Новости / Общество

Зміцер Палойка: Пра Данбас нічога казаць не буду: з КДБ зацюкалі ўжо

22.12.2014, 17:47 / remove_red_eye 295 / chat_bubble

Жыхар Баранавіч, прозвішча якога было ў спісах батальёна Данбас, выйшаў на волю пасля 10 дзён арышту.

Зміцера Палойку затрымалі 11 снежня на чыгуначным вакзале, калі ён прыехаў з Украіны ў Баранавічы афармляць дакументы на продаж сваёй кватэры.

– Не паспеў з цягніка выйсці, як адразу падышлі супрацоўнікі: маўляў, трэба дакументы праверыць. Завялі ў пастарунак, пачалі ў рэчах капацца. Я ім кажу – вы асобу высвятляеце ці вобыск праводзіце? Дзе тады панятыя? Але міліцыянты адказалі «Навошта табе панятыя? – Іх жа яшчэ шукаць трэба. А ты ж хутчэй дадому хочаш», – расказаў Іntex-press Зміцер.

Потым, па словах мужчыны, з’явіліся два супрацоўнікі КДБ, якія пачалі задаваць пытанні пра Украіну, пра вайну, пра батальён Данбас.

РЕКЛАМА

– Але я ім нічога не сказаў і падкрэсліў, што калі іх цікавіць вайна ва Украіне, то хай пачытаюць у інтэрнэце – там ужо шмат напісана, – распавёў Зміцер Палойка.

Нічога не дабіўшыся прыкладна за тры гадзіны, цягам якіх мужчыну трымалі ў пастарунку, супрацоўнікі КДБ дазволілі яму ехаць дадому, папярэдне папрасіўшы падпісаць паперы аб гатоўнасці прайсці тэсты на паліграфе.

– Не паспеў я выйсці з будынка, як убачыў недалёка трох міліцыянтаў без шапак. Яшчэ падумаў, чаго гэта яны з голай галавою. А тут яны да мяне кідаюцца, двое хапаюць за рукі, адзін вырывае сумку. А ў мяне проста шок, ногі падкошваюцца, а ў вачах пытанне «за што?». Пасадзілі ў машыну і павезлі ў «абяз’яннік». Я так зразумеў з іх гутаркі, што яны думалі, нібыта ўкраінца затрымлівалі. Тое, што я беларус, для іх навіной было – відаць, не так зразумелі загад, – расказаў Зміцер.

Пасля паўторнага затрымання мужчыну абвінавацілі ў «лаянцы» і «непадпарадкаванні». Як вынік – 10 дзён арышту.

Пастанаўленне Баранавіцкага суда ў дачыненні да Зміцера Палойкі

Пастанаўленне Баранавіцкага суда ў дачыненні да Зміцера Палойкі

– Цікава, як дамаўляецца з сумленнем той падпалкоўнік, які на судзе сведчыў, быццам я хапаў яго за форму і спрабаваў ударыць – я проста шакаваны нашымі «законамі». Хай не мяне правяраюць на паліграфе, а тых міліцыянтаў, што мяне затрымлівалі. І ўвогуле, за 10 дзён арышту амаль штодзень прыходзілі «КДБісты» і працягвалі свае допыты, здымалі, здаецца, на відэа, абражалі маю нявесту, казалі, што не дадуць нам ажаніцца, а калі яна прыедзе сюды, то яе пасадзяць. Мне, як бачна, яны праблемы ўжо стварылі – выезд за мяжу мне забаронены «да асаблівага загаду». Аднак я нічога не падпісваў і цяпер буду шукаць выйсце з гэтага становішча, – сказаў Зміцер Палойка.

На думку мужчыны, падставаю для затрымання стала з’яўленне яго прозвішча ў апублікаваных спісах асабовага складу батальёна Данбас, які зараз ваюе ў зоне АТА.

– Пра Данбас нічога казаць не буду: з КДБ зацюкалі ўжо. Усё, што трэба, я ім ужо сказаў і для прэсы паўтараць не буду – не хачу новых праблем.

Зміцер Палойка

Зміцер Палойка

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up