Новости / Культура

У Баранавічах адбыўся чарговы буккросінг

15.09.2014, 13:01 / remove_red_eye 128 / chat_bubble

Падчас мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня бібліятэк, усе жадаючыя маглі абмяняцца кнігамі.

У мінулую нядзелю, 14 верасня, у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Валянціна Таўлая прайшло некалькі мерапрыемстваў: буккросінг, віктарына, паседжанне клуба А-DWA, тэставанне для жадаючых па англійскай і нямецкай мове…

Мерапрыемствы былі прымеркаваныя да Дня бібліятэк, які адзначаецца ў нашай краіне 15 верасня. Паўдзельнічаць у буккросінгу наведвальнікі ўстановы маглі ўжо а дванаццатай гадзіне дня. Усе жадаючыя маглі прыйсці ў бібліятэку, адабраць у спецыяльна сабраным фондзе кнігі на свой густ і тыя, што зацікавілі, узяць пачытаць. Гэтыя кнігі не трэба запісваць у фармуляр, іх нават неабавязкова вяртаць назад – можна пакінуць дзе-небудзь у грамадскім месцы: у паліклініцы, цырульні, навучальнай установе, тэлефоннай будцы… Вядома ж, вы можаце прынесці падчас акцыі ў бібліятэку кніжкі са сваёй бібліятэкі, якія вам ужо не патрэбныя, і пакінуць іх у фондзе – раптам яны зацікавяць кагосьці з наведвальнікаў. Невыпадкова дэвіз тых, хто арганізоўвае і ўдзельнічае ў буккросінгу – “Бяры, што хочаш, прынясі, што можаш!”

Адкуль жа бярэцца літаратура для фондаў буккросінгу? Зборам яе ў насельніцтва займаюцца валанцёры. Яны расклейваюць улёткі, даюць інфармацыю ў інтэрнэце, абвесткі на радыё. Сярод іх студэнты, навучэнцы каледжаў і школьнікі старэйшых класаў: Юрый Дрозд, Яўген Гусеў, Елізавета Копцюх, Наста Марусава. Кіраўніком і арганізатарам праекта з’яўляецца Уладзімір Кексін. Вядома ж, актыўныя ўдзельнікі такіх мерапрыемстваў і работнікі бібліятэкі. Яны таксама выдзяляюць для мерапрыемстваў кнігі з фондаў (тыя, якіх шмат, якія паступаюць з бібліятэк, што закрыліся, і г.д.), супрацоўнікі ўдзельнічаюць у правядзенні такіх акцый.

РЕКЛАМА

Як расказала супрацоўніца ўстановы Вікторыя Ермаленка, галоўная мэта такіх мерапрыемстваў – папулярызацыя літаратуры. І асноўны крытэрый у гэтым – цікавасць да кнігі, жаданне яе прачытаць.

Літаратурная віктарына, якая праводзілася ў гэты дзень сярод наведвальнікаў бібліятэкі, прадугледжвала ў залежнасці ад складанасці пытанняў і паўнаты адказаў і прызы – кубак кавы, гадзіну бясплатнага карыстання Інтэрнэтам, дадатковы тыдзень чытання кніжкі…

А яшчэ ў гэты дзень была сустрэча чытачоў з прадстаўнікамі клуба А-DWA, якія расказалі, як з дапамогай розных тэхнік, напрыклад, ёгі, чалавек займаецца самаўдасканаленнем, як гэта спрыяе самарэалізацыі.

Трэба адзначыць, што кнігі, выкладзеныя ў гэты дзень у бібліятэцы на сталах, вельмі цікавыя і аўтары іх добра вядомыя: Баляслаў Прус, Віктор Гюго, Васіль Быкаў, Ірвінг Стоўн, Антуан дэ Сэнт-Экзюперы… Так што ўдзельнічаць у такіх акцыях варта.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up