачаў хадзіць з гармонікам на вакзал, іграў там. Падтрымлівалі салдаты, давалі ежу, грошы. Вярнуўся паступова і зрок. Аляксандраў пачаў працаваць на шахце «Ільіч» крапільшчыкам.

РЕКЛАМА

Неўзабаве новыя выпрабаванні выпалі на долю Аляксандра. У адзін з днёў нараджэння Леніна стараліся здабыць больш вугалю, паслалі ў забой і яго.

Аляксандр штурхаў перад сабою пустую ваганетку, а насустрач шахцёры пусцілі «голуба» – поўную, з вуглем. Яны не ведалі, што Саша ў шахце. Як вынік – сур’ёзная траўма, шпіталь, дом адпачынку. Туды паехаў з музычным інструментам. Дырэктар установы, паслухаўшы, як грае Аляксандраў, прапанаваў таму павучыцца на Усесаюзных курсах культработнікаў у Харкаве. Аляксандр скончыў там паралельна яшчэ і цыркавую студыю і па накіраванні ў 1957 годзе апынуўся ў Ялце ў курортным упраўленні, дзе адпрацаваў 9 год, стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу музыкантаў.


Шлях да Беларусі


Там пазнаёміўся аднойчы з прыехаўшым на адпачынак дырэктарам леспрамгаса з Жыткавіцкага раёна, што ў Беларусі. Той прапанаваў работу, прыслаў машыну, пагрузілі пажыткі, перавезлі. У леспрамгасе Аляксандраў вымушаны быў ладзіць самадзейнасць сярод тых, хто з’яўляўся асноўным кантынгентам работнікаў прадпрыемства – п’яніц, людзей з крымінальным мінулым, былых паліцыянтаў… Потым праз Мінск дабіўся пераводу на турбазу «Белае возера» пад Брэстам, ажаніўся з салісткай, якая ўжо мела двух дачок. Калі дзяўчынкі падраслі, школы не было, і, дзякуючы былому загадчыку аддзела культуры Баранавіцкага гарвыканкама Аляксандру Сакалову, што адпачываў на турбазе, сям’я пераехала ў наш горад.

Працаваў Аляксандр Сяргеевіч у ДК «Будаўнік», больш за 20 год кіраваў хорам ветэранаў вайны і працы ў нашым горадзе. Яго клуб «Неспакойныя сэрцы» адным з першых у вобласці ў 1992 годзе атрымаў званне «народны». Аляксандр – уладальнік шматлікіх узнагарод і грамат. Яго дочкі шмат чаго дасягнулі ў жыцці: адна – кандыдат навук, другая – музыкант. Ёсць у Аляксандрава ўнукі і праўнукі. І нават у свае 90 год ён мае баян.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up