Автор: Арцём ГАРБАЦЭВІЧ

14:31, 4 декабря 2014

Общество

remove_red_eye 180

Баранавіцкі хлопец трапіў у кому з-за спайсу: «Дактары думалі, што я ўжо не прачнуся»

Бацькі Мерхана Мусаева разам з сынам эмігравалі ў Беларусь з Чачні. Тут Мерхан змяніў сваё імя і прозвішча на Улада Федаровіча і пачаў атрымліваць сярэднюю адукацыю. Менавіта ў Баранавічах каўказскі хлопец упершыню паспрабаваў спайс – і настолькі няўдала, што пасля зацяжкі патрапіў у рэанімацыю. Але Улад выжыў і расказаў “ІР” аб зменах у сваім светапоглядзе пасля двух дзён комы. 

– Як так выйшла, што ты пакурыў спайсу?


– Гэта было год таму – напрыканцы лістапада. Я тады з сябрамі паехаў на дыскатэку ў ДКТ, папярэдне крыху выпіўшы, зусім мала. І вось ужо на дыскатэцы мы пайшлі ў туалет і там сустрэлі знаёмых з 118-й «хабзы». Не сказаць, што я ведаў гэтых хлопцаў добра, але ўсё ж неяк ведаў. Яны і прапанавалі нам пакурыць «афганскай марыхуаны». Можа, алкаголь адыграў ролю, не ведаю, але мы пагадзіліся. Я, праўда, яшчэ раз удакладніў: ці сапраўды гэта марыхуана? Ці не будзе ў мяне галюцынацый? У адказ хлопцы заківалі: маўляў, так, усё нармальна будзе.   

РЕКЛАМА

Тады мой сябра першым пакурыў, і я на яго гляджу — а яму быццам бы добра. Ён яшчэ кажа, што яго «расслабіла». Тады я ўзяў гэтую скручаную фальгу, зрабіў пару зацяжак…

– Што ты тады адчуваў?

– Праз некалькі імгненняў пасля зацяжкі мяне нібы пераклініла: гляджуся ў люстэрка і адчуваю, што я гэта ўсё ўжо бачыў. Далей мне пачало здавацца, што людзі навокал хочуць мяне забіць — я абараняўся і таксама хацеў іх забіць, «выратоўваючы» жыццё. Але розум яшчэ не цалкам адключыўся, я намагаўся сябе кантраляваць і, дзякуй Богу, нічога кепскага нікому не зрабіў.

 
Потым, незразумела як, я перастаў бачыць, хоць вочы і былі расплюшчаныя – паветра вакол мяне пачало рабіцца аб’ёмным і пераўтварацца ў нейкія квадрацікі, праз якія нічога не было бачна. Мяне штосьці біла галавою аб сцену, хапала за ногі – жах. І ўрэшце я ўбачыў сябе як бы «зверху» – маё цела ляжала на падлозе туалета з заплюшчанымі вачыма. У гэты момант я не адчуваў сябе чалавекам, а нейкім камп’ютарам. І тут раптам пачаў «падаць» у сваё цела і вярнуўся ў прытомнасць. Хоць усё заняло дзесьці хвілін 10, але мне тады здавалася, што 10 год.

– Табе спрабавалі дапамагчы твае сябры?

– Якое там! Наадварот — трэба было зрабіць так, каб ніхто не даведаўся аб здарэнні. Я падняўся сам, памыў твар халоднаю вадою і паціху пайшоў да выхаду — думаў выйсці на вуліцу. Аднак мае магчымасці не адпавядалі жаданням, я проста «бухнуўся» на бліжэйшую канапу, бо не мог далей ісці. Нават гаварыць не мог — нейкае мычанне атрымлівалася. І вось, сяджу я і думаю — ніхто не бачыць, у якім я стане, таму зараз я крыху адпачну і буду рухаццца далей на выхад.

Але тут мяне зноў «накрыла» – пачаліся «глюкі», нібы па мне ездзяць вялікія колы, наматваюць мяне на сябе. Разам з гэтым пачало рэфлекторна рваць, хоць я быў без прытомнасці.

Калі я «вярнуўся» ў сябе, то ўбачыў побач людзей — сацыяльнага педагога і міліцыянера. Яны спыталі, што я ўжываў. Тут я ўпершыню спалохаўся за сваё жыццё і падумаў, што хаваць нічога не буду. Так і сказаў: «курыў невядома што з малазнаёмымі людзьмі ў туалеце». Затым каля нас з’явілася ўборшчыца, сунула мне анучу і, ківаючы на маю рвоту на канапе, прымусіла прыбірацца.

Далейшы ход падзей памятаю кепска: вось я бяру ў рукі анучу, вось прыязджае «хуткая», вось мы едзем з сацыяльным педагогам, і яна мне ўсё паўтарае «гавары са мною». Потым я прачынаюся ў нейкай палаце і бачу медсястру — яна кагосьці кліча і крычыць «ачухаўся». У той момант я моцна хацеў есці і піць. А потым мне ўжо бацька сказаў, што я два дні быў у коме.

– Як ты змяніўся пасля той комы?

– Я ведаю, што перажыла мая сям’я, калі я ляжаў у бальніцы. Бацька нават схадзіў у царкву, хоць ён мусульманін, і паставіў свечку, бо людзі казалі, што гэта можа дапамагчы.

І я вельмі рады, што жывы, што я тады нікога не забіў, не выдаліў сабе вочы ці яшчэ  што… Хтосьці даў мне другі шанс на жыццё, каб я мог асэнсаваць свае памылкі, перагледзець каштоўнасці і навучыцца выбіраць таварышаў. Я пакляўся сабе, што ніколі і ні пры якіх умовах не дакрануся да наркотыкаў.

З таго часу я адхрысціўся і ад старога кола сяброў — пазбягаю ўсіх, хто курыць спайсы. І з чужых рук больш нічога не бяру. Нават звычайныя цыгарэты – заўсёды куру свае, што я асабіста купіў і распакаваў.

Я з таго моманту пачаў займацца спортам, барацьбою, і спяваць нашыя нацыянальныя песні. Мяркую, што лепш развівацца, чым курыць спайс, дурэць ад яго, атручваючы сваё цела і галаву.

– Чым так вабяць падлеткаў спайсы?

– Калі людзям рабіць няма чаго, то яны пачынаюць маяцца дур’ю. А тут усё гэтаму спрыяе – таннасць наркотыкаў, іх прапаганда ў масавай культуры. Вось, напрыклад, багата расійскіх спевакоў і рэпераў чытаюць толькі аб адным – нарката, траўка. Расказваюць, як гэта крута – “пыхнуць”. Можа, у іх там грошы ёсць і яны могуць курыць нешта такое, што потым не сарве ім “дах”. Але нашыя падлеткі слухаюць, хочуць быць такімі ж “крутымі” і пачынаюць курыць танныя спайсы, а некаторыя і прадаваць іх. Вось я, напрыклад, як толькі пачую хоць пару словаў з гэтых песень, адразу ўзгадваю той выпадак, калі я ледзь не загінуў.  

– Як ацэньваеш маштабы спайсавай праблемы ў тваёй вучэльні?

РЕКЛАМА

– Усё вельмі кепска – гэта сапраўдная манія нейкая сярод моладзі. І як бы з імі ні змагаліся, усё роўна, як кажуць, у кожным лесе ваўкі водзяцца. На курылцы могуць прапанаваць не цыгарэту, а “касяк”. І я калі чую ці бачу, што хтосьці курыць з маіх аднагрупнікаў, то адразу тлумачу: “Ты дурань, што ты робіш? Я нават ворагу не пажадаю адчуць тое, праз што я прайшоў год таму, а вы тут самі сябе, можна сказаць, у труну заганяеце. Ды вы б ад усяго адмовіліся, калі б пабывалі ў маёй скуры”.

І здавалася б, цяпер усе маюць інтэрнэт, чытаюць пра падлеткаў, каторыя пад спайсам адзін аднаго рэжуць і скачуць з вокнаў. Але кожны спадзяецца, што яго гэта не закране, што гэта казачкі. Але не – галавою паехаць пад гэтай справай можа кожны. І добра яшчэ, калі толькі сядзеш у турму, а не загінеш.

А што да вялікіх тэрмінаў за спайсы – то тут я з судом цалкам згодны. Тыя, хто спайсамі гандлюе, гэта, па сутнасці, прадаўцы смерці. Які кайф? Там смерць і памяшальніцтва. І “барыгі” хочуць зарабіць на болю іншых людзей, дзяцей, падлеткаў. Таму хай сядзяць за кратамі і думаюць аб сваім жыцці.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up