Автор: Руслан Равяка

10:47, 1 сентября 2014

Общество

remove_red_eye 109

75 год таму пачалася Другая сусветная вайна

З першых дзён у ёй прымалі ўдзел беларусы, але пра гэта дасюль амаль не згадваецца.

У жніўні 1939 года палітычная сітуацыя ў свеце была вельмі напружанай. Фашысцкая Германія, беспакарана адхапіўшы частку Чэхаславакіі і правёўшы інкарпарацыю Аўстрыі, пачала патрабаваць ад Польшчы частку зямель для злучэння з Прусіяй (якая была анклавам).

Адчуваючы набліжэнне вайны, Польшча абвесціла мабілізацыю. У Войска Польскае тады патрапіла каля 70 тысяч беларусаў. Большая частка польскага войска была перапраўлена да нямецкай граніцы. Таму напад Нямеччыны не быў нечаканым.

 

РЕКЛАМА

Перадваенная сітуацыя

Перадваенная сітуацыя

З 1 верасня пачаліся зацятыя баі. Нямецкая армія была значна мацнейшай, мела больш сучасныя танкі і самалёты. Саюзнікі Польшчы – Англія і Францыя – абвесцілі Германіі вайну, але баявых дзеянняў практычна не пачыналі.

Удар па Польшчы з трох напрамкаў – Нямеччыны, Прусіі і Чэхаславакіі – пагражаў палякам акружэннем. Каб гэтага пазбегнуць, польскае войска пачало адыход за рэку Вісла, мяркуючы там зладзіць моцную абарону.

Некалькі частак патрапілі ў акружэнне ў Гдыні, дзе на Вастэрплята трымалі сямідзённую абарону. Дарэчы, там ваяваў і пасля патрапіў у палон вядомы беларускі пісьменнік Янка Брыль.

Шмат беларусаў прымалі ўдзел у абароне Варшавы, якая працягвалася з 8 па 28 верасня.

Немцам у верасні 1939 года давялося браць штурмам Брэсцкую крэпасць, дзе служылі збольшага мясцовыя рэзервісты. Крывавыя баі адбываліся каля Кобрына. Заходнебеларускія гарады спазналі бамбаванне. Баранавічы бамбілі 15 верасня 1939 года – была пашкоджана чыгуначная станцыя, згарэлі два цягнікі. Пры атацы на нашу радыёстанцыю з-за агню супрацьпаветранай абароны быў пашкоджаны нямецкі самалёт, у якім загінуў радыст.

Польскія ўлады не ведалі, што СССР і Нямеччына падпісалі ў жніўні 1939 годы пакт Молатава і Рыбэнтропа, згодна з якім іх краіна была падзелена. 17 верасня Чырвоная армія ўдарыла ў спіну Польшчы і пачала вызваленчы паход, тлумачачы тое патрэбай дапамогі беларускаму і ўкраінскаму народу, што знаходзіліся пад польскім гнётам.

Змагацца на два фронты польскай арміі не было сэнсу. Саюзнікі Польшчы, акрамя словаў асуджэння агрэсараў, яе не падтрымлівалі. Частка польскага войска з баямі прарвалася ў Румынію, дзе склала зброю, а частка патрапіла ў савецкі і нямецкі палон.

Дзякуючы савецкай і нямецкай прапагандзе дасюль існуе думка, што палякі мелі састарэлае войска. Ёсць нават нямецкі ролік, дзе польскія кавалерысты ляцяць на нямецкія танкі і гінуць пад іх агнём. На самой справе тады польскія ўланы наскочылі на нямецкіх пехацінцаў і шаблямі высеклі амаль полк фашыстаў. Падчас пераследу ўцякаючых раптам з лесу выехалі нямецкія танкі. Вось гэты эпізод і запісаў нямецкі кінажурналіст.

Немцы падчас кампаніі згубілі больш за тысячу танкаў і бронемашын (30% ад агульнай колькасці), больш за 700 самалётаў (32% ад агульнай колькасці). Каля 60 тысяч нямецкіх салдат было забіта ці паранена. Чырвоная армія згубіла больш за 3000 забітымі і параненымі. Войска Польскае страціла ў верасні каля 70 тысяч чалавек забітымі, 150 тысяч параненымі. У палоне нямецкім і савецкім апынулася па 400 тысяч чалавек.

Калі параўнаць, за колькі дзён пасля здалася больш моцная Францыя і колькі тэрыторыі захапілі фашысты за месяц баёў з СССР, дык баяздольнасць польскага войска выглядае не такой ужо і кепскай.

Дарэчы, славуты польскі генерал Андэрс у размове са Сталіным адзначыў, што беларусы ў вераснёўскай кампаніі праявілі сябе як вельмі добрыя салдаты.

Аднак удзельнікі тых падзеяў доўгі час заставаліся незаслужана забытымі. У СССР яны не мелі статусу ветэранаў вайны і ніяк не былі адзначаны. Толькі пасля падзення камуністычнага рэжыму ў Польшчы, у 1991 годзе, ветэранаў той вайны, якія засталіся жывымі, знаходзілі польскія дыпламаты ды афармлялі польскую ветэранскую пенсію. Былых жаўнераў ўзнагароджвалі медалём «За ўдзел у абарончай вайне 1939 года». Для многіх гэта была адзіная ўзнагарода з той вайны.

РЕКЛАМА

Читать также

Поможем Александру жить!

6 часов назад remove_red_eye 2009
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up