Автор: Арцём ГАРБАЦЭВІЧ

11:12, 10 августа 2014

Политика

remove_red_eye 113

«У нас вайна ідзе, а ўсё ў два разы танней!»

Матэрыял з назваю «Беларуска са Славянска: Кожную хвіліну баяліся за сябе» – быў надрукаваны ў «ІР» 9 ліпеня. Праз некаторы час у рэдакцыю патэлефанавала жанчына, якая прадставілася жыхаркаю Луганска Аленаю, што госціць у Баранавічах. Яна запэўнівала, нібыта інфармацыя ў вышэйзгаданым матэрыяле не праўдзівая, і абяцала пры сустрэчы расказаць усё, «як ёсць». Выключна з імкнення паказаць розныя кропкі гледжання, прыводзім фрагменты размовы з Аленаю.

–  Раскажыце пра сябе. Як апынуліся ў Баранавічах?

– Я жыла ў Луганску, працавала апошнім часам хатняй гаспадыняю, так скажам. Муж родам з Баранавіч, але цяпер працуе ў Расіі. Месяц таму з-за баявых дзеянняў прыехала ў Беларусь у госці да бацькоў мужа.

–  Дык вы ўкраінка?

РЕКЛАМА

 – Грамадзянства ўкраінскае, але ў родзе ў мяне і палякі, і балгары…  Таму скажу, што я славянка, бо такой генетычнай нацыянальнасці, як украінцы, няма – ёсць маларосы. Калі вы не ведалі, то самому тэрміну «Украіна» 150 гадоў, а мове і таго меней – 100 гадоў. Тарас Шэўчэнка, напрыклад, пісаў на рускай мове ўкраінскім говарам.

–  Вы такіх тэзісаў нахапаліся з расійскай прапаганды?

– Гэта брахня, што ў нас толькі расійскія каналы паказвалі! Талеркі ўсё роўна не адключыш, таму глядзелі і ўкраінскія. Толькі калі апалчэнцы горад захапілі, то яны пусцілі па мясцовым канале «Расію». Там, у адрозненне ад украінскіх каналаў, не казалі, што горад бамбяць апалчэнцы ў той момант, калі гэта рабіла нацгвардыя! Таму якая яшчэ прапаганда?!

–  То бок вы лічыце, што выдаваць кадры з фільма «Брэсцкая крэпасць», дзе дзіця плача каля загінуўшых бацькоў, за падзеі з Данбаса – гэта не прапаганда? Ці зноў жа вядомы выпадак, калі аператыўнае відэа з Чачні ў эфіры расійскіх каналаў пераўтваралася ў «рэпартаж з месца падзей» ва Украіне.

– Мне аб такіх фактах невядома. Яшчэ і журналісты розныя бываюць – можа, каму лянота зрабіць нармальна.

–  Раскажыце, як у вас пачынаўся пратэстны рух?

– Пасля кожнай «ружовай рэвалюцыі» перастаюць працаваць нашы прадпрыемствы. Я не разумею, напрыклад, калі Украіна не хоча ў Мытны звяз – мы ж на Расію працуем збольшага. Харкаўскі маторны завод той жа, Луганскі цеплавозабудаўнічы. Мы хацелі, каб наконт асацыяцыі з ЕЗ правялі рэферэндум, а ўлады ўсё зрабілі самі. І яшчэ гэтыя законы супраць расійскай мовы… Калі ім там на Захадзе трэба, то хай там і размаўляюць. І герояў сваіх фашысцкіх, кшталту Бандэры, хай не навязваюць.

–  А вы ведаеце, што Сцяпан Бандэра амаль усю Айчынную вайну правёў у нямецкай турме, а Нюрнберскі трыбунал не прызнаў ОУН-УПА вайсковымі злачынцамі?

– Не ведаю я, аб чым вы кажаце. Бандэраўцы – памагатыя фашыстаў. У нас свае героі Другой сусветнай вайны.

–  Такой жа пазіцыі прытрымліваюцца і баевікі-грамадзяне РФ, кшталту «Бесаў» і «Матарол»…

– Вось хто вам сказаў, што яны рускія? Яны ўкраінцы. Калі хтосьці гаворыць на рускай мове, гэта яшчэ не значыць, што ён рускі.

–  То бок рускія на Данбасе не ваююць?

– Можа, дзесьці і ваююць, але гэта разавыя выпадкі. І чачэнаў не было, прынамсі пакуль я жыла ў Луганску. А будынкі, наколькі мне вядома, захоплівалі былыя афганцы – мясцовыя жыхары. Яшчэ чула, што тых жаўнераў украінскага войска – маладых хлопцаў, якія не захацелі ваяваць супраць рушэння, вывозілі ў поле і расстрэльвалі.

–  А хто расстрэльваў? Правы сектар?

– А хто яго ведае. Мне знаёмы казаў, што той жа сябра Правага сектара, які-небудзь сапляк 20-гадовы, якога паставілі на блокпост ва Усходняй Украіне, можа расстраляць мясцовага міліцыянта і нічога яму за гэта не будзе. Адмарозкі сапраўдныя.

–  Як вам у Беларусі?

– Я рада, што больш не чуваць стральбы. Аднак коштамі вашымі я шакавана: у нас вайна ідзе, а ўсё ў два разы танней! У Баранавічах ялавічына даражэй, чым у Маскве! Вось каб уступілі ў Мытны звяз, то мы б вас таннымі памідорамі завалілі, бо ў нас яны капейкі каштуюць. Было б як раней, у Саюзе.

РЕКЛАМА

–  У Саюзе? Пад камуністамі Украіна перажыла некалькі галадамораў, у якіх загінулі мільёны ўкраінцаў.

– Якія галадаморы? Не смяшыце, іх не было.

– Нагадаю, што шэраг краін прызнаў галадамор 1932–1933 года генацыдам украінскага народа…

– Хм, ведаеце, я штосьці памятаю. Бабуля неяк расказвала, як яны з голаду пухлі. Але мяркую, што галадаморам гэта назваць ну ніяк нельга.

– А планы на будучыню ў вас якія?

– Яшчэ трохі тут пабуду ды паеду назад. Аднак, калі вайна будзе працягвацца, то, верагодней за ўсё, пераеду ў Расію. Усё ж там муж і школьная праграма больш супадае з украінскай – неўзабаве восень і дзіцяці трэба ісці ў школу.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up