Баранавіцкі краязнаўчы музей папаўняецца новымі экспанатамі
Гэта стала магчыма дзякуючы рэалізацыі ў краіне праграмы “Культура Беларусі”. Сродкі на рэалізацыю праекта выдзяляюцца з гарадскога бюджэту. У гэтым годзе на набыццё экспанатаў выдзелена пяць мільёнаў рублёў.
Як расказала старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Сайко, дзеля таго, каб знайсці нешта цікавае і патрэбнае для музея, супрацоўнікі наведваюць антыкварныя лаўкі, сустракаюцца з жыхарамі рэгіёна. Трэба сказаць, час ад часу трапляюць адметныя рэчы, якім месца менавіта ў музеі. Гэта дакументы, паштоўкі, фатаграфіі. У сувязі са стагоддзем пачатку Першае сусветнае вайны, вялікая ўвага надаецца гэтаму перыяду. Пры гэтым музейшчыкаў цікавіць не толькі гісторыя Расейскай імперыі, а і другога боку канфлікту. Пра гэта ў музеі матэрыялаў менш. А між тым немцы падчас акупацыі рабілі шмат фотаздымкаў і друкавалі нямала паштовак. Адну з такіх і набыў нядаўна наш музей. Там – від на крэпасць Гродна 1915–1916 гадоў. Гэта не зусім наш рэгіён, але на мосце – абоз бежанцаў, што ў тыя часы было ўласціва і нашаму раёну.
Набыў музей і некалькі фотаздымкаў часоў Другой сусветнай вайны, сярод якіх “Пераход нямецкіх войскаў па пантонным мосце праз Днепр у 1941 годзе”, “Немцы ў акопах пад Ельняй”. Сярод новых экспанатаў – пашпарты, якія выдаваліся нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў часы Першае і Другое сусветных войнаў, талерачныя вагі 1894 года вырабу, газніцы.
Купленыя для музея і калекцыі марак савецкага часу з тэматыкай космасу, мастацтва, а таксама чэшскай біжутэрыі, якую выкарыстоўвалі нашы жанчыны ў 70-я гады мінулага стагоддзя.
Набыццё і належнае афармленне экспанатаў, па словах Ірыны Сайко, патрабуюць шмат часу і ўвагі. А ў недалёкай перспектыве – збор матэрыялаў для пашырэння экспазіцыі, якая тычыцца 1921–1939 гадоў. Па словах Ірыны Мікалаеўны, бывае і так, што грамадзяне самі прапануюць аддаць нешта са сваіх рэчаў музею. Жыхарка Баранавіч Вера Васілеўская (у дзявоцтве Міхасюк), перадала музею свой сямейны архіў з рэдкімі фотаздымкамі адкрыцця канала ў раёне ракі Шчара, дзе яе бацька быў інжынерам, а таксама здымкі бацькоўскага дома на вуліцы Нарутовіча (цяпер Камсамольская) у трыццатыя гады, фота яе суродзіча ў форме польскага харцара ў тыя ж часы.
Як расказвае Ірына Сайко, здараецца, што цікавыя экспанаты “мінаюць музей”. Чалавек прыносіць цікавую рэч і хацеў бы адразу атрымаць грошы. А для афармлення і выплаты трэба пэўны час. І добра, калі візітант пагаджаецца пачакаць…
Праграма “Культура Беларусі”, якая, дарэчы, тычыцца не толькі музеяў, а і бібліятэк, іншых культурніцкіх устаноў, пачала дзейнічаць у 2011-м і працягнецца да 2015 года.