Автор: Аляксей БЕЛЫ

14:36, 21 октября 2014

Общество

remove_red_eye 78

Пад Баранавічамі абмеркавалі становішча беларускай медыцыны

Грамадскія слуханні аб стане аховы здароўя прайшлі 18 кастрычніка на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Русіно.

Медыцына ў нашай краіне патрабуе кардынальнага рэфармавання. Заробак доктара павінен быць у эквіваленце паўтары –дзве тысячы долараў у месяц, а не тры-чатыры мільёны, як цяпер. Такія меркаванні экспертаў прагучалі падчас грамадскіх слуханняў аб стане аховы здароўя, якія прайшлі 18 кастрычніка на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Русіно.

Экспертамі па пытаннях медыцынскага абслугоўвання перад прысутнымі, якіх было каля 30 чалавек, выступілі Аляксандр Галькевіч, што шмат год адпрацаваў доктарам “хуткай дапамогі” ў Баранавічах, і Іван Шэга – ён таксама прысвяціў медыцыне больш за 30 год і цяпер узначальвае ў Слоніме ўстанову “Шэгамедкансульт”. У абмеркаванні ўзялі ўдзел лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў, першы намеснік руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў і намеснік кіраўніка Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў.

Улада вінавата ў тым, што медыцына ў Беларусі ў такім заняпадзе, – адзначыў у сваім выступленні Аляксандр Галькевіч, які 15 год адпрацаваў тэрапеўтам і 25 – урачом “хуткай дапамогі”. Хворы сам павінен выбіраць сабе доктара, прычым такога, якому ён давярае, але пакуль такой магчымасці няма, лічыць Галькевіч.

РЕКЛАМА

У Расійскай імперыі першы па заробках быў кіраўнік рэгіёна, другі – лекар.

Іван Шэга прапанаваў прысутным цэлую канцэпцыю рэфармавання сістэмы аховы здароўя ў Беларусі. На яго думку, медыцынская галіна мае вельмі вялікую колькасць кіраўнікоў. Між тым людзі скардзяцца на чэргі ў медустановах. А ў Беларусі колькасць дактароў на колькасць насельніцтва – прыкладна як у Францыі, дзе медыцына лічыцца адной з лепшых у свеце. Ну а чэргі таму, што ў паліклініцы больш пішуць, чым непасрэдна кантактуюць з пацыентам. Прычына – не выкарыстоўваюцца электронныя носьбіты інфармацыі. ”Праца доктара не цэніцца належным чынам, – лічыць Іван Шэга. — Дзяржава не дае магчымасці зарабіць лекару на жыццё. У Расійскай імперыі першы па заробках быў кіраўнік рэгіёна, другі – лекар. Таму трэба радыкальнае павелічэнне фінансавання на патрэбы медыцыны. Найперш – на заробкі. І не на 20 адсоткаў, а ў разы – доктар павінен атрымліваць 1,5–2 тысячы долараў у месяц.”

Эксперт лічыць, што медыцына ў нас далёка не перадавая – слабыя і дыягностыка, і лячэнне. Ёсць праблемы, на думку Івана Шэгі, і ў сістэме падрыхтоўкі дактароў – неабходна павялічыць тэрмін інтэрнатуры – часта атрымліваецца так, што ўрачы давучваюцца на хворых.

Урачы давучваюцца на хворых.

Думку, што медабслугоўванне ў Беларусі ў заняпадзе, падтрымаў і Уладзімір Някляеў. ”Усе гавораць, што ў нас усё добра ў медыцыне. Аказваецца, усё добра, пакуль ты сам з гэтым не сутыкнешся«.

Выступаючы ў дыскусіі, жыхарка Баранавіч Галіна Ярашэвіч падкрэсліла, што дактары выштурхоўваюць пацыентаў у платную медыцыну. А там працуюць тыя ж самыя спецыялісты, каб зарабіць на жыццё.

Падчас мерапрыемства неаднаразова канстатавалася адно: медыцыне Беларусі неабходныя рэформы. Найперш – дэцэнтралізацыя, як гэта зроблена ў перадавых краінах Еўропы. І тады, каб патрапіць да добрага доктара, не трэба будзе ехаць у сталіцу. А ідэю рэфармавання медыцыны трэба даносіць да ўлады.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up