Автор: Арцём ГАРБАЦЭВІЧ

0:51, 20 сентября 2014

Общество

remove_red_eye 166

Перапетыі і «перапіціі» сямейнай драмы

Да “ІР” звярнуўся жыхар горада і папрасіў дапамагчы знаёмаму, які апынуўся “на вуліцы” пры наяўнасці ўласнай кватэры: маўляў, мужчыну выгнала з хаты ўласная дачка і таму ён вымушаны жыць у падвале.

– Праходзьце, зараз святло ўключу, – вымушаны бомж Аляксандр укручвае лямпачку глыбей у патрон, які звісае з падвальнай столі, – вось так і жывем, ужо шэсць месяцаў…

Плошча “пакоя” небаракі – прыблізна метр на два. Пад паліцамі са слоікамі, на падлозе, накідана вопратка, якая служыць адразу і ложкам, і коўдрай, і месцам харчавання. З нейкай шуфляды тырчыць зялёная бутэлька “плодово-ягодного”.

– Так апусцілі мяне, што крыху выпіваю, – апраўдваецца мужчына, – нават у дзіцячы садок вартаўніком не магу ўладкавацца – там жа персанал інтэлігентны, а я няголены – сорамна.

РЕКЛАМА

Мужчына радуецца візіту журналістаў і пачынае паглыбляцца ў гісторыю свайго няшчасця.

– Уяўляеце, дачка з кватэры выгнала! – пакрыўджана кажа Аляксандр. – Заходжу ў хату, а яна мяне за ганак выштурхоўвае, кажа: ты сюды больш не ўвойдзеш, я жыць хачу! Дык а мне што, памерці?

Са словаў мужчыны, за сваё жыццё ён яе ніколі не крыўдзіў і не можа зразумець, чым заслужыў такі абыход: усе заробленыя капейкі аддаваў сямейным і нават аплаціў дачцэ адукацыю. Тая ж у падзяку не адчыняе дзверы роднаму бацьку і не аддае яго прылады, якімі той мог бы зарабляць грошы. З кватэры пры гэтым ён не выпісаны і па-ранейшаму з’яўляецца законным уласнікам.

– Я тут палове раёна дзверы ставіў! Мяне ўсе ведаюць! І дачку сваю ўладкаваў на працу, калі тая свае ўніверсітэты скончыла, – эмацыйна распавядае Аляксандр.

Аднак цяпер мужчына вымушаны жыць за прададзеныя ягады і грыбы, а ваду набіраць у царкоўнай калонцы.

– Сёння 35 тысяч зарабіў, прадаўшы грыбы, купіў крыху зельца, – Аляксандр ківае на пакет у глыбіні сваіх “апартаментаў”, – спадзяюся з’есці, пакуль пацукі пранюхаюць.

Іншага прыбытку, акрамя гандлю прыроднымі дарамі, у мужчыны няма: да пенсіі яшчэ год, а з былога месца працы нібыта сам сышоў – праўда, не тлумачыць чаму.

– У мяне ж і жонка ёсць, і ўнук, – настальгічна ўзгадвае Аляксандр, – ды толькі яны пад уплыў дачкі патрапілі ды таксама са мною знацца не хочуць.

Са словаў мужчыны, два гады таму яго дачка вярнулася з універсітэта, першы час здымала кватэру разам з малалетнім сынам, а потым пераехала да бацькі і неўзабаве выгнала яго.

– Я і ў міліцыю звяртаўся, ды плёну – нуль, – сумна ўзгадвае суразмоўца, – у кватэру не пускае і замкі мяняе. Судзіўся з ёю ды заўсёды вінаватым аказваўся – на «сутках» сядзеў, штрафы плаціў.

Паводле яго словаў, абышліся з ім несправядліва і закон дапамагчы не можа – усім пляваць. Журналісты, на яго думку, адзіныя хаўруснікі і выратавальнікі.

«У нас кожны месяц было па два пажары»

Пасля аповеду Аляксандра аб лютай дачцэ журналісты з ёю сустрэліся.

– Давайце пройдзем у кватэру, – карэспандэнт застаў Алену (імя зменена) на вуліцы, і тая паклікала да сябе, – я вам усё пакажу, каб вы разумелі.

Разам з ёю ідзе 7-гадовы сын, які чуе размову  пра дзеда і пачынае ў ліфце ўслых разважаць аб лёсе продка.

– Дзед моцна піў, нам без яго добра, – нібыта пра сябе кажа малы і цікавіцца, – а вы чаму пытаецеся? Ён нам ледзь кватэру не спаліў!

Жанчына абгрунтоўвае словы сына, паказваючы на голыя сцены кухні.

РЕКЛАМА

– Бачыце? У нас кожны месяц было па два пажары ў кватэры – цудам паспявалі патушыць, – дрыжачым голасам распавядае Алена. – Бацька штосьці пачынаў гатаваць, а потым засынаў у іншым пакоі. Вось сцены яшчэ дагэтуль не абклеілі.

Са словаў жанчыны, жыццё ў кватэры было невыносным – бацька моцна піў, часта запрашаючы ў кватэру сваіх сяброў па бутэльцы.

– Вы ўяўвіце сабе, што забіраеце дзіця са школы і прыходзіце ў кватэру, а тут паўсюль гразь, недакуркі, знаёмыя твары «з-пад крамы» за дзіцячым сталом сядзяць, – узгадвае жанчына. – Сыну даводзілася на ложак залазіць апранутаму і чакаць, пакуль я падлогу з хлёркай павымываю.

На словы аб нібыта схаваных у кватэры прыладах бацькі Алена рэагуе з гумарам.

– Якія яшчэ прылады? Гэта ён вам сказаў? Супакойцеся! – смяецца жанчына і тут жа змяняецца ў твары. – Ён нават ровар майго сына прадаў, не кажу ўжо аб прыладах…

Паліцы шафаў у кватэры пустыя. Алена кажа, што яна і сын дагэтуль не пазбавіліся звычкі хаваць рэчы па сумках, пасля таго, як ад іх сышоў бацька. У тым, што ён менавіта сышоў, і ніяк інакш, жанчына запэўнівае:

– Колькі ў нас судоў было! Як толькі мы з гэтым чалавекам ні змагаліся! У апошні раз суд вынес рашэнне змясціць яго ў ЛТП – тут ён і знік.

Шматпакутная жанчына тлумачыць, што «лавілі» яго некалькі міліцыянтаў, прасілі нават тэлефанаваць, калі ёй будзе вядома аб яго месцазнаходжанні.

 А потым на паштовую скрыню сталі прыходзіць штрафы – то за крадзёж гарэлкі ў магазіне, то за п’яную бойку. Аб пахаджэннях свайго бацькі яна можа судзіць па такім «летапісе» штрафаў.

– Калі я ў школе вучылася, то нават на выпускны альбом фатаграфавацца не стала: твар быў у сіняках, – прыгадвае жанчына. – А цяпер што? Хай гэта пройдзе і мой сын? Не, я не хачу, каб маё дзіця расло ва ўмовах п’янага тэрору.

Як кажа жанчына, заблытаную сітуацыю спрабавалі вырашыць мірна, аднак не атрымалася:

– Мая маці з уласных накапленняў прапаноўвала яму купіць куток у горадзе ці нават дом у ваколіцах Баранавіч. Аднак ён адмовіўся. А чаму? Дык за жыллём жа трэба сачыць! А гэта – адказнасць. Тут ужо ніхто табе не нагатуе і брудную вопратку не памые, і пажар своечасова не патушыць. Я лічу, што яго ў жыцці ўсё задавальняе, а зварот да журналістаў – фарс, каб лішні раз сапсаваць кроў сваякам. Яму ж не 90 гадоў, а 59 – пры жаданні, можна было б і працаваць, і зарабляць.

Аднак ён нават не прыйшоў і не папрасіў прабачэння за ўсе свае выхадкі. Ці варты ён спачування? Я думаю, не. Чалавек сам давёў сябе да такога стану, і замест скаргаў можна было б выпраўляцца, але ён гэта яшчэ не зразумеў. Можа, не зразумее ўжо ніколі.

Хутчэй збег, чым выгналі

На тым участку, дзе знаходзіцца дом Аляксандра, сталага ўчастковага няма: не хапае супрацоўнікаў. Таму тут па чарзе працуюць розныя міліцыянеры, аднак амаль усе яны добра ведаюць гэтую сям’ю.

– З чалавекам, аб якім вы кажаце, мы сустракаліся досыць часта. Аднак аб нейкіх там спробах вярнуцца ў кватэру я, шчыра кажучы,  чую ў першы раз. Аляксандр – буйны алкаголік, якога даводзілася ізаляваць на «суткі». Ён сямейны тэрарыст – «даводзіў» родных праз прагу да алкаголю, – расказаў «ІР» участковы Сяргей Лешык.

З калегам салідарны  і ўчастковы Сяргей Верабей, які часта прыязджаў на выклікі.

– Я лічу, што хутчэй Аляксандр сам збег з хаты, каб не патрапіць у ЛТП, а не хтосьці прымусова выгнаў яго. Ніякіх скаргаў такога кшталту не было, – сказаў журналістам міліцыянер.

Што рабіць, калі вы апынуліся ва ўмовах хатняга тэрору?  

Псіхолаг Баранавіцкага псіханеўралагічнага дыспансера Наталля Калеснікава:

– Большасць людзей, якія пакутуюць ад сямейных тыранаў, баяцца аб гэтым гаварыць. Аднак гэта няправільна: калі спачатку гвалтаўнік яшчэ адчувае нейкую віну, то з цягам часу сітуацыя толькі пагоршыцца і ён нават не будзе прасіць прабачэння. Таму трэба дакладна вызначыць,  што з вамі рабіць нельга: абражаць, біць, забіраць грошы. Калі гэтыя межы пераходзяцца, варта адразу звяртацца ў міліцыю і медыцынскія ўстановы, да псіхолагаў. Галоўнае, гэта не трываць і не дазваляць сябе прыніжаць. Калі вы не будзеце клапаціцца аб сваёй бяспецы самі, то за вас гэта не зробіць ніхто!


Каментарый спецыяліста

Сяргей Зікрацкі, юрыст:

– Кіруючыся п.1 арт. 85 Жыллёвага кодэкса РБ, чалавека можна прымусова выселіць з кватэры, калі той цягам года тройчы парушае правілы карыстання жыллём і на яго за гэта складаюцца пратаколы. Пры гэтым паняцце «год» значыць роўна 365 сутак з моманту першага «залёту». Пры высяленні не мае значэння, з’яўляецца гэты чалавек уласнікам жылля ці проста прапісаным.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up