Автор: Аляксей БЕЛЫ

23:31, 25 декабря 2014

Общество

remove_red_eye 124

Мая вёска: Такая старая Новая Мыш

Адно з буйнейшых паселішчаў Наваградчыны ў часы сярэднявечча, у савецкія часы – раённы цэнтр, цяпер – проста вёска. Усё гэта – Новая Мыш. Тут шмат што выглядае так, як пяцьдзясят, як сто год таму і нават болей. Каталіцкі касцёл Перамянення Пана з цудоўным арганам, Спаса-Праабражэнская царква, сінагога, якую ператварылі ў клуб…

За палякамі працавалі шмат, але жылі заможна

Па словах даследчыка Васіля Дубейкі, тут няма і не было вуліц з бальшавіцкімі назвамі – Камуністычнай, Леніна… Новай  Мышшу ў XVII стагоддзі валодалі Хадкевічы, пазней упраўляючым гаспадаркай у Юзафа Несялоўскага быў бацька Яна Чачота Тадэвуш. У гэтым мястэчку ў 1931 годзе нарадзілася і жыла наша гераіня, Ядвіга Аляксандраўна Уласік, у дзявоцтве Легун.

Яе бацька Аляксандр і маці Юзэфа пабраліся шлюбам, калі ім было толькі па 18 год – сыну ўдавы і дачцэ ўдавы трэба было працаваць на зямлі, а разам гэта рабіць лягчэй. Іх агульны надзел складаў усяго два з паловай гектары, што па мерках жыцця пры Польшчы было зусім няшмат. Таму гектараў з дзесяць арандавалі ў больш заможных гаспадароў. Дом быў драўляны, даўжэзны, з прыробленымі да яго пабудовамі, дзе трымалі жывёлу і птушку. Перад прыходам першых Саветаў прыдбалі яшчэ дзесяць гектараў сваёй зямелькі – і поля, і лесу. Нават грыбы ў сваім лесе збіралі і смажылі! Удалося гэта дзякуючы  таму, што была мара. І таму, што бацькі сур’ёзна займаліся свінаводствам, гадавалі жывёлу, прадавалі мяса, збіралі грошы. Аднойчы бацьку, які вяртаўся з кірмаша, бандыты падпільнавалі, парэзалі і абрабавалі. Але справу сваю ён не кінуў. Суседзі дзівіліся: як гэта ў будзённы дзень у Легуноў аладкі пякуць, скваркі смажаць! Праўда, у 1939-м савецкая ўлада набытую зямлю адабрала…

РЕКЛАМА

Ядвіга Легун, навучэнка 9 класа (у верхнім радзе), з бацькамі, бабуляй, братамі і сястрой.

Ядвіга Легун, навучэнка 9 класа (у верхнім радзе), з бацькамі, бабуляй, братамі і сястрой.

Па гаспадарцы бацькам шмат дапамагала бабуля Стафанія, якая пражыла 99 гадоў. Яна і гадавала малую Ядзю (тая між дзяцей была старэйшай), яе сястру і двух брацікаў. Новая Мыш у тыя гады была вельмі інтэрнацыянальнай – беларусы, яўрэі, татары… Храмы наведвалі па веравызнанні. Маці Ядзі ў касцёл хадзіла штодня, часам “…і бацьку за руку завядзе”. Мама ўваходзіла ў Таварыства Святой Марыі, спявала у касцёльным хоры. Дарэчы, брат і сястра Ядвігі Аляксандраўны, што жывуць у Новай Мышы, і цяпер там спяваюць. У вёсцы было некалькі яўрэйскіх крамаў, гэтыя людзі ўмелі гандляваць і зазываць да сябе, тавары давалі і на павер, тлумачачы: ”Будуць потым грошы – аддасі!”

Вайна прыйшла нечакана

Перад вайной сям’я пачала будаваць новы дом. Але дабудоўвалі  ўжо пасля перамогі, таму што прыйшлі немцы. Калі мястэчка бамбілі, хавалі там карову.

– Гэта былі жудасныя часы, – узгадвае Ядвіга Аляксандраўна. – У Мышы стаяў вялікі гарнізон, наша хата была на ўскрайку. Час ад часу наляталі немцы і паліцыянты – шукалі партызанаў.

У хаце Ядзі часцяком спыняліся нанач людзі з іншых мястэчак і вёсак, каб зранку патрапіць на кірмаш у Баранавічы. Нехта і дакладаў немцам пра гэтых “гасцей”. Гітлераўцы самі людзей не катавалі, гэта рабілі іх найміты. Быў выпадак, калі паліцыянты збілі нагамі бацьку так, што аж счарнеў. На плошчы каля касцёла і царквы акупанты паставілі чатыры шыбеніцы, і маленькая Ядзя бачыла, як немцы вешалі людзей. Аднойчы фашысты сабралі ўсіх местачковых яўрэяў і пагналі за лясок.

За першую зарплату настаўніцы Ядвіга набыла ровар (1952 год).

За першую зарплату настаўніцы Ядвіга набыла ровар (1952 год).

–    Гналі, як жывёлу, і малых і старых, наўкол  стаяў страшэнны крык і енк. За лесам усіх і расстралялі. Засыпалі  яшчэ жывых. Кажуць, зямля варушылася, – расказвае суразмоўца.

Перад вызваленнем гарнізон бамбілі савецкія самалёты. Людзі беглі праз вузенькую кладку на балота і там хаваліся. Аднойчы пачалі бамбіць, калі вяскоўцы ішлі ў касцёл. Адна з бомбаў патрапіла ў дом мясцовага сталяра, і Ядвіга бачыла, як падчас выбуху ўгору ляцелі зробленыя труны.

У вайну да сям’і дадаліся яшчэ трое дзяцей: у мамінага брата Станіслава памерлі жонка і маці, згарэла хата, захварэў на сухоты сам. Прыйшлося ўзяць дзетак да сябе.

Перад адыходам немцы выгналі вяскоўцаў  у поле, а хаты іх падпалілі. Людзі, уцякаючы, хапалі хто што мог, проста вар’яцелі ад жаху. Мама Ядвігі ўхапіла вялікую керамічную вазу і пабегла разам з усімі. Гэтая ваза і цяпер захоўваецца ў сям’і Уласікаў. Немцы  вымусілі бацьку Ядвігі запрэгчы каня, селі на фурманку, і ён павез іх і паліцыянтаў на захад. Вядома, у яго была магчымасць уцячы адразу, у першую ноч. Але як селянін кіне сваё? У рэшце рэшт бацька зразумеў, што з канём яго дадому ніхто не адпусціць, а жыццё даражэй,  і збег дахаты. Сям’я ўжо вельмі турбавалася, малую Ядзвігу маці нават паслала ў Цяпліводы шукаць бацьку. Наўкол стралялі, дзяўчынка хавалася ў жыце. У той вёсцы бацькі не было, а калі вярнулася, ён быў ужо дома.

–    Цяпер бы не пайшла, пабаялася б, а тады хадзіла, – расказвае Ядвіга Аляксандраўна.

РЕКЛАМА

Жыццё калгаснае…

Вайна скончылася. Дабудавалі дом. У калгас бацька ісці не хацеў – плаціў падатак, каля дзевяці тысяч у год. Велізарныя грошы, таму прыйшлося змірыцца і напісаць заяву, каб “прынялі” ў калектыўную гаспадарку. Здалі сячкарню, малатарню. Маці была звеннявой, працавала за працадні. Бацька са сваім канём пайшоў на чыгунку возчыкам. Дзяўчынка Ядзя, як і іншыя дзеці, з дзяцінства ўсё ўмела рабіць па гаспадарцы – жала, касіла, капала…
У дзясяты клас хадзіла ўжо ў Баранавічах у 14-ю школу, жыла на кватэры. Вучылася добра. Але на выпускны вечар не патрапіла – трэба было аддаць на гэта сем рублёў.

Закончыўшы школу, паступіла ў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут на фізмат. Жыла ў той жа гаспадыні. Пасля заканчэння выкладала фізіку і матэматыку ў Дубава, вяла гурток для моладзі ў сельсавеце. За першую зарплату набыла і транспартны сродак – ровар!

Тады ж пазнаёмілася з сваім будучым мужам Міхаілам – яго накіравалі першым сакратаром райкама камсамола ў Новую Мыш (у той час мястэчка было савецкім райцэнтрам), і ён час ад часу прысутнічаў на занятках у Ядвігі. Хлопец спадабаўся. Ездзіў на матацыкле, часам падвозіў і яе. У вёсцы гаварылі “За яго не аддадуць”. Мясцовыя бабулі перасталі вітацца з дзяўчынаю, маўляў, сваіх хлопцаў хапае. Родныя таксама былі супраць. ”Кіне цябе гэты камсамолец альбо заб’юць”. Не паслухалася, пайшла. Пражылі разам 52 гады. Дзесяць год, як мужа ўжо няма.

Хочаш не хочаш – а будуйся!

Пасля шлюбу Ядвігу Аляксандраўну перавялі працаваць  ў школу ў Новую Мыш – мужу там выдзелілі вялікі дом. Паступіла ў Вялікалукскі (у Расіі) інстытут: баранавіцкая навучальная ўстанова вышэйшай адукацыі  не давала. Потым перавялася ў Гродзенскі педагагічны, які і скончыла. І хоць муж быў партыйным работнікам, калі прыехаў да яе, пайшлі ў касцёл. У той час гэта была вялікая рызыка: мог пазбавіцца пасады. Потым Міхаіла перавялі на працу ў райкам партыі, яна пайшла  ў трэцюю зменную школу ў Баранавічах. У некаторых групах было па 50 чалавек – міліцыянеры, чыгуначнікі, начальнікі… Людзі ўжо атрымалі добрыя пасады, але не мелі ніякай адукацыі.

На экзаменах здараліся казусы. Ядвіга Аляксандраўна, каб “выцягнуць” з васьмікласніка хоць што, спыталася, паказваючы на трохкутнік – што гэта за фігура. ”Клын” – значыць, клін, упэўнена адказаў навучэнец ці то з палескім, ці то з украінскім акцэнтам.

З мужам у гэты час паціху пачалі будавацца ў Баранавічах. Працэс цягнуўся доўга, заробкі ў абодвух былі мізэрныя – па 70 рублёў, таму хату “ставілі” аж да шасцідзясятага года. Узгадвае Ядвіга Аляксандраўна, што землямер тады хадзіў у падвязаных вяроўкамі калошах.

Міхаіла накіравалі старшынёй калгаса “Маладая гвардыя” ў Вялікія Лукі. Пасля “вярнулі“ бліжэй да Баранавіч – узначаліў калгас імя Мічурына ў Каўпеніцы, дзе і адпрацаваў 25 год. Заслужыў ордэн і некалькі медалёў. У вёсцы Анісімавічы, якая ўваходзіла ў гэты калгас, ёсць вуліца імя Міхаіла Уласіка. Ядвіга Аляксандраўна, папрацаваўшы ў 5-й школе, а потым больш за 20 год – у 12-й, стала выдатнікам народнай адукацыі.

Павырасталі дзеці і ўнукі, дачка Тамара – кандыдат тэхнічных навук, жыве ў Мінску, там жа атабарыўся і сын Аляксандр, які скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут. У бацькоўскім доме ў Новай Мышы, дабудаваным пасля вайны, жыве брат Генадзь. Дом упарадкавалі па-сучаснаму, ён ужо даўно не апошні на вуліцы Садовай – людзі пабудаваліся і далей. І вулачка ўсё такая ж скасавураная, з каляінай. Як пяцьдзясят, і сто год назад. А закінутых хат у Мышы стала болей, чым дваццаць год таму. Ядвіга Аляксандраўна па магчымасці патрапляе туды. А ў Баранавічах улетку ў сваім садзе разводзіць кветкі, падсаджвае з роднымі маладыя дрэўцы.
–    Жылі цяжка, але цікава, – гаворыць жанчына.
Жыццё працягваецца.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up