Новости / Общество

Экстрэмальны Новы год!

17.01.2015, 1:02 / remove_red_eye 201 / chat_bubble

Новы год! З якім нецярпеннем мы чакаем свята, якія надзеі ўскладаем на гэты дзень! Падрыхтоўка да яго звычайна пачынаецца за месяц. Трэба выбраць падарункі блізкім, набыць прадукты, прыгатаваць смачныя стравы. Але некаторыя людзі вымушаныя святкаваць Новы год зусім не так, як хацелі…

Свята без святла

Алесь Бяляцкі тры гады запар сустракаў Новы год за кратамі. Фота: nn.by

Алесь Бяляцкі тры гады запар сустракаў Новы год за кратамі. Фота: nn.by

РЕКЛАМА

Праваабаронца Алесь Бяляцкі, бадай, самымі экстрэмальнымі ў жыцці лічыць “святкаванні” Новага года, якія прыйшліся на адбыванне ім пакарання ў месцах пазбаўлення волі.

– Яны былі не столькі экстрэмальнымі, колькі незвычайнымі, – расказвае Алесь. – Новы 2012 год я сустракаў у Жодзінскім СІЗА. Святло ў камерах уключалася і выключалася звонку, і роўна ў 22.00 яго выключылі і “паклалі нас спаць”. Мы апынуліся ў поўнай цямрэчы. Больш таго, не было магчымасці нават згатаваць гарбату ці каву, каб хоць такім чынам узгадаць пра свята. Але ў дванаццаць ночы пачаўся такі ляскат і звон па ўсіх камерах, што хоць вушы закладай. Вязні стукалі ў посуд, што меўся ў камерах, каб хоць такім чынам узгадаць адзін аднаму пра свята. Гэты Новы год быў вельмі невясёлым яшчэ і таму, што незадоўга да свята памёр мой бацька.

– Апошнія тры гады ў турме ў Бабруйску прыйшлося жыць у поўнай адзіноце, – успамінае Алесь. – Здаецца, у атрадзе 100 чалавек, а ты ўвесь час адзін, таму што стасункі з табою іншым зняволеным катэгарычна забаронены. Праўда, па словах палітвязня, цішком людзі падыходзілі, віншавалі, спачувалі, падбадзёрвалі.

– Так я «адзначаў» яшчэ два навагоднія святы. – дадае ён. – Але ратавала тое, што мне дасылалі віншаванні з волі. Іх было нават не сотні – тысячы! Я і ў няволі адчуваў падтрымку сяброў.

Новы год у акіяне

Новы 1982 год Вячаслаў Жудро сустракаў у Ціхім акіяне, які, як высветлілася, быў зусім неціхім. Фота: архіў Вячаслава ЖУДРО

Новы 1982 год Вячаслаў Жудро сустракаў у Ціхім акіяне, які, як высветлілася, быў зусім неціхім. Фота: архіў Вячаслава ЖУДРО

Вячаслаў Жудро 1982 год сустракаў у “равучых саракавых” шыротах у Ціхім акіяне, каля берагоў Чылі. Пасля заканчэння талінскай мараходкі ён працаваў на вялікім маразільным рыбалоўным траўлеры трэцім механікам. У рэйсах даводзілася знаходзіцца па 6–8 , а аднойчы нават 14 месяцаў.

– Мы ішлі з Антарктыды. У гэты дзень пачаўся страшны ўраган, – расказвае Жудро. – Хвалі дасягалі ў вышыню дванаццаць метраў. Рухавікі працавалі на поўную моц, а стометровы карабель стаяў на месцы. На палубу выйсці было немагчыма – змые. Судна то ўздымалася на хвалях, то ападала ў бездань.

Баяліся, што можа пераламацца пасярэдзіне, пачалі весці зварачныя работы, каб умацаваць корпус. Многія з экіпажа (92 чалавекі) вахту несці не маглі – ляжалі покатам. Але тыя, хто мог стаяць, назіралі рэдкае відовішча – каля дзясятка вясёлак, якія ў сонечным святле стваралі пырскі, што ляцелі ў якарныя і швартовачныя клюзы.

Па словах Жудро, сам ён хістанку пераносіў лёгка – хіба што больш хацелася есці. А Новы год адзначылі. Перад гэтым выгналі самагонкі з таматнай пасты (цукар зампаліт напярэдадні святаў выдаваць забараніў), так што ўсё было па-святочнаму. Асабліва калі ўлічыць, што ўраган доўжыўся амаль два тыдні… А з дому і ад сяброў у гэты час маракам ішлі радыёграмы з віншаваннямі.

«Маладыя» ў чаканні свята

У 70-я гады Новы год у войску, асабліва за мяжой, адзначалі без тэлевізара і віншаванняў кіраўнікоў. Аляксей Белы – у верхнім радзе першы справа. Фота: архіў Аляксея БЕЛАГА

У 70-я гады Новы год у войску, асабліва за мяжой, адзначалі без тэлевізара і віншаванняў кіраўнікоў. Аляксей Белы – у верхнім радзе першы справа. Фота: архіў Аляксея БЕЛАГА

РЕКЛАМА

 

Аўтар гэтых радкоў, бадай, таксама можа сказаць, што аднойчы адзначаў Новы год амаль у экстрэмальных умовах. Было гэта ў Венгрыі, чакалі надыходу 1972 года.

Мой прызыў вясны 1971 года адслужыў толькі сем месяцаў, усе мае сябры лічыліся “маладымі” (быў яшчэ і прызыў салаг, што прыйшлі пасля нас).

“Дзяды”, тыя, хто ўжо правёў у войску паўтара года і рыхтаваўся ў траўні зволіцца ў запас, перад Новым годам нечым правініліся перад камандзірам, і ён загадаў паставіць іх у нарад на кухню. Гэта і стварала экстрэмальную сітуацыю – стараслужачыя сказалі, што адыграюцца на нас. Да свята яны “падрыхтаваліся” добра – з Саюза ім навезлі адэкалону кшталту “Шыпр” і “Макі”, а такой-сякой закускі хлопцы набылі ў салдацкай кафэшцы і ўзялі на харчовым складзе.

Улічваючы, што ў нашым асобным батальёне ўрадавай сувязі была страшэнная дзедаўшчына, мы не чакалі ад свайго першага Новага года ў войску нічога добрага. Тым больш што афіцэры і «сверхсрочнікі» сышлі з казармаў святкаваць дамоў. Але ў такую ноч нам не хацелася выконваць ідыёцкія патрабаванні стараслужачых, дакладаць ім, колькі дзён да дзембеля, колькі да загаду, адціскацца па іх патрабаваннях ад падлогі. Хацелася абысціся без шматлікіх каманд “45 секунд пад’ём!” і прысяданняў… Вядома, мы гэтага чакалі.

Але наш прызыў быў вялікі, і мы вырашылі ўтварыць супраціў дзядам. Мы ўвесь вечар былі ў напружанні. Але… Уратавала тое, што “дзяды” перапілі ў капцёрцы парфуму і кулём паваліліся спаць. А мы расставілі пад елкай у казарме бамбій – нешта накшталт нашага ліманаду, паклалі цукеркі і печыва і пачалі баляваць. Былі і гітара, і песні для душы.

90 кіламетраў у гадзіну

Выклікаючы снег на горныя схілы, Юрый Мацюшка часцяком наклікаў на сябе бяду. Фота: архіў Юрыя МАЦЮШКІ

Выклікаючы снег на горныя схілы, Юрый Мацюшка часцяком наклікаў на сябе бяду. Фота: архіў Юрыя МАЦЮШКІ

Былы дырэктар “Медтэхнікі”, баранавіцкі паэт і турыст Юрый Мацюшка звычайна пад Новы год бярэ лыжы і выпраўляецца ў горы. Хуткасць спуску на трасах, дзе ён катаецца, месцамі дасягае 90–100 кіламетраў у гадзіну. Але… Снежань – гэта не заўсёды снег. Бывала, выязджалі, а снегу якраз і не было!

Тады спадзяваліся на Юрыя Мацюшку. Усе яго калегі перакананыя, што Юра мае ўплыў на прыроду, валодае цудадзейнай сілай і можа выклікаць снег! Справа ў тым, што Юрый разам з аднадумцамі з Афрыкі, Канады і еўрапейскіх краін два разы ўдзельнічаў у семінарах у Жэневе, дзе іх вучылі ўплываць на навакольнае асяроддзе.

– На семінарах па эзатэрыцы нас вучылі адвядзенню альбо аслабленню наступстваў стыхіі, актывізацыі абаронных сілаў чалавека, – расказвае Юрый. – Але вучылі і таму, што без неабходнасці ўмешвацца ў прыродныя ўмовы нельга. А тут калегі папрасілі выклікаць снег…

Па словах Мацюшкі, у той час (у канцы 2004-га – пачатку 2005 года) была яго першая спроба пакатацца на горных лыжах у Карпатах. Як кажуць сябры, снег яму выклікаць удалося (падзяліцца тэхнікай гэтых дзеянняў Мацюшка адмовіўся), але калі, накатаўшыся, ён рухаўся дадому, наступіў на кавалак абмерзлае трубы, упаў і пашкодзіў рэбры. Тое ж самае адбылося і ў навагоднія святы 2007 года, калі ён таксама выклікаў снег. Па словах сяброў, у Юрыя і на гэты раз атрымалася. Але на трасе ў яго ўрэзаліся іншыя лыжнікі, у выніку ў нашага “шамана” аказаліся паламанымі рэбры.

– Пэўна, я двоечнік, не вельмі ўважліва слухаў на семінарах швейцарскіх трэнераў. Цяпер адмаўляюся ўплываць на надвор’е, – гаворыць Юрый. – Здароўе даражэй!

А свята ў гарах, нягледзячы на абставіны, усё адно адбывалася. Дзяўчаты рыхтавалі праграму, накрывалі стол, упрыгожвалі галінкі елак цацкамі. І лыжнікі сустракалі Новы год!

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up