Новости / Общество

Мая вёска. Жабінцы: зямля, аб якой марылі сяляне, іх нашчадкам не патрэбна

14.02.2015, 1:52 / remove_red_eye 182 / chat_bubble

У вёсцы Жабінцы Баранавіцкага раёна цяпер жыве каля  дзесяці чалавек. Па словах аднаго з яе былых жыхароў Анатоля Міхайлавіча Лопуця, які адзначыў нядаўна сваё 85-годдзе, хатаў там шмат, а людзей амаль не засталося.

Гадоў з дзесяць таму Анатоль Міхайлавіч і сам  жыў у роднай вёсцы. Але цяпер там і пагаварыць няма з кім і зямлю на прысядзібных участках амаль не абрабляюць. У вялікай некалі вёсцы добрая палова хат развалілася ці развальваецца.

– Зямля, якую так марылі прыдбаць вяскоўцы, цяпер іх нашчадкам не патрэбна, – гаворыць спадар Анатоль.

Анатоль Міхайлавіч Лопуць

РЕКЛАМА

Анатоль Міхайлавіч Лопуць

Работы не баяліся, хацелі больш зямлі

Раней Жабінцы гудзелі! Было там 75 двароў, у кожнай хаце па трое-чацвёра дзяцей, па гаспадарцы працы хапала, хто хацеў зарабіць яшчэ якую капейку, каб прыдбаць зямлі, наймаўся ўлетку да пана Вярбоўскага. Дарэчы, сам пан у маёнтку не жыў – разам з дзецьмі асеў у Вільні, а на месцы ўсім кіраваў  упраўляючы – яўрэй. Ён і размяркоўваў, каго накіраваць на сенакос, а каго – жыта жаць. Некалькі чалавек стала даглядалі панскую жывёлу.

”Знайшла” работа і маленькага Анатоля: ён разам з сябруком Шурам Сідаркевічам пасвіў авечак вяскоўцаў. Атара была вялікай – больш за 350 галоў, але спраўляліся. За гэта хлапцоў кармілі, а ўвосень за кожную авечку пастушкам гаспадары давалі па 8 кг зерня. Авечак у вёсцы трымалі не столькі на мяса, колькі на воўну – у сялян усё было даматканым. Да слова, тыя, хто пасвіў каровы, атрымлівалі ў канцы года па 100 кг зерня “за галаву”.

Жывёла, калі параўнаць з коштам зямлі, абыходзілася людзям даволі танна – за карову прасілі 45 злотых. А вось гектар зямлі, па словах Анатоля Міхайлавіча, каштаваў тысячу! Тым не менш аднавяскоўцы з Жабінцаў умудраліся набываць зямлю, прыкупілі яе вакол сваёй вёскі і нават вакол іншых аж 500 гектараў! За гэта людзі з іншых сёл называлі жабінцаўцаў “гарланэ”, маўляў, усё ў сваё горла цягнуць.

Жылі цесна, але весела, Анатолю ў маленькай хатцы нават легчы не было дзе – спаў у нагах у бацькі. Ніякай навучальнай установы тады ў вёсцы не было. Адзін з суродзічаў Анатоля, Уладзімір Шэйна – добры сталяр, што вырабляў мэблю (яго шафы з ясеня з разнымі фігуркамі і цяпер захоўваюцца ў радні), зарабіўшы грошы, прыехаў у родную вёску ў капелюшы  і з трысцінай, пабудаваў дом і дазволіў там размясціць школу. Так у 1937 годзе сямігадовы Анатоль апынуўся ў першым класе.

Гэта было своеасаблівае навучанне, бо ў першы клас бралі дзетак ад 1927 да 1930 года нараджэння. Польскай мовы ніхто з дзяцей не ведаў – толькі беларускую, а выкладала настаўніца менавіта па-польску. Праўда, кожны панядзелак прыязджаў на кані мясцовы праваслаўны святар і вучыў на працягу гадзіны малітвам па-расейску. Дзетак у класе было шмат, прычым некаторыя з аднолькавамі імёнамі і прозвішчамі, таму выклікалі іх так: Міша кавалёў (бацька быў кавалём) ці Міша барадаты (бацька гэтага хлопчыка насіў бараду).

 Першыя саветы

У 1939 годзе дзеткі атрымалі пасведчанні аб заканчэнні двух класаў школы. І тут прыйшлі Саветы! І ўсіх вясковых дзетак зноў узялі ў школу. І зноў… у першы клас! Праўда, вучылі ўжо па-расейску. Тыя, хто шмат працаваў і жыў заможна, адразу сталі для новай улады ворагамі. Таму сем’і асаднікаў – польскіх каланістаў, у тым ліку і былых  ваенных, якім урад міжваеннай Польшчы паводле спецыяльнага закона 1920 г. выдзяляў землі на тэрыторыі Заходняй Беларусі і якія  жылі на хутарах, у студзені 1940 года, папярэдне склаўшы з дапамогай мясцовых камсамольцаў спісы, савецкія актывісты пагрузілі  ўначы ў таварныя вагоны на станцыях Мордзічы і Міцкавічы і адправілі ў Сібір.

– Мароз быў мінус трыццаць, – расказвае Анатоль Міхайлавіч, – снегу намяло па пояс, бачыў, як адной  бабулі закутвалі ногі ў кудзелю і ўстаўлялі ў мех – і так павезлі. Ніхто з Янкоўскіх, Маліноўскіх не вярнуўся з чужыны, ніхто нават не азваўся пасля вайны, пэўна, усе загінулі…

Народная і страшная вайна

У чэрвені 1941 пачалася вайна. Анатоль бачыў, як адступалі чырвонаармейцы – проста беглі праз сяло хто ў чым. Назіраў хлопчык, як вызначалі гітлераўцы – хто з палонных радавы, хто афіцэр.Усё было проста: тым, хто служыў тэрміновую службу, дазвалялася насіць толькі кароткую прычоску. Здымае немец шапку ў палоннага і бачыць, да якога складу той належыць.

Па словах Анатоля Міхайлавіча, фашысты вельмі здзекаваліся з палонных і мясцовага насельніцтва.
– Павесяць у Баранавічах – і вісіць загінуўшы чалавек тыдзень, не даюць здымаць, – расказвае ён.

 А яшчэ ў сакавіку  1943-га ў вёсцы згарэлі 18 хат, у тым ліку і Лопуцяў. Немцы зрабілі засаду на партызана, злавілі яго, а потым стрэлілі з ракетніцы ў саламяную страху адной з хат – і агонь пайшоў гуляць па вёсцы.
 Але і партызаны, па  словах пенсіянера, былі розныя. Ужо ў 1944 годзе на Вялікдзень прыйшлі яны ў вёску і за тое, што зяць быў у паліцыі, расстралялі родную сястру мамы Анатоля, яе мужа, двух сыноў, забралі каня, карову, інвентар, зерне, спалілі хату. Адпусцілі толькі маладую жанчыну з малым дзіцем, муж якой загінуў яшчэ ў 1941-м. А перад тым, як запаліць хату, партызаны выставілі на вуліцу швейную машынку – пэўна, потым некаму спатрэбілася ў гаспадарцы.

Вызваленне запомнілася хлопчыку тым, што ў адзін з ліпеньскіх дзён 1944 года каля вёскі Буйневічы пачаўся вялікі бой і пасля яго падлеткі ўбачылі на ўзлеску 9 падбітых савецкіх САУ (самаходных артылерыйскіх установак) і разарваныя целы салдат – нямецкі карэкціроўшчык засеў на млыне ў суседнім сяле і кіраваў фашысцкай артылерыяй. Праз нейкі час прыбыла савецкая трафейная каманда,  тэхніку забралі на пераплаўку, рэшткі загінуўшых пахавалі.

РЕКЛАМА

Вызваленне не вызваліла ад праблем

Вайна адышла на Захад. Жыццё працягвалася – касілі, жалі жыта. Дарэчы, сельскай гаспадаркай займаліся на працягу ўсёй акупацыі – трэба было гадаваць дзяцей, нешта есці. А тут – без хаты, без бацькі.
– Кралі бярэзнік на апал,  – расказвае Анатоль Міхайлавіч. – Мне 14, брату 13 год, я за тоўсты канец бярэзіны бяруся, ён – за танчэйшы.

Жылі ў хаце міліцыянта, бо ён перабраўся ў Баранавічы, спалі на нарах. Маці навучыла касіць, сеяць. Людзі дапамаглі насеннем, вопраткай. А аралі ў тыя часы ў вёсцы на людзях – шэсць жанчын цягнуць, а сёмая за плугам.

– Беларусы прывыклі пакутаваць, – гаворыць Анатоль Міхайлавіч. – Мы ўсё сцерпім, усё вытрымаем.  Але нас, “западнікаў”, заўсёды ратавала тое, што мы трымаліся за зямлю. У  Заходняй Беларусі і тады было трошкі лягчэй, таму сюды, каб не памерці з голаду, пацягнуліся кабеты са Смаленскай вобласці. Ехалі сюды ў паўвагонах з-пад вугалю, каб уратаваць дзетак. Потым пасля дарогі адмыцца не маглі.

Так і гаравалі разам. І ні адна з жанчын не здала дзіцятка ў дзіцячы дом! Часам не было чаго паесці, чым памыцца. На людзей нападала кароста, але выйсце знаходзілі. Рэцэпты пазбаўлення ад хваробы былі розныя. Аднойчы брат знайшоў у лесе толавую шашку. Растаўклі яе, дадалі сметанковага масла, намазаліся.

– Назаўтра прачнуўся – нібыта на свет нарадзіўся, – расказвае Анатоль Міхайлавіч. – Кароста знікла! А так ужо хадзіць не мог, вусны пасінелі.

Мама Анатоля, Анюта Пракоф’еўна, доўгі час адна гадавала трох дзетак. Трымала гаспадарку, масла за тыдзень наб’е чатыры кілаграмы, яек збярэ – і ідзе за 23 км у Баранавічы. Там, здараецца, набудзе адно, а то і двух парасят і прынясе ў Жабінцы.

Пасля вайны пабудавалі ў Жалезніцы, што недалёка ад іх вёскі, школу. Разабралі панскую капліцу. Нябожчыкаў, целы якіх там захоўваліся, проста закапалі, а з цэглы парабілі ў школцы печы.
Вярнуўся з войска бацька, Міхаіл Адамавіч. Трэба было будавацца. Улада дала пазыку, лес вазілі з-пад Свіцязі. Бацька навучыў, як дваім класці 8-метровае таўшчэзнае бервяно на падводу.

– Ды і коні былі разумныя, – успамінае Анатоль. – Ведалі, як стаць, каб гаспадару было лягчэй.
У 1950-м у вёсцы сабралі камуністаў, тыя пачалі агітаваць, каб людзі ўступалі ў калгас. Хадзілі вылучэнцы партыі па хатах уначы – пэўна, па звычках НКУС. Прыйшлі аднойчы і да іх. І з парога сказалі: у цябе, маўляў, восем гектараў зямлі, не пойдзеш у калгас – завязем у Казахстан у высылку. Прыйшлося запісвацца…

У дальні край

У сакавіку 1951-га Анатоля забралі ў войска.Завезлі, як часцяком тады было, “за свет” – аж у Фінляндыю. Гэта была ваенна-марская база, порт Калаут.  

– Аб’ект быў сакрэтны, побач – фіны. Выйдзеш з казармы – адразу натыкаешся на надпісы “Пагранічная зона”, – расказвае Анатоль Міхайлавіч. – Трапіш за дрот – 10 гадоў турмы. Нехта спозніцца на вячэрнюю праверку – паднімаюць увесь полк, а то і базу – шукаюць. Анатоль хутка трапіў у роту сувязістаў, першым у падраздзяленні здаў на класнасць, заслужыў паездку на радзіму. Зволіўшыся ў запас і вярнуўшыся дамоў, пайшоў  на звыштэрміновую службу. Быў старшыной, потым прапаршчыкам. Служыў у Грабаўцы побач з Баранавічамі, на 9-м км, потым на Траццяках у зенітна-ракетнай брыгадзе. У 1959 годзе пачаў будавацца ў Баранавічах. Хату паставілі хутка, за некалькі месяцаў, у ёй Анатоль Міхайлавіч цяпер і жыве.

А падчас службы старшынёй дывізіёна заўсёды быў на добрым рахунку, мае шмат узнагарод.  Два разы быў на стрэльбах у Ашулуку, восем разоў – на Эмбе ў Казахстане. Адслужыў ён 27 год, справу гэту любіў, толькі, па яго словах, палітзаняткі заядалі.

Пасля звальнення 10 год адпрацаваў у ОРС НОД-2. Ветэрану Узброеных Сіл вельмі крыўдна, што ў брыгадзе, дзе ён адслужыў 15 год, пра яго забыліся – ніколі не паклічуць на мерапрыемствы, не павіншуюць са святам.
Ужо 6 год, як не стала жонкі. Але ў горадзе тры дачкі, шмат унукаў і праўнукаў. Ды і жывуць усе недалёка. А ў Жабінцах Анатоль Міхайлавіч усё ж бывае.  У сваім доме сям’я Лопуцяў надбудавала яшчэ адзін паверх. Цяпер для дзяцей там лецішча. А для Анатоля Міхайлавіча – Радзіма.

Дарэчы, з Жабінцаў выйшла шмат выбітных людзей, сярод якіх – прафесар, вядомы ўролаг Аркадзь Грэсь, генерал-маёр Мікалай Вашчылка, палкоўнік Аляксандр Гайдук.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up