Новости / Общество

Куды пойдуць служыць прызыўнікі з Баранавіч і як праходзіць асенні прызыў-2014?

15.11.2014, 15:08 / remove_red_eye 137 / chat_bubble

Восеньскі прызыў на вайсковую службу пачаўся ў жніўні і працягнецца да канца лістапада. Аб тым, як праходзіць прызыўная кампанія, «ІР» расказаў начальнік аддзела прызыву на вайсковую службу Баранавіцкага АГВК Аляксандр Барчанкоў. 

– Як праходзіць прызыўная кампанія?

– Усё ідзе як мае быць. Сёлета мы плануем папоўніць шэрагі айчыннага войска на 250 чалавек — гэта жыхары Баранавіч і раёна. А адпраўляць хлопцаў служыць пачнем з 17 лістапада, калі ўсе пройдуць камісіі і суразмову з прадстаўнікамі часцей.

– Дзе служаць баранавіцкія прызыўнікі?

РЕКЛАМА

– Большасць ірвецца служыць у элітных часцях: памежная служба, сілы спецаперацый, часці МУС. І калі маральныя якасці такіх людзей адпавядаюць іх пажаданням, то мы ідзем насустрач і са свайго боку спрыяем адпраўцы ў гэтыя падраздзяленні.

Што датычыцца геаграфіі, то тут амаль уся краіна — Слонім, Гродна, Мінск, Мар’іна Горка, Брэст. Аднак шмат баранавіцкіх хлопцаў служаць у мясцовых часцях — гарнізон у нас вялікі. Ды і часта бацькі прыходзяць і просяць: маўляў, нашаму б служыць бліжэй да дома, і яму, і нам прасцей будзе. Тут таксама можам пайсці насустрач.

А яшчэ ёсць такая катэгорыя – «куды пашлюць, там і паслужу».

19-гадовы Сяргей на прыёме ў отарыналарынголага падчас праходжання прызыўной камісіі.

19-гадовы Сяргей на прыёме ў отарыналарынголага падчас праходжання прызыўной камісіі.

– Што палохае прызыўнікоў у службе?

– Менавіта прызыўнікі ніякіх страхаў не агучваюць, больш панікуюць бацькі: А ці добра карміць будуць? А ці няма «дзедаўшчыны»? А ці не заганяюць там сына фізічна? А ці прыжывецца ён у новым калектыве?

Усіх намагаемся супакоіць і тлумачым, што датычыцца той жа «дзедаўшчыны», шмат чаго перавялічана ці засталося на ўзроўні стэрэатыпаў за савецкім часам. Сёння ў нас штогод адбываецца аптымізацыя колькасці ўзброеных сілаў — войска робіцца менш, і сачыць за вайскоўцамі ідэолагам ўсё прасцей. Дысцыпліна пабудавана жалезная. Канечне, могуць узнікаць нейкія канфлікты на асабістай глебе, але гэта нельга назваць рэгулярнай з’яваю.

А каб звалодаць з праблемамі адаптацыі — новым рэжымам і фізічнымі нагрузкамі, хлопцам звычайна не трэба шмат часу.

– Што карыснага для жыцця хлопец можа вынесці з войска?

– Апускаючы нейкія маральныя якасці — тут усё індывідуальна, можна адзначыць атрыманне новых ведаў. Так, мне вядомы выпадак, калі чалавек у войску атрымаў спецыяльнасць пажарнага і цяпер працягвае працаваць ужо ў МНС. Таксама нашае заканадаўства дазваляе з тэрміновай службы пераходзіць на кантрактную праз шэсць месяцаў. Іншымі словамі, служба робіцца працаю — у часць, дахаты, заробак. Аднак, калі такога вайскоўца звольняць, а ён яшчэ не адпрацаваў два гады, то яму прыйдзецца даслужваць свой тэрмін.

Ды і нават калі хлопец не лічыць службу ў войску карыснай для сябе, то гэта ўсё роўна развязвае яму рукі ў плане будавання кар’еры і жыцця – часта прыходзяць такія, у каго ёсць права на адтэрміноўку але яны імкнуцца служыць, абгрунтоўваючы, што «раней пойдзеш — раней прыйдзеш». Бо, калі малады чалавек не адслужыць, могуць узнікнуць праблемы ў працаўладкаванні. Ды і вечна «бегаць» і «касіць» ад арміі мала ў каго атрымліваецца.

– А шмат такіх, хто «косіць»?

– Безумоўна, ёсць людзі, якія не хочуць служыць – хаваюцца ад ваенкамата, не прыходзяць па позвах. За гэта ў Беларусі прадугледжана крымінальная адказнасць і мы перадаем справы такіх людзей у міліцыю. Ужо органы ўнутраных спраў іх шукаюць і адпраўляюць на суд. Звычайна ўхілісты атрымліваюць вялікія штрафы — да 150 базавых велічынь, могуць «зарабіць» і арышт. Аднак пасля першага суда жаданне ўхіляцца ад войска ў хлопцаў знікае. І хоць вядома, што судзімых у войска не бяруць, у «нашых» артыкулах у Крымінальным кодэксе ёсць нюанс: чалавек, арыштаваны за ўхіленне, пасля адбыцця пакарання абавязаны адслужыць у войску.

– А калі хлопец даглядае хворых бацькоў, але адтэрміноўкі ў яго няма? Такіх таксама забіраеце?

– Для такіх людзей, а таксама для студэнтаў-завочнікаў, маладых спецыялістаў і некаторых іншых існуе служба ў рэзерве. Рэзервістаў забіраюць у войска на 30–40 дзён у год на працягу трох гадоў. Штопрызыў у нас прыблізна 20 месцаў для службы ў рэзерве, а жадаючых — як абітурыентаў у «МГИМО»!

РЕКЛАМА

Кожную заяву разглядае камісія, і калі сямейнае становішча чалавека сапраўды цяжкае ці за прызыўніка хадайнічаюць з яго прадпрыемства, то такія грамадзяне маюць шанс трапіць у рэзерв.

«Калі б выпала адматаць час назад, я ўсё роўна пайшоў бы служыць»

Баранавіцкі хлопец Віталь Турлай сам пайшоў у войска за некалькі месяцаў да 27-годдзя – узросту, пасля якога на тэрміновую службу ўжо не бяруць.

– Я мог бы, канечне, «адкасіць». Вельмі проста – з’ехаць папрацаваць у Расію на пару месяцаў, напрыклад. Але падумаў, хай адбудзецца тое, што павінна – як Бог дасць. Прыйшоў у ваенкамат падчас восеньскага прызыву, але камісія зацягнулася – даабследванні розныя, аналізы… Праз гэта мае дакументы для службы позна аформілі, калі ўжо неабходную колькасць хлопцаў ваенкамат набраў. Але я вырашыў ужо ісці да канца і падчас веснавога прызыву зноў пачаў праходзіць камісію, хоць некаторыя сябры і адгаворвалі, а да 27-годдзя заставалася 3 месяцы. На гэты раз я паспеў прайсці ўсіх дактароў, і мяне адправілі служыць у чыгуначныя войскі ў Слуцк.

Цяпер магу сказаць, што ні аб чым не шкадую – ні аб кінутай працы, ні аб «страчаным» часе. Бо войска – гэта такое месца, дзе табе даецца магчымасць пераасэнсаваць сваё жыццё, можа быць, нават пачаць яго спачатку. Тут я навучыўся разбірацца ў людзях і зразумеў, колькі ў мяне насамрэч сяброў. І нават калі б выпала адматаць час назад, то я ўсё роўна пайшоў бы служыць.


Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up