Новости / Политика

Суд над ідэолагам Баранавіцкага райвыканкама не адбыўся, бо скончыўся тэрмін даўніны

22.01.2015, 17:03 / remove_red_eye 177 / chat_bubble

Іван Афанасік сцвярджае, што яго ў лістападзе 2014 года ў Малой Сваротве ў грубай форме выштурхаў са схода намеснік загадчыка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Баранавіцкага райвыканкама Дзмітрый Варвашэня.

Па прычыне таго, што скончыўся тэрмін даўніны, суддзя Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы Юліана Шчэрба закрыла 16 студзеня судовую справу ў адносінах да намесніка загадчыка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Баранавіцкага райвыканкама Дзмітрыя Варвашэні.

Справа тычылася праходзіўшага 12 лістапада мінулага года схода ў вёсцы Малая Сваротва, на якім абмяркоўвалася праца загадчыцы клуба Людмілы Галёвай і вяскоўцы выказваліся за тое, каб зняць яе з пасады. Заступіўся за жанчыну былы эканаміст гаспадаркі Іван Афанасік. І тады, па яго словах, Дзмітрый Варвашэня пры дапамозе кіраўніка гаспадаркі Віктара Савося ў грубай форме выштурхаў Афанасіка з памяшкання. Афанасік выклікаў мясцовага ўчастковага Сяргея Бучу, і на ідэолага быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Суддзя Юліана Шчэрба патлумачыла карэспандэнту Іntex-рress, што справа аб адміністратыўным парушэнні ў адносінах да  Дзмітрыя Варвашэні ёй паступіла 12 студзеня, праз два месяцы пасля складання пратакола аб парушэнні, таму яна і закрыла справу.

РЕКЛАМА

– Суд у дадзеным выпадку дзейнічаў згодна з беларускім заканадаўствам, – каментуе сітуацыю юрыст Андрэй Бастунец. – Не пазней за два месяцы справа павінна быць перададзена ў суд, разгледзена і па ёй вынесена адпаведнае рашэнне. Тэрмін даўніны ў нашай краіне ў адносінах да адміністрацыйных спраў злічваецца двумя месяцамі. Другая рэч, як у дадзеным выпадку да выканання абавязкаў паставіліся супрацоўнікі РАУС і дзе захоўваўся пратакол на працягу двух месяцаў?

На гэтыя пытанні карэспандэнт Іntex-рress паспрабаваў знайсці адказ у супрацоўнікаў Баранавіцкага РАУС. Участковы Сяргей Буча, які складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, сказаў, што не будзе каментаваць, дзе так доўга знаходзіліся паперы.

Прыкладна тое ж пачулі мы і ад начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Баранавіцкага РАУС Віталя Куляшова:

– Нічога не магу сказаць на гэты конт.

Грамадскі актывіст з Баранавіч Віктар Сырыца, які прысутнічаў на судовым паседжанні 16 студзеня, мае сваю думку наконт таго, што адбылося:

– Калі справа тычыцца апазіцыянераў, то іх судзяць адразу, часам не выпускаючы з пастарунка. А тут, калі справа тычылася райвыканкамаўскага ідэолага, у праваахоўнікаў была жалезная вытрымка, яны дачакаліся, пакуль прайшло больш за два месяцы і скончыўся тэрмін даўніны правапарушэння. Зрэшты, РАУС – структура таго ж райвыканкама, таму здзіўляцца не прыходзіцца.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up