Новости / Культура

У Баранавічах самаліквідуецца арганізацыя літаратараў «Святліца»

8.01.2015, 12:52 / remove_red_eye 192 / chat_bubble0

Грамадская арганізацыя “Творчае згуртаванне “Святліца” спыняе сваю дзейнасць. Такое рашэнне прынята большасцю галасоў сяброў арганізацыі на сходзе 7 студзеня.

“Святліца” дзейнічала ў Баранавічах 17 гадоў. Апошнім часам яна налічвала 15 сяброў – мясцовых літаратараў, мастакоў і бардаў. На рахунку згуртавання – шматлікія літаратурныя імпрэзы. Па ініцыятыве “святлічнікаў” у 2005 годзе ў Баранавічах адбыўся першы фестываль бардаўскай песні, праходзілі творчыя сустрэчы з чытачамі, былі выдадзеныя чатыры літаратурныя альманахі, арганізавана шмат выступленняў на гарадскіх мерапрыемствах.

Згуртаванне “выгадавала” чатырох сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў. “Святліца” сабрала вялікі літаратурны архіў, у якім захоўваюцца публікацыі, аўдыё- і відэазапісы мясцовых літаратараў, нават тых, каго сярод нас ужо няма – Анатоля Станкевіча, Валерыя Ігнаценкі, Венанцыя Бутрыма, Яна Савіцкага, Івана Лагвіновіча.

Па ініцыятыве творчага згуртавання «Святліца» ў Баранавічах дзве вуліцы названы імёнамі мясцовых паэтаў – Венанцыя Бутрыма і Івана Лагвіновіча. Сябры арганізацыі падрыхтавалі і выдалі анталогію беларускай паэзіі «Агледзіны».

РЕКЛАМА

У апошнія гады “Святліцу” не ўключалі ў лік выступаючых на святах горада, на зварот ў гарвыканкам з просьбай дазволіць праводзіць паседжанні ў метадычным аддзеле Дома культуры быў дадзены адмоўны адказ з тлумачэннем, што грамадская арганізацыя павінна сама вырашаць пытанні арэнды. Між тым арганізацыя не займалася фінансавай дзейнасцю і не мела ніякіх рахункаў у банку.

Сябры “Святліцы” збіраліся то ў прыстасаваным памяшканні ў падвале, то ў каго-небудзь на лецішчы ці дома. Так не магло працягвацца бясконца. У рэшце рэшт кіраўніцтвам арганізацыі было прынята рашэнне выйсці з прапановай да сяброў – спыніць дзейнасць грамадскай арганізацыі, што і было зроблена на агульным сходзе.

Вельмі сумна, што так адбылося, – гаворыць адзін з сяброў арганізацыі Іван Трысцень. – Я шмат чаму тут навучыўся, у мяне выйшлі за гэты час кніжкі вершаў і прозы, мы ў “Святліцы” абменьваліся досведам, сюды хадзіла моладзь.

Другі сябра “Святліцы” Юрый Чыстапольскі дадае:

– Але ж нам ніхто не забароніць сустракацца, як і раней, няхай і не пад патранажам нашага згуртавання.

РЕКЛАМА

На сходзе створана ліквідацыйная камісія, пратакол паседжання аб спыненні дзейнасці арганізацыі будзе накіраваны ва Упраўленне юстыцыі аблвыканкама.

Читать также
Культура camera_alt

Дни Франции пройдут в Барановичах

11 часов назад 6 remove_red_eye 299
Комментарии

Правила комментирования

Оставить комментарий

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.
  Подписаться  
Уведомление о
Scroll Up