Новости / Политика

СМІ: беларускі вайсковы эксперт Аляксандр Алесін арыштаваны па шпіёнскім артыкуле

5.12.2014, 13:35 / remove_red_eye 98 / chat_bubble

Інфармацыя пра знікненне Алесіна з'явілася 4 снежня.

Аляксандр Алесін працуе вайсковым аналітыкам у штотыднёвіку «Белорусы и рынок» і з’яўляецца ў сваёй тэме адным з вядучых экспертаў нашай краіны. «ІР» не раз звярталася да яго за каментарыямі. Напрыклад, ён тлумачыў, чаму ў Баранавічах не будзе расійскай авіябазы і чаму падаюць беларускія вайсковыя самалёты.

Пра знікненне Алесіна напісалі 4 снежня адразу некалькі беларускіх і замежных выданняў.

Па іх інфармацыі, журналіста нібыта арыштавалі ўвечары 28 лістапада ў яго доме па падазрэнні ў шпіянажы на карысць адной з дзяржаваў, і цяпер ён знаходзіцца ў турме КДБ. Руская служба «Радыё Свабода» піша, што журналіста затрымалі ў кавярні.

РЕКЛАМА

Калегі журналіста не маглі дазваніцца да яго. Спачатку тэлефон ніхто не падымаў, а пасля нумар ужо быў адключаны.

Галоўны рэдактар газеты «Белорусы и рынок» Вячаслаў Хадасоўскі пасля зваротаў журналістаў ніяк не пракаментаваў сітуацыю, адзначыўшы толькі, што Алесіна некалькі дзён не было на працы ў рэдакцыі.

Журналісты tut.by змаглі звязацца з прэс-службаю КДБ, дзе ніяк не пракаментавалі інфармацыю пра арышт Алесіна.

Інфармацыі ў шпіёнскіх справах заўсёды няшмат. Аднак арышт журналіста ўздымае некаторыя пытанні.

Шпіёна ад журналіста, аналітыка ці дыпламата адрознівае тое, што апошнія збіраюць несакрэтную, адкрытую інфармацыю, напісала ў рэдакцыйным каментары «Наша Ніва».

– Вось калі чалавека арыштоўваюць за збор і аналіз інфармацыі з адкрытых, несакрэтных крыніц – гэта атас. Бо тады аналагічна можна арыштаваць любога аналітыка, які працуе на замежную ўстанову, калі толькі ён закранае сферу бяспекі, любога беларускага супрацоўніка замежнай амбасады. А гэта істотна мяняе правілы жыцця ў краіне, – падсумоўвае «НН».

Беларуская асацыяцыя журналістаў 5 снежня заклікаў КДБ праінфармаваць грамадскасць аб прычыне і месцы ўтрымання пад вартай журналіста газеты “Беларусы і рынак”, сябра ГА “БАЖ” Аляксандра Алесіна.

«Мяркуем, што інфармацыя аб затрыманні, змяшчэнні пад варту асобы, сутнасці падазрэнняў і абвінавачванняў, працэсуальным статусе, месцы ўтрымання і іншых аспектах, якія не маюць дачынення да дэталяў крымінальнага пераследу, не можа парушыць таямніцу следства, якая ахоўваецца па закону, і не паставіць пад пагрозу інтарэсы дзяржаўнай бяспекі, аховы грамадскага парадку.» — адзначана ў заяве БАЖ.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up