У Баранавічах каля Крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсій невядомыя спалілі вянок
Грамадскія актывісты будуць звяртацца ў праваахоўныя органы з просьбай, каб знайшлі вандалаў.
Абсмалены металічны каркас каля крыжа жыхары горада заўважылі 16 лютага.
– Вянок мы ўсклалі да Крыжа 29 кастрычніка 2014 года, – расказаў Intex-press Віктар Сырыца. – У гэты дзень у 1937 годзе было расстраляна больш за 100 беларускіх пісьменнікаў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў.
Па словах Сырыцы, напрыканцы студзеня ён праходзіў паўз сквер і бачыў, што вянок яшчэ быў.
– Мы абавязкова накіруем у Баранавіцкі ГАУС ліст з просьбаю знайсці зламысніка, які знішчыў вянок, – кажа Віктар Сырыца. – Розныя акты вандалізму там адбываюцца рэгулярна, то лампадкі параскідаюць, то смецця насыплюць, але каб вянок палілі – такога яшчэ не было!
Баранавіцкі актывіст кажа, што само існаванне Крыжа ахвярам савецкіх рэпрэсій раздражняе сталіністаў у нашым горадзе. «Некалькі асобаў мне адкрыта пра гэта казалі», – тлумачыць Сырыца. Крыж «Ахвярам гвалту 1939–1953 гадоў» стаіць у раёне былой абласной баранавіцкай турмы «Крывое кола» і нагадвае аб злачынствах камуністычнага рэжыму.
– Мы не вельмі спадзяёмся, што злачынцу знойдуць, – прызнаецца Сырыца. – Не злавілі ж нават вандалаў, што неаднаразова пашкоджвалі помнік ахвярам фашызму ў Гаю. Але цяпер і мы, мясцовыя патрыёты горада, будзем больш пільна сачыць за Крыжам.