Адзіны беларускамоўны клас у Баранавічах можа знікнуць
Гарадскія чыноўнікі лічаць немэтазгодным падтрымліваць беларускамоўнае навучанне дзеля некалькіх зацікаўленых вучняў і раяць бацькам шукаць аднадумцаў.
Сёлета тры вучаніцы адзінага беларускамоўнага класа ў Баранавічах, які ў 2010 годзе быў створаны ў СШ №14, скончылі пачатковую школу і разышліся па розных гімназіях. Яны хацелі б працягваць беларускамоўнае навучанне, але беларускамоўных класаў у гімназіях няма. Маці адной з беларускамоўных вучаніц Таццяна Малашчанка звярнулася ў гарвыканкам з просьбаю стварыць такі клас. Але ёй прыйшоў несуцяшальны адказ: беларускамоўны клас будзе створаны, калі не менш за 24 вучні і іх бацькі дадуць пісьмовую згоду на вывучэнне ўсіх прадметаў па-беларуску.
Таццяна Малашчанка перакананая, што беларускамоўнае навучанне – гарантаванае Канстытуцыяй права, якое павінна забяспечыць дзяржава яе дачцэ.
Атрымаць тлумачэнні ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама «IP» не атрымалася, бо кіраўнікі аддзела знаходзяцца ў адпачынку. А вось у Міністэрстве адукацыі падтрымалі Таццяну Малашчанку.
– Калі бацькі хочуць вучыць сваё дзіця па-беларуску – гэта іх права. І мясцовая ўлада абавязкова павінна забяспечыць гэта права, нават для аднаго вучня ў класе, – паведаміла «IP» начальнік упраўлення агульнай і сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана Уклейка.
Чамусьці баранавіцкія чыноўнікі ў адказе такую магчымасць не разглядаюць і прапаноўваюць чакаць канца жніўня, калі адбудуцца бацькоўскія сходы, на якіх і вырашыцца пытанне мовы навучання класаў.
На расейскамоўную адукацыю сям’я Малашчанкаў не пагаджаецца ўжо цяпер, нават разглядае магчымасць працягваць навучанне самастойна, па-за школаю.
– Я ўжо прапаноўвала сваёй Ясі вучыцца па-расейску, але яна сама не хоча. Гэта ўжо даволі дарослы і вольны чалавек, – распавяла Таццяна Малашчанка.
Пакуль Малашчанкі канчаткова не вырашылі, што рабіць. У бацькоў іншых дзяўчынак імпэту яшчэ менш.
– Нашай Вераніцы трэба больш камунікаваць. Яна хоча, каб у яе быў вялікі клас і ў ім было шмат сябровак. А па-беларуску мы размаўлялі і будзем размаўляць у сям’і, – распавяла «IP» Ірына Міхальчук, дачка якой вучылася ў беларускамоўным класе.
На думку Таццяны Малашчанкі, сваімі захадамі баранавіцкія чыноўнікі спрыяюць выцясненню беларускай мовы з нашага жыцця.
– Якая будзе пазіцыя большасці нашых людзей, мне ясна ўжо цяпер. Я бачыла адну жанчыну, якая ажно падскочыла ад радасці, калі пачула, што гісторыя Беларусі яе дзіцяці будзе выкладацца па-расейску, – распавяла «IP» Таццяна Малашчанка. – Балюча бачыць, што нашы чыноўнікі не хочуць адміністрацыйна падтрымаць беларускамоўнае навучанне, як гэта робяць, напрыклад, у Бераставіцкім раёне Гарадзенскай вобласці. Там у школах бацькоў ставяць перад фактам, што адзін клас з паралелі абавязкова будзе беларускамоўны, – рэзюмавала Таццяна Малашчанка.
Комментарии
Правила комментирования
Оставить комментарий