25 сакавіка: Як у Баранавічах адзначалі Дзень Волі
Сёння спаўняецца 97 год з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларуская Народная Рэспубліка – першая незалежная беларуская дзяржава – была абвешчана 25 сакавіка 1918 года. Беларусы заявілі ўсяму свету, што хочуць жыць у самастойнай краіне.
Напярэдадні, 3 сакавіка 1918 года, у Брэсце паміж Савецкай Расеяй і Германіяй быў падпісаны Брэсцкі мір, які зусім не ўлічваў інтарэсы беларусаў і дзяліў нашу тэрыторыю на кавалкі.
У адказ на гэта ў ноч на 25 сакавіка Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, пасля доўгіх спрэчак паміж прыхільнікамі незалежнасці і прыхільнікамі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, большасцю галасоў прыняла Трэцюю ўстаўную грамату. Яна абвяшчала Беларускую Народную Рэспубліку незалежнай дзяржавай, Брэсцкая мірная дамова касавалася. Афіцыйнай мова рабілася беларуская, а сталіцай новай дзяржавы — горад Мінск.
Дзякуючы намаганням БНР, на тэрыторыі Беларусі адкрыліся каля 350 беларускіх школ. Было распачата фармаванне беларускага войска. На беларускай мове выходзіла 6 газет і 3 часопісы, дзейнічала 11 выдавецтваў. Друкаваліся школьныя падручнікі. Быў створаны Беларускі дзяржаўны тэатр.
Пасля рэвалюцыі ў Германіі і наступу Чырвонай арміі ўрад БНР у снежні 1918 года вымушаны быў пераехаць з Мінска ў Вільню, а пасля – у эміграцыю. Але дзякуючы існаванню БНР, бальшавіцкі ўрад, які дагэтуль не лічыў беларусаў асобнай нацыяй, у студзені 1919 года вымушаны быў абвесціць аб стварэнні БССР са сталіцай у Смаленску.
Хроніка Дня Волі ў Баранавічах
Ад пачатку абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь у нашым горадзе штогод адзначаецца гэта свята.
1993 год. Па ініцыятыве баранавіцкіх партыйных і грамадскіх суполак (БСДГ, БНФ, ТБМ) святкаванне Дня Волі адбывалася ў вялікай зале Мастацкай школы (цяпер будынак гарвыканкама). Грамадскія актывісты ў 1993 годзе запрасілі на святкаванне 75-х угодкаў БНР асобных дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Таксама прысутнічалі кіраўнікі прадпрыемстваў горада і старшыні прафкамаў. Лекцыі аб гістарычнай падзеі зачыталі дактары навук з Мінска, выступілі хор настаўнікаў, мастацкія калектывы горада.
У наступныя гады святкаванні Дня Волі ў Баранавічах адбываліся прыкладна аднолькава – канцэрт у вялікай зале ДК, ДКТ ці Дома афіцэраў, пікет у маладым парку і ўскладанне кветак да Крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсій. З часам магчымасці для святкавання змяншаліся.
2000 год. У парку імя 30 год УЛКСМ адбыўся мітынг, прысвечаны 82-й гадавіне БНР. У ім прынялі ўдзел больш за 150 чалавек, пераважна моладзі, якія трымалі плакаты супраць вайсковага саюза з Расіяй.
2001 год. 25 сакавіка ў баранавіцкім парку імя 30 год УЛКСМ адбыўся адзіны ў Беларусі дазволены мітынг «За дабрабыт, за годнасць, за правы». У ім прынялі ўдзел каля 100 чалавек. На мітынгу акрамя палітыкаў выступілі мінскія барды.
2002 год. У парку людзі сабраліся на мітынг, прысвечаны угодкам БНР, пасля якога далучыліся да імпрэзы «Мая радзіма – Беларусь», якая адбывалася ў вялікай зале Дома афіцэраў. У святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел каля 300 чалавек, пісала Intex-press.
2003 год. Напярэдадні, 22 сакавіка, КХП БНФ правялі мітынг, прысвечаны Дню Волі ў парку імя 30 год УЛКСМ. А 25 сакавіка ў вялікай зале ДКТ адбылася імпрэза «Беларусь – наша слаўная Радзіма», у якой прынялі ўдзел усе дэмакратычныя партыі і грамадскія аб’яднанні таго часу. Пасля дакладаў прайшоў канцэрт, у якім удзельнічалі творчыя калектывы горада, музычнай вучэльні, педагагічнага каледжа, СШ №17. Студэнты Баранавіцкага філіяла інстытута кіравання паставілі фрагмент спектакля «Паўлінка».
2004 год. Моладзевая незарэгістраваная арганізацыя «Зубр» вывесіла 25 сакавіка бел-чырвона-белы сцяг над дзевяціпавярховікам каля ЗАГСа. А баранавіцкія грамадскія актывісты наведалі ў гэты дзень могілкі «Русіно», дзе ўсклалі кветкі да магілаў прыхільнікаў незалежнасці Беларусі. У той дзень партыя БНФ раздавала прызы пераможцам віктарыны, прысвечанай БНР, галоўны прыз – CD-плеер. Увечары некалькі дзясяткаў чалавек усклалі бел-чырвона-белы вянок да Крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсій.
2008 год. 19 сакавіка грамадскія актывісты занеслі кіраўнікам гарвыканкама, КДБ, пракуратуры і суда паштоўкі з віншаваннямі да 90-х угодкаў БНР. Таксама ў Баранавіцкі гарвыканкам быў накіраваны зварот з просьбаю здаць у арэнду на 1,5 гадзіны вялікую залу для ўрачыстага мерапрыемства. У гэтым ім было адмоўлена.
А ўвечары, 25 сакавіка, міліцыя затрымала 15 чалавек каля Храма Жонак-Міраносіц. Людзей абвінавацілі ў несанкцыянаваным шэсці – яны рухаліся з вянкамі і разгорнутымі бел-чырвона-белымі сцягамі ад фантана на плошчы Леніна да Крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсій. 11 удзельнікаў шэсця правялі ноч у камерах, а раніцай іх аштрафавалі.
2009 год. Адбылося ціхае ўскладанне кветак да Крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Гісторыкі напярэдадні знайшлі ў архівах зварот грамадзян мястэчка Моўчадзь у Народны Сакратарыят БНР. У ім гаворыцца, што 7 ліпеня 1918 года сяляне мястэчка Моўчадзь просяць Народны Сакратарыят БНР прыслаць да іх «вучыцеля-беларуса, добра ведаючага нямецкую мову, каб ён мог бараніць інтарэсы беларусаў». Сяляне абяцалі плаціць грошы настаўніку і нават прывезці яму казённых дроў. Пад зваротам – 12 чалавек. Дакумент яскрава сведчыць, што простыя людзі лічылі БНР сваёй дзяржавай і таму звярталіся з такімі пытаннямі.
2011 год. 25 сакавіка ў нашым горадзе паціху ўсклалі кветкі да Крыжа і наведалі магілы беларускіх патрыётаў. На правядзенне пікета мясцовыя ўлады дазволу не далі.
Цяпер прыхільнікам БНР, каб адзначыць чарговую гадавіну славутай даты, даводзіцца ехаць у Мінск на традыцыйнае, штогадовае і заўсёды дазволенае шэсце ці сустракацца з сябрамі ў кватэрах.