Новости / Общество

Памёр былы міністр сельскай гаспадаркі, палітвязень Васіль Лявонаў

4.01.2015, 15:34 / remove_red_eye 0 / chat_bubble

Сёння раніцай памёр Васіль Лявонаў. Пра гэта ў сваім фэйсбуку паведаміў журналіст Аляксандр Коктыш.

Моцны, разумны, валявы. Былы першы сакратар Магілёўскага абкама КПБ. Былы міністр сельскай гаспадаркі Беларусі. Былы палітычны зняволены, якога не зламала турма – напісаў у сваім фэйсбуку Аляксандр Фядута.

Васіль Лявонаў неаднаразова выступаў экспертам у справах сельскай гаспадаркі для газеты Intex-press. 

Васіль Лявонаў нарадзіўся 16 красавіка 1938 года ў вёсцы Дубянец Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1964 скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, а потым Мінскую вышэйшую партыйную школу. Працаваў цесляром, шахцёрам, інжынерам-механікам, старшынёй саўгаса.

РЕКЛАМА

У 1984–1989 гадах – старшыня Мандатнай камісіі, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. У 1991 на некалькі месяцаў прызначаны вядучым спецыялістам Галоўнага ўпраўлення эканамічных сувязяў з капіталістычнымі краінамі ў Маскве. Пасля забароны КПСС быў накіраваны гандлёвым прадстаўніком Беларусі ў Нямеччыну (1991–1994).

Падчас выбараў першага прэзідэнта Беларусі Лявонаў падтрымліваў В. Кебіча, аднак, нягледзячы на гэта, прыняў прапанову А. Лукашэнкі заняць пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. В. Лявонаў не падтрымаў ідэю рэферэндуму 1996 года, пасля чаго ў міністэрстве пачаліся масавыя праверкі.

Васіль Лявонаў быў арыштаваны 11 лістапада 1997 года ў працоўным кабінеце. Яго арышт здымала група аператараў БТ. Экс-міністру былі прад’яўленыя абвінавачанні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ: арт. 91.1 – «крадзеж маёмасці ў асабліва буйных памерах», арт. 169 – «атрыманне хабару» і арт. 213 – «незаконнае захоўванне баявых прыпасаў і зброі».

На судзе Лявонаў віны не прызнаў, заявіўшы, што лічыць сваё зняволенне палітычнай справай. 14 студзеня 2000 г. Васіль Лявонаў прызнаны Вярхоўным судом вінаватым у хабарніцтве і крадзяжы дзяржаўнай маёмасці і пакараны да 4 гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці. Вызвалены 5 кастрычніка 2000 г. паводле амністыі.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up