Новости / Экономика

Купляйце беларускае: Паміж патрыятызмам і якасцю

12.10.2014, 13:22 / remove_red_eye 140 / chat_bubble

Апошнія гады беларускія ўлады прысвяцілі сябе зацятаму змаганню з галоўнымі ворагамі стабільнасці – карупцыяй і імпартам. Калі барацьба з карупцыяй ідзе так сабе, дык пад сцягамі «Купляйце беларускае» чыноўнікі працягваюць настойліва душыць «варожыя» элементы на айчынных паліцах, штучна стымулюючы насельніцтва аддаваць перавагу родным вытворцам. Каб праверыць вынікі такой палітыкі, журналісты «ІР» прайшліся па баранавіцкіх крамах.

– А вы б на «Ладу» ці на «БМВ» лепш селі? – параўноўвае якасць айчыннай і імпартнай тэхнікі кансультант адной з крамаў горада. – Той жа LG, Samsung — гэта фірмы-лідары ў тэхніцы. У іх і даследванні, і тэхналогіі самыя новыя. Кожны дзень робяць крок наперад. А нашых і не хацелася б лаяць, але я сам бы не купіў беларускае. І кліенты нашыя не вельмі прагнуць — айчыннае хіба што пенсіянеры набываюць ці маладыя сем’і, у якіх грошай пакуль няшмат.

Аналагічныя расповеды і ў кансультантаў іншых крамаў Баранавіч: попыт на айчынную вытворчасць невялікі: у людзей жыве ўпэўненасць, што імпартнае лепш. А якасць беларускай тэхнікі пераўтварае гэтую байку ў рэчаіснасць.

– Людзі прыходзяць і кажуць: «Хочам плазму, але беларускае не прапаноўвайце — пакажыце штосьці нармальнае», – прыводзіць прыклад кансультант, – яны мо і хацелі б нашае купляць, але хочуць якасці. І збольшага іх пазіцыя абгрунтавана.

РЕКЛАМА

Праўда, самі прадаўцы айчыннай тэхнікі абвяргаюць прэтэнзіі да якасці і лічаць, што беларусы могуць не баяцца выдаткоўваць свае грошы больш патрыятычна.

– Нашыя тэлевізары не саступаюць у якасці імпартным, бо запчасткі прадпрыемства ўсё ж закупляе за мяжою. Ды і тэрмін службы ў нашых большы, чым у аналагаў, – упэўнена прадавец-кансультант фірменнай крамы «Горизонт».  

Праўда, справы на гэтым прадпрыемстве-авангардзе імпартазамяшчэння ідуць не вельмі: нядаўна з’явілася інфармацыя, што былы дырэктар проста збег з завода, выканаўшы план па выручцы толькі на 49,4%. Як даведаліся журналісты «ІР», пасада дырэктара на заводзе «Горизонт» дагэтуль застаецца вольнай.

Складаная сітуацыя і ў астатніх галінах імпартазамяшчэння. І гэта нягледзячы на тое, што за 5 мінулых гадоў, па дадзеных Мінгандлю, айчынныя прадпрыемствы паставілі на паліцы крамаў каля 280 тавараў-аналагаў. Але кожны год доля імпартных нехарчовых тавараў на айчынным рынку стабільна павялічваецца. Так, напрыклад, з 2012 года прысутнасць замежных тэлевізараў на беларускіх паліцах узрасла з 56,4% да 87,3%. Аналагічны рост дэманструюць будаўнічыя матэрыялы — з 36,3% у 2012 да 47,8% у першай палове 2014-га, ды і верхняя вопратка падскочыла з 36,1% у 2012 да 49,8% у першым паўгоддзі 2014-га.

Адзіная галіна, дзе беларускім таварам атрымалася крыху панізіць долю імпартных, дык гэта фармацэўтыка — там за два гады адсотак замежных аналагаў упаў амаль на два пункты і цяпер складае 72,9%. Праўда, нават такога нязначнага спаду беларускія ўлады дамагліся праз адміністратыўны ціск — улетку гэтага года Мінздраў «параіў» уласнікам аптэк закупляць прадукцыю беларускай вытворчасці для «рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку айчынных вытворцаў медыцынскіх вырабаў».

Трэба адзначыць, што штучныя захады па абароне беларускіх прадпрыемстваў ад больш канкурэнтных замежнікаў улады праводзяць ледзь не штомесяц. Так, у чэрвені гэтага года прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч настойваў на забеспячэнні асартыменту крамаў айчыннымі і імпартнымі прадуктамі ў адносінах 85:15 адпаведна. На гэтым мерапрыемствы па выратаванні беларускіх вытворцаў не скончыліся і ўлады прынялі так званы Указ №361, які паставіў у складаны стан мноства імпарцёраў.

Сутнасць Указа №361 зводзіцца да таго, што цяпер пастаўшчыкі фактычна двойчы павінны заплаціць ПДВ (падатак на дабаўленую вартасць) — першы раз пры ўвозе тавару ў дзяржаву, а другі раз падчас выплаты падаткаў. Пры гэтым першы плацёж вяртаецца імпарцёрам толькі праз тры месяцы пасля ўвозу тавару — такім чынам, дзяржава мае магчымасць распараджацца чужымі грашыма цягам 90 дзён.

На такія дзеянні ўладаў абурана адрэагавалі прадстаўнікі аўтамабільнага рынку, чые сродкі ў памерах мільёнаў долараў часова адышлі пад кантроль дзяржавы.

– Нам знешнія санкцыі і не патрэбны. Сваіх досыць. Эфект ад такіх рашэнняў ужо адбіваецца на папаўненні бюджэту ад гаспадарчай дзейнасці у дадзенай галіне. І гэтага эфекту ўжо дастаткова, каб за чатыры месяцы да канца бягучага года ўбачыць заняпад продажаў (прыбыткаў) дылераў — айчынных падаткаплацельшчыкаў на 15-20%, – напісаў у інтэрнэт-блогу сябра праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Варывода.

Па рэакцыі беларускіх дзелавых колаў бачна, што пратэкцыянізм Урада не з’яўляецца панацэяй ад імпартнай залежнасці краіны. Да тых часоў, пакуль у РБ не будзе створана ўмоваў для нармальнага развіцця сярэдняга бізнесу, чакаць памяншэння долі імпартных тавараў наўрад ці прыходзіцца. 

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up