Автор: Віктар СЫРЫЦА

11:18, 27 февраля 2015

Культура

remove_red_eye 224

Баранавіцкі літаратар Аляксей Белы выдаў кнігу ўспамінаў

Днямі пабачыла свет чарговая, сёмая кніга баранавіцкага літаратара і журналіста Аляксея Белага, якая атрымала назву “Ад Грыўды да Гандвіка”.

Адметным з’яўляецца тое, што на гэты раз паэт Аляксей Белы выдаў прозу. У анатацыі да кніжкі пазначана, што “…гэта не проста аўтабіяграфічны аповед аўтара. У сваім эсэ ён спрабуе паказаць час, у які давялося жыць яго блізкім і яму асабіста”. Сапраўды, час быў няпросты. Пачатак пасляваенных пяцідзясятых, хрушчоўская “адліга” з чэргамі за хлебам, кіраванне Брэжнева і паездкі ў Вільню за вопраткай і каўбасой.

Чаму ад Грыўды да Гандвіка? Грыўда – рака дзяцінства ў Івацэвіцкім раёне. Хлопчыкі з вёскі Міхнавічы, дзе нарадзіўся Аляксей Белы, хадзілі туды купацца. Гандвік – паморская і скандынаўская назва Белага мора, куды аўтара накіравалі ў 1970 годзе на першую плавацельскую практыку з марской вучэльні. Салаўкі, Кандалакша, рыбацкія пасёлкі, штормы і вахты каля штурвала непаўналетняга матроса першага класа па 12–16 гадзін у суткі, пераходы праз ільды, белыя ночы Запаляр’я – усё гэта і шмат чаго іншага знайшло адлюстраванне ў кнізе.

Старонкі кнігі Аляксея Белага

РЕКЛАМА

Старонкі кнігі Аляксея Белага

А да гэтага было дзяцінства, навучанне ў пачатковай школе, дзе адзіным настаўнікам быў бацька вядомага беларускага паэта і празаіка Міколы Купрэева, нялёгкая праца ў калгасе і па гаспадарцы, першыя турыстычныя паходы, першыя вершы, сапраўднае хлапечае сяброўства… Падкрэсліваючы гэта, уступам да аднаго з раздзелаў эсэ аўтар ставіць такія рыфмаваныя радкі: “Мы раслі ў сваіх вёсках, бы на скрыжаванні вятроў, і зайздросцілі птушкам, што лёгка лунаюць над хатамі. Мы здавалі бутэлькі, але не здавалі сяброў – і таму мы заўсёды сябе пачуваем багатымі!

У кніжцы шмат гістарычных звестак, звязаных з роднымі мясцінамі аўтара – пра Тадэвуша Касцюшку, фальварак якога знаходзіцца за сем кіламетраў ад роднай вёскі Аляксея Белага, пра Шыбельную гару ў Івацэвічах, дзе царскія карнікі вешалі касінераў Кастуся Каліноўскага…

Служба ў войску за мяжой з шматкіламетровымі кросамі і дзедаўшчынай, праца памочнікам капітана на працягу некалькі гадоў на рачным флоце Беларусі на лініі Чарнобыль–Брэст таксама знайшлі адлюстраванне ў зборніку. У кніжцы шмат фотаздымкаў таго перыяду – блізкіх, сяброў, аднадумцаў.

Аўтар узгадвае тыя, ужо далёкія часы, без настальгіі па эсэсэсэраўскаму перыяду Беларусі. Ён распавядае пра не такое ўжо і бесклапотнае дзяцінства і юнацтва і пра тое, што ў людзей і тады, як, дарэчы, і цяпер, заўсёды была мара пра лепшае жыццё.

Старонкі кнігі Аляксея Белага

Старонкі кнігі Аляксея Белага

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up